НАВIНЫ

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Скіроўваю да вас маё пастырскае слова сёння, у трэцюю нядзелю верасня, якая завяршае сёлетнія квартальныя дні малітваў у інтэнцыях дзяцей, моладзі, настаўнікаў і выхаваўцаў.

Пасля вакацыйнага перыяду адпачынку нашы дзеці і моладзь распачалі чарговы навучальны год – час інтэнсіўнай працы над здабыццём ведаў і ўменняў, якія неабходныя для іх усебаковага развіцця і жыцця ў грамадстве. На парозе новага этапу вучобы мы атачаем малітвай нашых маладых дыяцэзіян, просячы для іх аб святле Духа Святога, аб здароўі і сілах, трываласці і працавітасці.

Нашай малітвай мы падтрымліваем таксама настаўнікаў і выхаваўцаў, каб, умацаваныя Божай ласкай і асвечаныя Духам Святым, яны не толькі паспяхова перадавалі веды сваім вучням і выхаванцам, але і здолелі таксама прывіць у сэрцах і думках маладога пакалення чуласць да дабра і прыгажосці, павагу да маральных і этычных прынцыпаў, жаданне будаваць ўласнае жыццё і дзейнасць на фундаментах праўды, справядлівасці, сумленнасці, павагі да сябе і іншых людзей.

Акрамя таго, для нас, як хрысціян, важна тое, каб адукацыйны і выхаваўчы працэс ахопліваў таксама духоўнае і рэлігійнае вымярэнне жыцця дзіцяці ці маладога чалавека. Разам са здабываннем ведаў пра акаляючы нас свет дзеці і моладзь павінны ўсё лепш і глыбей пазнаваць Бога, які ёсць яго Створцам, адкрываць для сябе Таямніцу Хрыста, які ёсць “дарога, праўда і жыццё” (Ян 14,6), адкрывацца на асвячальную дзейнасць Духа Святога, які праз веру і любоў вядзе веруючых да ўсё больш дасканалага з’яднання з Богам.

Таму сёння, на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года, жадаю нагадаць вам, дарагія бацькі, пра абавязак дбаць аб духоўным і рэлігійным выхаванні вашых дзяцей, які ляжыць на вас.

Першым асяроддзем, у якім ад заранку дзяцінства пачынаецца працэс выхавання ў веры, з’яўляецца менавіта сям’я. Гэтая своеасаблівая сямейная катэхеза папярэджвае кожную іншую форму катэхезы і мае вырашальны, трывалы і нічым не заменны ўплыў на душу дзіцяці. Добра, калі менавіта ад бацькоў дзіця вучыцца знаку крыжа і словам малітвы, паступова пазнае асноўныя праўды веры і атрымлівае веды з катэхізісу. 

Нават самым найлепшым чынам арганізаваная парафіяльная катэхеза не заменіць дзіцяці прыкладу ўласных бацькоў, якія разам кленчаць для малітвы, наведваюць нядзельную святую Імшу, рэгулярна прыступаюць да святых сакрамэнтаў і рупліва спаўняюць іншыя рэлігійныя практыкі. Важна і тое, каб у хрысціянскіх сем’ях панавала атмасфера згоды і любові, дабрыні і міру, узаемнай павагі і падтрымкі ў цяжкасцях. Таксама сведчанне хрысціянскага жыцця, вельмі красамоўнае, хоць і часта маўклівае, безумоўна, пакіне трывалы след у сэрцы дзіцяці, а сістэма каштоўнасцяў, засвоеная ў дзяцінстве, знойдзе свой выраз у будучыні, у жыцці асабістым, сямейным і грамадскім заўтрашняга дарослага чалавека

Таму прашу вас, дарагія бацькі, каб вашы сем’і былі сапраўдным “хатнім Касцёлам”, у якім дзеці атрымаюць першую, базавую перадачу веры і будуць мець узор жыцця сапраўды хрысціянскага, якое вядзецца паводле Евангелля.

