ПАРАФІЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОІЦЫ Ў ГЕРВЯТАХ » ГІСТОРЫЯ ГЕРВЯЦКАЙ ПАРАФІІ

Вёска Гервяты

 

Згодна з паданнем, пачатак Гервятам даў у 1271 г. вялікі князь літоўскі Гермонт, які і назваў паселішча Гермонтамі.

З часам назва ператварылася ў Гервяты. У 1434 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч ахвяраваў паселішча Віленскаму біскупству як «добра сталовыя».

 

У 1471 г. і 1474 г. Віленскі біскуп Ян Ласовіч павялічыў вёску, набыўшы я шчэ «некалькі дымоў», а ў 1484 г. вёску павялічыў біскуп Анджэй Гасковіч. Статус «добра сталовых» захоўваўся да 1795 г. (апошнім уладальнікам Гервятаў быў біскуп Масальскі), калі Гервяты сталі ўладаннем «скарбу расійскага».

 

У 1797 г. імператар Павел І аддаў вёску графу дэ Хойсеул Гоўферу, расійскаму амбасадару ў Стамбуле, які ў 1803 г. прадаў яе Мацею Дамейку, падкаморыю віленскаму. Дамейкі і валодалі Гервятамі да 1939 г. (16). Раней лічылася, што гервяцкая парафія была заснаваная ў 1511 г. ці ў 1526 г., але на самай справе гэта адбылося трошкі пазней.

 

У 1535 г. Віленскі біскуп Ян («з княжат літоўскіх» – de Ducibus Lituanis), сын караля Жыгімонта І, стаўшы ўладальнікам вёскі і яшчэ да афіцыйнай фундацыі касцёла, даў «да касцёла гервяцкага 2 х падданых ... і дзве пустоўшыны, Баброўшчызна і Кережніняны».

 

Парафія ж была зафундавана 7 лютага 1536 г. з часткі варнянскай парафіі (1462 г.), і да яе была адпісана капліца св. Ежага «ў мясцовасці, званай Поле Каралеўскае» (дарэчы, дагэтуль не высветлена, што гэта была за капліца, дзе дакладна і хто яе пабудаваў. Мажліва, менавіта яна была збудаваная ў 1511 г., адкуль потым і з’явілася датаванне ўсёй парафіі), і гэты фундуш заставаўся нязменным да канца XVIII ст.  Касцёл, пабудаваны ў 1535 г., першапачаткова быў кансэкраваны пад тытулам святых Яна Хрысціцеля, Юрыя і Мікалая біскупа.

 

Як выглядала тая святыня, вядома няшмат — яна была зрублена з дрэва, на касцёльным «цментары» асобна стаяла драўляная званіца. У 1621 г. Віленскі біскуп Яўстафі Валовіч фундаваў новую драўляную святыню, якую ўзвялі на месцы струхлелага храма і кансэкравалі ў 1625 г. пад новым тытулам — Найсвяцейшай Тройцы. У 1736 г., да 200 годдзя, касцёл быў рэканструяваны намаганнямі біскупа Тамаша Зяньковіча.

 

Гэта была святыня «падоўжанай структуры», завершаная дзвюма вежамі над галоўным фасадам, вежаю над сярэдзінай даху і сігнатуркай над алтаром. Інтэр’ер святыні тады ўпрыгожвалі 4 старажытныя алтары.

 

Галоўны, з тытульным абразом Найсвяцейшай Тройцы ў срэбранай «сукенцы», меў выгляд балдахіна «на кручоных калюмнах» (штосьці падобнае да алтара св. Пятра ў Рыме ў невялічкай вёсцы? А чаму не — усё ж такі касцёл Віленскага біскупства!); яго фланкавалі бочныя алтары з разьбяным Укрыжаваннем (левы, наверсе — абраз св. Казіміра) і св. Антонія (правы, аднаярусны); чацвёрты, з абразом Маці Божай Балеснай у срэбранай «сукенцы», таксама меў пазалочаную калонную структуру ў стылі барока.

 

На хорах над уваходам былі ўсталяваныя арганы (новыя арганы да 1747 г. зафундаваў тагачасны пробашч касцёла кс. Мацей Пул’яноўскі, тады ж у галоўным алтары з’явіўся абраз св. Яна Непамуцэна). У 1737 г. для гэтага касцёла былі адлітыя 2 новыя званы, большы з якіх — у каралеўскай людзвісарні Георга Бернада Кіндэра; яны былі змешчаныя ў асобнай драўлянай званіцы, дзе дагэтуль знаходзіўся яшчэ адзін звон.

