ПАРАФІЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОІЦЫ Ў ГЕРВЯТАХ » НАЙСВЯЦЕЙШАЯ ТРОІЦА

Вера ў адзінага Бога ў Трох Асобах адрознівае хрысціянства ад іншых рэлігій свету. Гэта таямніца і адна з галоўных праўдаў нашай веры. Але мы ніколі не зможам пазнаць яе да канца, можна толькі наблізіцца да яе, апісваючы звычайна з дапамогаю метафар. Гэта адна з тых таямніцаў, перад якой хочацца хутчэй стаць на калені, чым казаць пра яе. Адараваць, а не тлумачыць.

 

 

“Калі,  аднак,  кажам, – гаворыць св. Аўгустын, – то не для таго, каб аб Найсвяцейшай Тройцы штосьці сказаць, але каб аб Ёй не маўчаць. Бо хрысціянін не можа аб Найсвяцейшай Тройцы маўчаць. Павінен ён спачатку праслаўляць Бога за адкрыццё гэтай праўды, таму што Святая Тройца не была выдумана намі, хрысціянамі, але была нам адкрыта”. Сапраўды, наш розум абмежаваны і мы не змаглі б самі дайсці да адкрыцця гэтай праўды. Толькі дзякуючы таму, што Бог сам захацеў нам яе адкрыць, мы сёння можам гаварыць аб Богу як аб адзінай і непадзельнай Найсвяцейшай Тройцы. Адкрыў нам гэта Езус Хрыстус, і мы можам знайсці шмат месцаў у Святым Пісанні, дзе Ён выказваецца аб Богу Айцу і аб Святым Духу як аб Асобах і адначасова кажа аб надзвычайнай сувязі паміж Ім, Айцом і Духам Святым. Асаблівым чынам Святая Тройца аб’яўляецца ў моманце Хросту Езуса, дзе сам Бог Айцец сведчыць аб Ім, а Дух Святы з’яўляецца над Езусам у постаці голуба (пар. Лк 3, 22-23). Перад сваім Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да Апосталаў з просьбай і наказам: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19). А Спасланне Святога Духа абвяшчае словамі: “Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне”(Ян 15, 26).
Калі звернемся да апостальскіх пасланняў, то можам заўважыць, што Апосталы ўжо прынялі гэту таямніцу і звярталіся да Бога ў Тройцы Святой Адзінага. “Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі” (2 Кар 13, 13). “Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў сэрцам нашым задатак Духа” (2 Кар 1, 21-22).
У Айцоў Касцёла мы таксама бачым выразнае вызнанне веры ў праўду аб Найсвяцейшай Тройцы.  Св. Клімэнт Рымскі пісаў да карынцянаў: “Ці не аднаго Бога (Айца) мы маем і аднаго Хрыста і аднаго Духа ласкі, пралітага на нас?” А цэлыя трактаты тэме таямніцы Бога Адзінага ў Трох Асобах прысвяцілі св. Атаназій, св. Грыгорый Назіянзскі, св. Кірыл Александрыйскі і св. Аўгустын.  Таксама вызнанне веры ў Найсвяцейшую Тройцу нам перадаў Першы Нікейскі Сабор у 325 годзе, а потым Першы Канстанцінопальскі (381 г.), Эфескі (431 г.) і Халкідонскі (451 г.) Саборы.
А цяпер хачу задаць пытанне: “Чаму вучаць нас паасобныя праўды веры, а ў прыватнасці праўда аб Найсвяцейшай Тройцы?”. Бо невыпадкова Касцёл урачыста абвяшчае гэтыя праўды ў форме дагматаў і заклікае да веры. Акрамя перадавання тэалагічнага зместу, Касцёл хоча, каб вера ў гэту праўду прыво-дзіла да канкрэтных наступстваў у жыцці хрысція-ніна. Сёння наша грамадства пакутуе ад эгаізму і недахопу любові і таму яму патрэбны прыклад дасканалай супольнасці. Менавіта такой супольнасцю з’яўляецца Найсвяцейшая Тройца, недасягальны ўзор для кожнага грамадства, кожнай сям’і і для ўсяго Касцёла. Святы Ян Павел ІІ падчас малітвы “Анёл Панскі” ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы разважаў так: “У Тройцы можна ўбачыць першаўзор сям’і, якая складаецца з мужчыны і жанчыны, якія былі пакліканы, каб быць для сябе ўзаемным дарам у супольнасці любові, адкрытай на жыццё. У Най-свяцейшай Тройцы знаходзім таксама ўзор сям’і Касцёла, у якой усе хрысціяне павінны будаваць сапраўдныя сувязі супольнасці і салідарнасці. Гэта любоў з’яўляецца канкрэтным знакам веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога”. Парафразуючы святога Папу, можна сказаць, што, калі ў супольнасці няма любові, гэта сведчыць аб слабай веры і сувязі з Асобамі Найсвяцейшай Тройцы.