Гэтая сямейная катэхеза, хоць і з’яўляецца важнай і незаменнай, не вычэрпвае рэлігійнага выхавання маладога пакалення. Святы Касцёл, верны Хрыстоваму наказу абвяшчэння Добрай Навіны, прыходзіць з дапамогай хрысціянскім бацькам, рупліва і трывала рэалізуючы давераную яму місію выхавання і навучання, між іншым праз арганізацыю сістэматычнай катэхізацыі дзяцей і моладзі. Адбываецца яна паводле праграм, зацверджаных Касцёлам і прыстасаваных да ўзросту вучняў, а яе правядзенне даручана асобам, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і ўпаўнаважаны касцёльнай уладай. На ўроках рэлігіі, арганізаваных парафіямі, катэхізаваныя паступова пазнаюць Асобу і навуку Езса Хрыста, вучацца чыннаму ўдзелу ў літургіі і прыступанню да святых сакрамэнтаў, паглыбляюць жыццё малітвы і выхоўваюць уласнае сумленне. Такім чынам дзеці і моладзь узрастаюць у веры і становяцца сапраўднымі вучнямі Хрыста Пана.

чытать далей

Дарагія браты і сёстры! У кантэксце сённяшняга Божага слова мы можам убачыць, кім з’яўляемся і чаго патрабуем. Калі сумленна прыгледзімся да сваіх паводзінаў і жыцця наогул, то прыйдзем праз рахунак сумлення да высновы, што мы дастаткова часта робім грэх, і як вынік гэтага – маем патрэбу ў Божым прабачэнні. І сапраўды, гэтае прабачэнне Бог нам заўсёды гатовы ўдзяліць, прабачыць нам, калі мы ўсведамляем учыненае зло і грэх і жадаем выправіцца.

 

Але ёсць яшчэ адзін момант, вельмі важны, якога ад нас чакае Бог, - а менавіта каб мы былі гатовыя прабачыць тым, хто якімсьці чынам пакрыўдзіў нас. Паглядзіце: першае чытанне з кнігі Сіраха ставіць прабачэнне бліжняму ўмовай атрымання прабачэння ад Бога: “Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека, то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?”

І гэта далёка не рытарычнае пытанне. Божае слова вучыць нас, што, каб атрымаць Божае прабачэнне, якога патрабуе кожны чалавек, бо неаднаразова трапляе ў грахі і памылкі, якімі крыўдзіць Бога, яму трэба мець чыстае сэрца - чыстае ад гневу, ад крыўды, каб па-сапраўднаму атрымаць прабачэнне ад самога Пана. І гэтае прабачэнне, па сутнасці, узаемазалежнае. Бо, калі разважаем над сённяшнім Евангеллем, то прыходзім да высновы, што прыняцце прабачэння ад Бога дапамагае ад сэрца прабачыць бліжняму. Такім чынам, можам убачыць, наколькі адно залежыць ад другога. Так, як і запаведзь любові: на першым месцы гэтая любоў датычыць Бога, а на другім - бліжняга. І гэтая запаведзь непадзельная: як можаш любіць Бога, калі не любіш бліжняга?

чытать далей

16 верасня ў сталічнай Усіхсвяцкай царкве мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у цырымоніі закладкі капсулы з зямлёй з месцаў спачыну супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі, якія загінулі падчас выканання службовых абавязкаў, і ў малітве за іх.

Прамаўляючы ў царкве, арцыбіскуп нагадаў, што клопат пра захаванне бяспекі на дарогах з'яўляецца вельмі важным, і параўнаў Божыя запаведзі да дарожных знакаў, якія, нібы чырвонае святло светлафора, абегараюць чалавека ад граху. Таксама Мітрапаліт прачытаў малітву “Анёл Панскі” за спачылых супрацоўнікаў ДАІ.

 

Цырымонія адбылася ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя Міліцыі Беларусі, а таксама 81-й гадавіны з дня ўтварэння ДАІ МУС.

Закладка капсулы адбылася ў знак удзячнасці тым, хто цаной уласнага жыцця ўстаў на абарону жыцця і здароўя грамадзян, забяспечваючы бяспеку на дарогах Беларусі, абараняючы спакой і парадак у краіне.

Зямля, змешчаная ў капсулу, узята з месцаў спачыну супрацоўнікаў ДАІ, загінулых падчас выканання службовых абавязкаў. Такім чынам у крыпце Усіхсвяцкай царквы ўвекавечылі памяць 34 супрацоўнікаў, загінулых за 81 год існавання ДАІ МУС.

чытать далей
Прэзідэнт Беларусі сустрэнецца з еўрапейскімі біскупамі

Прэзідэнт Беларусі прыме ў Мінску вялікую дэлегацыю каталіцкіх іерархаў з Еўропы. У чацвер, 28 верасня 2017 г. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), якая будзе праходзіць у беларускай сталіцы з 27 верасня па 1 кастрычніка і збярэ кіраўнікоў епіскапатаў 45 краін кантыненту. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні арганізацыі.