 

Званы гэтыя былі канфіскаваныя нямецкімі вайскоўцамі падчас Першай сусветнай вайны і, на жаль, на радзіму не вярнуліся. Да 1797 г. у касцёле з’явіўся пяты двух’ярусны алтар — з абразамі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Ануфрыя (наверсе).

 

У 1810 г. касцёл рамантаваўся на сродкі тагачаснага калятара Мацея Дамейкі — былі ўмацаваныя падмуркі, сцягнутыя «клямерамі» і ашаляваныя сцены. Чарговыя рамонты рабілі ў 1849 г., 1855 г. і ў 1862 годзе. А ў 1860 г. на сродкі наступнага калятара, Казіміра Дамейкі, вымуравалі новую брамузваніцу ў стылі класіцызму — двух’ярусную, квадратную ў плане, пад чатырохсхільным дахам, з бутавага каменю і атынкаваных цагляных элементаў (пілястры, гзымсы). У 1882 г. на хорах з’явіліся новыя арганы на 6 галасоў — намаганнямі пробашча Юліюша Наркевіча і арганіста Фларыяна Астрамецкага яны былі сабраныя з двух старых арганаў, перавезеных у Гервяты з зачыненых касцёлаў у Астраўцы і Шумску.

 

У 1895 г. з ініцыятывы кс. Наркевіча адрамантавалі галоўны алтар і пабудавалі 2 новыя замест бочных: у левым захавалася Укрыжаванне, а ў 2 м ярусе быў змешчаны «Твар Змучанага Збаўцы»; у правым — абраз Маці Божай Ружанцовай пад абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця. Усе новыя абразы намаляваў мастак Вінсэнт Слендзінскі, які аднавіў таксама абразы святых Юрыя і Юзафа ў іншых двух алтарах.

 

У 1896 г. пробашчам гервяцкай парафіі быў прызначаны кс. Уладзіслаў Альшэўскі, малады і энергічны, які адразу ж пачаў рыхтаваць будоўлю новага, і цяпер ужо мураванага, касцёла. У 1898 г. губернскі архітэктар Аляксей Полазаў (ён ж аўтар праекта касцёла ў Празароках (1896 г.) і нерэалізаванага праекта касцёла ў Белагрудзе, 1901 г.) зрабіў праект трохнававай аднавежавай неагатычнай святыні з цэглы пад тынкоўку, які быў зацверджаны Віленскім губернскім будаўнічым камітэтам у красавіку 1899 г., і 20 траўня пачалося будаўніцтва на пляцоўцы яшчэ дзейнага драўлянаа касцёла.

 

Аднак у наступным 1900 г., калі ўжо былі закладзеныя падмуркі, архітэктар, па жаданні вернікаў, змяніў праект — святыня стала будавацца больш стромкай, велічнай і з чырвонай вонкавай цэглы (спецыяльна для будоўлі каля засценка Гібірды была створана цагельня).

 

Аднак і дакладна такім касцёл пабудаваны не быў — некаторыя змены ў дэкоры фасадаў, больш велічны партал галоўнага ўваходу, акно ружа над парталам і галоўнае — спічастая вежа званіца, з’явіліся дзякуючы інжынеру Ігнацыю Альшэўскаму, брату пробашча, і майстру Антонію (ці Анджэю) Каліноўскаму.

 

Галоўныя сродкі на будаўніцтва ахвяравалі калятары Вацлаў Дамейка і яго маці, Анеля з Нарушэвічаў Дамейкава (над магіллі роду Дамейкаў Нарушэвічаў знаходзяцца за касцёлам) і Станіслаў Паплаўскі (ахвяраваў на дахоўку).

 

Шмат сродкаў ахвяравалі і простыя парафіяне. Улетку 1903 г. касцёл быў гатовы — 4 жніўня кс. Альшэўскі напісаў віленскаму кансістару аб гатоўнасці да прыезду камісіі для прыняцця будоўлі. 8 верасня 1904 г. святыня была кансэкраваная пад гістарычным тытулам. Высокі спічак касцёльнай вежы ўзнес карункавы крыж на амаль недасягальную вышыню — больш за 50 метраў.