Калі Бог ствараў чалавека, то адразу прызначыў яго для жыцця ў супольнасці. Кніга Быцця кажа: “Стварыў Бог чалавека по свайму вобразу, па вобразу Божаму стварыў яго: стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 27). Каб адчуць сябе чалавекам у поўнай меры, мы патрабуем другога чалавека. Ні жывёла, ні грошы, ні слава не могуць быць адпаведным партнёрам для нас. Чалавек можа быць шчас-лівым толькі ў супольнасці з іншымі людзьмі. Адносіны паміж Асобамі Найсвяцейшай Тройцы, якія ўяўляюць сабой любоў у найвышэйшай ступені, павінны натхняць кожную чалавечую супольнасць да ўзаемнай згоды і любові, крыніцай якой будзе заўсёды Бог.
Ёсць адзін Бог, адна прырода, адна сутнасць, але тры Асобы. Кожная супольнасць павінна імкнуцца да адзінства. Моц адзінства выразна праяўляецца ў Спасланні Духа Святога. Дзеі Апосталаў кажуць, што вучні “усе былі разам у тым самым месцы” (Дз 2, 1). Адзінства не выключае разнастайнасці. Тое, што ўсе, хто належыць да супольнасці, маюць адну мэту і ідуць да яе, не робіць усіх аднолькавымі, кожны захоўвае сваю ідэнтычнасць і індывідуальнасць. Але іх моц менавіта у супольным дзеянні і адзінстве мэты. Тройца мае адну мэту – збавіць чалавека і прывесці яго да вечнага жыцця, а сродкам дасягнення гэтай мэты з’яўляецца любоў. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Супольнасць без мэты і супольнага дзеяння перастае існаваць. Аднак трэба заўважыць, што не бывае сапраўднай супольнасці без пэўных цяжкасцей. Абавязкова будуць  узнікаць напружанасць, непаразуменне, канфлікты, праходзячы праз якія з дапамогай Духа Святога, супольнасць будзе станавіцца больш дасведчанай і ўзмоцненай. 
Aсобы Найсвяцейшай Тройцы роўныя ў сваёй велічы, ніякая з іх не з’яўляецца “больш боскай”, чым іншыя. Ніхто ў супольнасці не можа лічыць сябе больш важным і лепшым. Таму Езус сказаў: “Вы ж не дазваляйце называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты” (Мц 23, 8). Няма супольнасці з людзьмі, якія ставяць сябе вышэй за іншых. Калі Папа, біскуп ці ксёндз, або нават прадстаўнікі дзяржаўных уладаў будуць лічыць сябе лепшай часткай супольнасці – не змогуць ствараць супольнасці. Будуць ствараць грамадства паноў і слугаў, багачоў і бедных Лазараў. Супольнасць можа быць толькі там, дзе разнастайнасць не знішчае роўнасці.
Найсвяцейшая Тройца не  замыкаецца сама ў сабе, яна ахоплівае любоўю ўвесь свет, падтрымліваючы яго існаванне. Езус збірае вучняў, а Дух Святы робіць так, што  пасля аднаго казання святога Пятра прымае  хрост  тры тысячы чалавек. Першае слова, з якім звяртаецца Бог да чалавека, гэта слова аб плоднасці: “Пладзіцеся і множцеся…” (Быц 1, 28). Супольнасць не павінна існаваць для таго, каб больш браць, чым даваць. Супольнасць павінна скіроўваць сваё служэнне тым, хто знаходзіцца па-за супольнасцю.
Супольнасць Асобаў Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца дасканалай. Нашыя чалавечыя супольнасці недасканалыя, але  гэта  не азначае, што мы асуджаны на падзелы і на жыццё ў нязгодзе і самоце. Мы маем узор, маем крыніцу, маем ідэал. Таму не можам застацца  без надзеі на стварэнне сапраўднай супольнасці.