Адной тэм форуму стане сучаснасць і будучыня Еўропы, уклад і місія Касцёла ў пабудову агульнага еўрапейскага дома. Старшыні епіскапатаў абмяркуюць шляхі і магчымасці абвяшчэння Евангелля Хрыста ў Еўропе. Асноўнай жа тэмай сустрэчы стане ўдзел маладых людзей у жыцці Касцёла: іх жаданні, патрэбы, страхі, чаканні і адносіны.

Беларусь прыме сход касцёльных лідэдараў такога ўзроўню ўпершыню. Вытокі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы зыходзяць з 1965 г., калі 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме заснавалі камітэт для развіцця магчымасцяў больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў сакавіку 1971 г.

Як гаворыцца ў паведамленні, сведчаннем вялікага значэння сустрэчы з’яўляецца ўдзел у яе адкрыцці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко, мэра Мінска Андрэя Шорца, прадстаўнікоў іншых канфесій і рэлігій.

Пленарная асамблея завершыцца ў нядзелю, 1 кастрычніка, прыняццем выніковага дакументу, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў жніўні 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.

Мінск быў абраны для правядзення пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы падчас мінулагодняй асамблеі, якая праходзіла ў Манака. Трэба адзначыць, што беларуская сталіца прымае форум у рамках вышэйузгаданай арганізацыі ўжо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. тут праходзіла 35-я сустрэча генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў на тэму “Міграцыя – выклік для Еўропы”.

Варта зазначыць, што Беларусь усё часцей становіцца цэнтрам увагі з боку Паўсюднага Касцёла і Святога Пасаду. У 2014 г. у Мінску адбыўся IV Каталіцка-Праваслаўны форум “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”, у якім прынялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія іерархі з 22 краін кантыненту. У 2015 г. краіну наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія ў 2016 г. праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік папы Францішка кардынал Крыстаф Шонборн з Вены.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гаспадар форуму, назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для краіны ў цэлым.

Дыякан Алег Хмылко 7 кастрычніка ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім атрымае прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Пачатак святой Імшы ў 11.00.

Алег Хмылко нарадзіўся 13 красавіка 1989 года і паходзіць з парафіі Св. Андрэя Апостала ў Лынтупах. Вучобу ён распачынаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, а апошнія два гады вучыўся ў архідыяцэзіяльнай семінарыі ў Беластоку.

25 лютага 2017 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Дыяканскую практыку праходзіў у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

чытать далей

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі асвяціў новы алтар у касцёле на мінскай Кальварыі.

Новы алтар, як паведаміў пробашч кс. Андрэй Сіповіч, быў змайстраваны на ахвяраванні парафіянаў — сям’і Гайдук. Эўхарыстычны стол выраблены з дуба ў тым жа стылі, што і гатычны алтар, які з 1934 года знаходзіцца ў алтарнай частцы святыні.

Кальварыйскі касцёл, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. і адноўлены ў 1980 г., — адзіная мінская святыня, у якой да гэтага дня святар цэлебраваў Эўхарыстыю спiной да вернікаў, што было абумоўлена канструкцыяй існуючага тут алтара.

Previous
Next

Абрад асвячэння алтара з’яўляецца адным з найбольш значных у літургіі Касцёла, бо гэта месца, на якім цэлебруецца Эўхарыстыя, дзе парафіяльная супольнасць асаблівым чынам адчувае прысутнасць Бога і Яго дзеянне. 

чытать далей

12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле прайшла цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, падчас якой грэміяльныя і ганаровыя канонікі склалі прысягу.

Грэміяльныя канонікі атрымалі падчас інаўгурацыі капітула сімвалічныя пярсцёнкі і крыжы — знакі адрознення грэміяльных канонікаў.

Катэдральны капітул Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў заснаваны 13 красавіка 2017 года. Да гэтага  катэдральныя капітулы ў Беларусі ўжо былі заснаваны ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях.

 

Хто такія канонікі?

 

Прэзбітэраў, якія з’яўляюцца членамі капітула, называюць канонікамі. Да іх заданняў належыць здзяйсненне найбольш урачыстых літургічных цэлебрацый у катэдральным касцёле, а таксама выкананне тых абавязкаў, якія на іх ускладзены правам або дыяцэзіяльным біскупам. Асноўным дакументам, які рэгулюе дзейнасць капітула, з’яўляецца яго статут.