 

Такім чынам, Троіцкі касцёл у Гервятах — адзін з найбуйнейшых і ў Гродзенскай дыяцэзіі (дзе ён падобны да самой катэдры) і ва ўсёй нашай краіне. Акрамя гэтага, гервяцкі касцёл — найцікавейшы ўзор стылю неаготыкі ў агульнаеўрапейскай культуры.

 

Аднак тая хуткасць і той патрыятызм, з якімі быў пабудаваны такі магутны храм, не выклікалі задавальнення ў імператарскіх уладаў — кс. Альшэўскаму прыпісалі збіранне сродкаў без дазволу ўладаў і ў іншых губернях, а «начальнік краю» нават патрабаваў у Віленскага біскупа панізіць ксяндза да вікарыя...

 

Ксёндз Уладзіслаў быў аштрафаваны на 100 р., а ў 1904 г. у Гервятах з’явіўся новы пробашч. Тым не менш, менавіта з кс. Уладзіславам звязваюць росквіт гервяцкай парафіі, таму што з яго ініцыятывы не толькі пабудавалі архітэктурны цуд, а яшчэ былі заснаваныя хор з 50 ці вернікаў і аркестр з 30 ці музыкаў пад кіраўніцтвам арганіста Міхала Пятроўскага.

 

Вялізная і велічная трохнававая базыліка з трансептам і прамавугольнай апсідай, арыентаванай на захад і фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, мае над галоўным уваходам высокую вежу званіцу пад шпілем.

 

Фасады касцёла дэкараваныя шматлікімі ступенчатымі контрфорсамі, аркбутанамі, пінаклямі, стрэльчатымі аркатурамі. Сяродкрыжжа над чарапічным дахам увенчана стромкай сігнатуркай. Інтэр’ер, падзелены на тры навы пяццю парамі склада напрафіляваных калонаў на высокіх васьмігранных п’едэсталах і перакрыты крыжовымі стрэльчатымі скляпеннямі з дэкаратыўнымі нервюрамі, упрыгожваюць 3 разьбяныя неагатычныя алтары: галоўны — Найсвяцейшай Тройцы (Каранацыя Марыі, абраз з папярэдняга касцёла, 1630 г., аточаны разьбянымі фігурамі св. Пятра і Паўла) і бочныя ў крылах трансепта — Маці Божай Вастрабрамскай (абраз аточаны фігурамі «Найсвяцейшага Сэрца Езуса» і «Найсвяцейшага Сэрца Марыі») і св. Юрыя (1890 г.; абраз аточаны фігурамі св. Казіміра і Ядвігі Вугорскай). Над уваходам зробленыя хоры, дзе ўсталяваныя арганы, створаныя яшчэ ў 1882 г. і адрамантаваныя ў 1901 г. 

 

Да стварэння сеткі дэканатаў гервяцкая парафія належала да «ключа Антакальскага», з 1596 г. і да 1910 г. яна ўваходзіла ў склад Ашмянскага дэканата, пасля — Віленскага павятовага дэканата, з 1925 г. — варнянскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Гэта была найбуйнейшая парафія ў дэканаце — перад Другой сусветнай вайною колькасць парафіянаў складала больш за 9 000 вернікаў (а ў 1904 г. — нават больш за 9 850, бо да гервяцкай былі далучаныя вернікі скасаваных парафій у Астраўцы і Слабодцы).

 

З 1991 г. — гэта парафія Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. З ХVIIІ ст. да парафіі належалі капліцы ў Сакалойцях і Якентанах, у ХІХ ст. да іх далучылася капліца ў Гірах, а ў 2001 г. — у Завелцах. Некалі да гервяцкай парафіі належала і капліца ў Дубнічках (гл. хут. Малая Пелігрында, 18). У парафіяльным архіве захоўваецца праект могілкавай (?) каменнай неагатычнай капліцы, датаваны 1904 г. і неразборліва падпісаны, але ён так і не быў рэалізаваны.

 

У 1750 г. пры касцёле было заснаванае брацтва Найсвяцейшай Тройцы, якое ў 1812 г. спыніла дзейнасць, але адрадзілася ў 1846 годзе. Апошні раз, як дзейнае, яно згадвалася ў 1860 годзе. У XVIII ст. была фундаваная і парафіяльная школка, дзе ў розныя гады вучыліся 6– 10 дзетак, апошні раз згадвалася ў 1828 г. Парафіяльны шпіталь прытулак з’явіўся толькі пасля 1797 г., апошні раз згадваўся ў 1872 г.

