НАВIНЫ

Пантыфік заклікаў паглыбляць экалагічную культуру
Пантыфік заклікаў паглыбляць экалагічную культуру Святы Айцец накіраваў да жыхароў Бразіліі пасланне з нагоды распачацця ў краіне традыцыйнай “Кампаніі братэрства”, якая штогод падчас Вялікага посту ажыццяўляецца па ініцыятыве мясцовага епіскапату, каб прыцягнуць увагу людзей да найбольш вострых сацыяльных пытанняў. Тэма сёлетняй ініцыятывы акрэслена як “Агульны дом, наша адказнасць” і з’яўляецца ўнёскам Каталіцкага Касцёла ў Бразіліі ў пашырэнне экалагічнага выхавання і барацьбу з любымі формамі сацыяльнай несправядлівасці. Папа нагадаў, што “Кампанія братэрства” праводзіцца ў Бразіліі з 1963 г. Ужо ў чацвёрты раз яна ажыццяўляецца разам з Цэрквамі, што ўваходзяць у Нацыянальную Раду Хрысціянскіх Цэркваў Бразіліі. У гэтым жа годзе яе межы пашырыліся праз аб’яднанне з аналагічнай кампаніяй Германіі “Misereor”. Свае намаганні ўдзельнікі ініцыятывы накіравалі на барацьбу за рэалізацыю права ўсіх людзей на ахову здароўя і годныя санітарныя ўмовы жыцця. Доступ да пітной вады і наяўнасць калектарнай сістэмы Францішак назваў неабходнымі ўмовамі для пераадолення сацыяльнай несправядлівасці і выкаранення беднасці і голаду, для зніжэння паказчыкаў дзіцячай смяротнасці і колькасці хвароб, для забеспячэння ўстойлівай экалагічнай сітуацыі. Святы Айцец нагадаў, што пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя непазбежна вядзе да чалавечага і сацыяльнага заняпаду, і пакутуюць ад гэтага, перш за ўсё, найбольш бедныя і слабыя. Пантыфік заклікаў паглыбляць экалагічную культуру і рабіць гэта ўсебакова, не фрагментарна. Францішак выказаў упэўненасць, што “багатая спадчына хрысціянскай духоўнасці можа зрабіць цудоўны ўнёсак у памкненне абнаўлення чалавецтва”.