чытать далей

Вялікая беларуская дэлегацыя прымае ўдзел у 21-м Міжнародным кангрэсе дабрачыннай арганізацыі “Renovabis”, які ў гэтыя дні праходзіць ў нямецкім Мюнхене. Арганізатары невыпадкова запрасілі іерархаў, святароў, свецкіх вернікаў з Беларусі і іншых краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы, паколькі тут расце недавер да Еўропы Заходняй, у прыватнасці да Еўрапейскага Саюза і яго структур у Брусэлі. 

Сама ідэя еўрапейскай інтэграцыі знаходзіцца пад пагрозай, сведчаннем чаму з’яўляюцца крызісныя настроі ва ўсіх частках Еўропы, якія праяўляюцца ў тым ліку ў росце нацыяналістычных і папулісцкіх рухаў. Беларуская дэлегацыя з 6 па 8 верасня 2017 г. прыме ўдзел у дыскусіі на тэму “Крызіс як шанс для Еўропы. Уклад Касцёла”, мэтай якой стане высвятленне прычын незадаволенасці многіх людзей на Старым Кантыненце і пошук шляхоў вырашэння гэтай праблемы. 

Ці існуе еўрапейскі фундамент каштоўнасцяў, да якога варта вяртацца? Які ўклад можа ўнесці Касцёл? – такімі пытаннямі задаецца ў кантэксце Кангрэсу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў дэлегацыю Касцёла ў Беларусі.

чытать далей
Папа да палітыкаў: дабро чалавецтва на першым месцы

“Заклікаю сусветных лідэраў адкласці ў бок вузкія інтарэсы, каб разам імкнуцца да супольнага дабра чалавецтва”, - напісаў Святы Айцец праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Сваё кароткае паведамленне ён прымеркаваў да адкрыцця 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якое прайшло 12 верасня 2017 г. у Нью-Ёрку.

Францішак наведваў штаб-кватэру гэтай міжнароднай арганізацыі 25 верасня 2015 г. з нагоды адкрыцця юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі. У сваёй прамове ён таксама заклікаў пераадолець “неўпарадкаванасць, выкліканую безкантрольнымі амбіцыямі і калектыўным эгаізмам”, наступствам якіх становяцца войны, беднасць, несправядлівасць і рознага тыпу насілле.

29 чэрвеня — урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла

29 чэрвеня — урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла

 

Пётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнауме. Ён і яго брат Андрэй былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр (Kefas — скала) і заўсёды быў першым сярод апосталаў.

Каля Цэзарэі Філіпавай ён упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады атрымаў ад Езуса абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл. Нягледзячы на трохкратнае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак». У 64 ці 67 г. Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.

Звесткі пра жыццё святога Паўла дайшлі да нас у Дзеях Апосталаў, а таксама ў пасланнях самога апостала. Павел, чыё габрэйскае імя было Саўл, паходзіў з кілікійскага горада Тарса (на тэрыторыі сённяшняй Турцыі), дзе ён нарадзіўся ў фарысейскай сям’і. 

Маючы каля 19 гадоў, Саўл прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабінскай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста (між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана). 

З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. 

Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў, яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі.

Прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы прыблізна ў той жа час, што і Пётр. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. 

Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла. Наступнікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле.

 

Урачыстасць Усіх Святых.