 

Троіцкі касцёл заўсёды дзейнічаў, і ў ваеннае ліхалецце, і ў бязбожны час савецкай улады, нягледзячы на тое, што ў 1950 г. быў арыштаваны і сасланы ў лагер пробашч кс. Станіслаў Хадыка і касцёл амаль да канца 1951 г. не меў ксяндза. Кс. Станіслаў вярнуўся ў 1956 г. і служыў тут да сваёй смерці ў 1978 г.

 

У 1970 г. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры. Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе пінаклепадобных неагатычных слупоў з чырвонай цэглы.

 

У апошнія гады вакол храма зроблены амаль садпарадыз — альпійскія горкі, кветнікі, дзівосныя расліны. Асабліва цікавая мясцовая традыцыя адзначаць памятныя падзеі парафіяльнага жыцця ўсталяваннем перад касцёлам драўлянага разьбянага крыжа ці помніка.

 

З 2005г. прыгажосць быццам выйшла за межы касцёльнай агароджы — перад касцёлам была створаная плошча «Сад апосталаў» з калонай св. арханёла Міхала ў цэнтры і фігурамі дванаццаці апосталаў. Быў адрамантаваны і рэстаўраваны і сам будынак касцёла — заменены дах, атынкаваныя і пафарбаваныя сцены святыні.

 

Шкада толькі, што карункавую пінаклепадобную неагатычную сігнатурку над сяродкрыжжам касцёла змяніў грувасткі слуп. За тое ў нартэксе касцёла былі зробленыя раскошныя каваныя дзверы краты. Увогуле касцёльны комплекс у Гервятах сёння выглядае як сапраўдны сад парадыз з вядомых каралеўскіх рэзідэнцыяў Еўропы, таму невыпадкова кожны дзень тут спыняюцца турыстычныя аўтобусы.

 

Вёска Гіры

 

Дзейная і сёння, капліца на мясцовых могілках (раней належалі да в. Рымдзюны, таму ў некаторых дакументах капліца згадваецца як рымдзюнская) была пабудавана ў 1828 г. і асвечаная пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны (Святой Сям’і ).

 

Прыпісана да гервяцкай парафіі. Гэта характэрная для свайго часу пабудова — драўляны сасновы зруб з трохграннай алтарнай часткай і галоўным фасадам у выглядзе чатырохкалоннага порціка, пад двухсхільным дахам (у ХІХ ст. ён быў саламяны, цяпер — бляшаны) з вальмамі над алтарнай часткай — тыповы прыклад народнай трактоўкі класіцызму. Залавая прастора перакрытая плоскай падшыўной столлю, у алтары змешчаны абраз Святой Сям’і.

 

Бочныя алтарныя кампазіцыі змяшчаюць Укрыжаванне (левая) і фігуру Найсвяцейшай Марыі Панны. Захавалася ў цэнтры вёскі і прыдарожная капліца — каменны двух’ярусны слупок, які паставілі тут у 1936 г. у гонар 500 годдзя каранацыі Вітаўта Вялікага.

 

Вёска Завелцы

 

Аб існаванні тут каталіцкіх святыняў архіўных згадак няма. Капліца ж пад тытула Міласэрнасці Божай дзейнічае тут з 2001г. і змешчана ў будынку былой школьнай сталоўні.

 

Хутар Малая Пелігрында (не існуе)

 

Капліца каля хутара Малая Пелігрында (побач былі хутары Каморы і Савічуны каля в. Рымдзюны) была ўзведзеная ў 1й палове XIX ст. у стылі класіцызму. Магчыма, гэта тая самая капліца «Дубнічак», вядомая толькі з архіўных дакументаў як ліквідаваная ў 1875 г., а можа, менавіта гэтыя мясціны калісьці мелі назву Поле Каралеўскае — навокал і сёння палі ... Святыню пабудавалі з цэглы і атынкавалі звонку і ўнутры.

 

Канструктыўна капліца ўяўляе з сябе 4 вуглавыя апоры, звязаныя аркамі, праёмы якіх запоўненыя ненясучымі сценамі. Уваход у капліцу быў аркавым, інтэр’ер пад плоскай падшыўной драўлянай столлю асвятляўся праз прамавугольныя вокны. Наверсе перыметр сценаў апаясваў профільны гзымс, вуглы былі дэкараваныя пілястрамі. Двухсхільны дах над капліцай вызначалі трохвугольныя франтоны над уваходным і алтарным фасадамі.

 

Як дзейная пасля 1875 г. капліца больш не ўзгадвалася, а пасля Другой сусветнай вайны быў закінуты і хутар Малая Пелігрында. З часам і святыня, і пабудовы хутара ператварыліся ў руіны. У самой вёсцы Пелігрында ў 1980–1990 гг. з’явіліся тры цікавыя прыдарожныя святыні з бетону, дэкараваныя арнаментамі і надпісамі з маленькіх каменьчыкаў на літоўскай мове. Унутры каплічак усталяваныя фігуры Пакутуючага Езуса (паўночная ўскраіна) і Маці Божай (цэнтр вёскі і паўднёваўсходняя ўскраіна).

 

Вёска Сакалойці

 

Публічная капліца пад тытулам св. Станіслава (біскупа пакутніка) вядомая тут з 1744 г. (ці з 1782 г., ва ўладанні пана Чаховіча, харунжага кавалерыі літоўскай) як ужо дзейная, калі менавіта такі статус быў прызначаны ёй на дыяцэзіяльным сінодзе біскупам Міхалам Зянковічам.

 

Пры гэтым «касцёлку, з дрэва будаваным», Марыяна Кошчыцава (+1816), старосціна заржыцкая і мясцовая ўладарка, зафундавала 17 студзеня 1815 г. альтарыю. Каменная капліца на месцы драўлянай, на поўдзень ад вёскі, была пабудавана ў 1838 г. у стылі класіцызму — прамавугольная ў плане, цагляная і атынкаваная, галоўны і алтарны фасады завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’ер быў перакрыты плоскай падшыўной драўлянай столлю, у алтарнай сцяне зроблена сегментарная ніша пад алтарный абраз (11, 16).

 

У 1868 г. капліца згадваецца пад тытулам Маці Божай Пакутуючай. У пасляваенны час капліца была зачынена, прыстасаваня пад малочню, а потым стаяла занядбаная. У 1995 г. была зроблена кансервацыя святыні — заменены дах, адноўленыя вокны і дзверы (да 2007 г. амаль усё ізноў было разбуранае). Капліца яшчэ чакае сапраўднай рэстаўрацыі.

 

Вёска Якентаны

 

Калісьці гэты фальварак належаў віленскаму кляштару канонікаў латэранскіх як месца вакацыяў. Законнікі на вакацыях і служылі Імшу ў пабудаванай з дрэва мясцовай капліцы, што як дзейная ўзгадвалася з 1797 года. Апошні раз святыня згадваецца «ў фальварку дзяржаўным» у 1849 годзе.

 

Вёска Градоўшчына (Дубнічкі)

 

Да канца 1930 х гг. мясцовых католікаў абслугоўвала драўляная капліца ў суседнім з вёскай панскім двары Дубоўка (ці Дубнічкі, таму парафія мае і іншую назву). Аднак вёска разраслася і маленькі храм ужо не мог задаволіць вернікаў, таму ў 1938 г. з недалёкага адсюль Шумска (на той час парафія Тургельскага дэканата, сёння тэрыторыя Літвы) быў перавезены драўляны касцёл і заліты падмурак для яго.

 

У 1939 г. збудаваны ў цэнтры вёскі касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Андрэя Баболі, але самастойная парафія была заснаваная ў 1940 годзе. Касцёл, калі стаяў у Шумску, верагодна, быў двухвежавым і трохнававым, а ў Градоўшчыне набыў рысы мадэрну і ператварыўся ў залавы аднавежавы храм з пяццюграннай апсідай і дзвюма сакрыстыямі пры ёй. Перакрыты высокім двухсхільным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем і сігнатуркай над алтаром.

 

Над галоўным фасадам была ўзведзена двух’ярусная чацверыковая вежа званіца пад шатровым мадэрнавым дахам. Галоўны ўваход пазначаны прасторным бабінцам. Асабліва цікавыя адкрытыя слупавыя галерэі ўздоўж бакавых фасадаў. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю, упрыгожваюць 3 алтары: галоўны — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, левы бочны — Маці Божай Анёльскай і правы — тытульны, св. Андрэя Баболі. Над уваходам – галерэя хораў. Касцёл дзейнічаў і ў гады вайны, і пры савецкай уладзе, дзейнічае і сёння. Афіцыйная дата яго асвячэння — 16 мая 1994 года, а вось капліца ў Дубоўцы, як і сам маёнтак, не захавалася, але вернікі збераглі фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі, што стаяла там некалі, і сёння яна знаходзіцца ў касцёле.