Першага лістапада каталікі аддаюць пашану людзям, якія знаходзяцца на нябёсах і якіх прынята называць святымі Ва ўрачыстасць Усіх Святых успамінаюць не толькі тых, хто быў афіцыйна абвешчаны святым або блаславёным, але і невядомых нам святых. Можна сказаць, што першага лістапада ўшаноўваюцца адразу ўсе тыя, хто здабыў вечнае шчасце. Карані дня Усіх Святых ідуць у IV стагоддзе. Тады ў Антыёхіі ўшаноўвалі памяць шматлікіх пакутнікаў, імёны якіх не былі вядомыя. У 610 годзе, калі Папа Баніфацый IV атрымаў ад імператара Рымскай імперыі старажытную язычніцкую святыню Пантэон, туды былі перанесены шматлікія рэліквіі пакутнікаў, і гэты будынак быў асвечаны як храм Маці Божай Пакутнікаў. З датай гэтай падзеі было звязана рымскае свята Усіх Святых. Спярша ўшаноўваліся толькі Дзева Марыя і тыя, хто памёр за веру. У наступныя стагоддзі ўзнік культ “вызнаўцаў” — духоўных пакутнікаў. Гэтак жа, як пакутнік станавіўся сведкам Хрыста сваёю смерцю, так вызнаўца даваў сведчанне сваім жыццём. Узнікае пытанне: навошта ўспамінаць святых? Адказ можна пачаць з таго, што такім чынам мы ўшаноўваем іх памяць, гэтак жа, як мы ўшаноўваем памяць блізкіх нам людзей і выбітных асоб. Мы аддаем пашану іх святасці, якая для нас з’яўляецца прыкладам. Паўстае іншае пытанне: а што з маёй асабістай святасцю? Пасля таго як мы прачытаем біяграфіі святых, святасць можа нам падацца чымсьці недасяжным. Так можа адбыцца з той прычыны, што ў гэтых жыццярысах мала гаворыцца пра натуральныя чалавечыя рысы таго, хто быў абвешчаны святым. Можна, апраўдваючыся, сказаць, што мы жывём у іншых умовах, чым даўнія святыя. Аднак святасць заўсёды тая самая. Таму кожны чалавек няспынна чуе ціхі голас, які кажа яму: няхай у тваім жыцці будзе менш зла і больш дабра. Апошнім часам у Беларусі пачалі з’яўляцца праявы чужых звычаяў, не характэрныя для нашай культуры. З кожным годам у нашай краіне ўсё больш шырока адзначаецца так званы Хэлоўін. Традыцыя Хэлоўіна ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Каб цалкам адысці ад язычніцкага святкавання смерці, у ІХ стагоддзі ўрачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на першае лістапада. Сама назва “хэлоўін” (англ. halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых. Наступны дзень пасля ўрачыстаці Усіх Святых, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну памерлых вернікаў.


2 лістапада — дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых.

У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі. Таксама вернікі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія зачытваюцца перад набажэнствамі ў кожнай парафіі.

Падчас набажэнстваў на могілках, якія ўзначальвае святар, традыцыйна адбываецца працэсія, што складаецца з пяці стацый. На кожнай з іх чытаецца малітва за памерлых: І стацыя — за духавенства, ІІ стацыя — за бацькоў і продкаў, ІІІ стацыя — за сваякоў і дабрадзеяў, IV стацыя — за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, V стацыя — за ўсіх памерлых і за душы, якія церпяць у чыстцы. На заканчэнне святар асвячае могілкі і новыя помнікі. Вернікі запальваюць на магілах свечкі — сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.

Тое, што мы можам даць памерлым, — гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі. Актава ўспаміну ўсіх памерлых — асаблівы час для кожнага хрысціяніна. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці.

Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены св. Адылонам, абатам бэнэдыктынаў, у 998 г. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.

Гісторыя
 

  На пераломе ХІІ – ХІІІ стагоддзяў на гары Кармэль у Палестыне ўзнікла новая супольнасць пустэльнікаў, якіх

пазней назвалі кармэлітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль.

  У першай палове ХІІІ стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і

перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу, у якім апынуліся кармэліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны англійскі кармэліт, прасіў Марыю, каб захавала прысвечаны Ёй ордэн. Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага габіта, учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: “Гэта будзе прывілея для цябе і для ўсіх кармэлітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага”. Праз семдзесят гадоў пасля гэтай падзеі папа Ян ХХІІ у гэтак званай суботняй буле ад 3 сакавіка 1322 года да ранейшых прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы душы і цела) дадаў яшчэ суботнюю прывілею, якая датычыць абяцання Маці Божай, што ў першую суботу пасля смерці выбавіць з чысца таго, хто пабожна насіў шкаплер. Сёння Касцёл таксама памятае і развівае гэтую пабожнасць. У 1950 годзе, з нагоды 700-годдзя аб’яўлення Марыі Сымону Стоку, папа Пій ХІІ скіраваў да генеральных настаяцеляў абодвух кармэліцкіх ордэнаў спецыяльны ліст, у якім нагадаў пра суботнюю прывілею. Папа Ян ХХІІІ назваў суботнюю прывілею “вельмі каштоўнай для пабожнасці вернікаў”. Папа Ян Павел ІІ між іншым сказаў: “У шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны хрыстацэнтрычны і Марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю! Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак – шкаплер, які нашу ўжо даўно. Я застаўся верны шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай. Дзень Маці Божай Шкаплернай для мяне вельмі дарагі”.

Духоўнасць

 

  Шкаплер – гэта адзін з сакрамэнталіяў Касцёла, роляй якіх заключаецца ў асвячэнні розных жыццёвых

акалічнасцяў чалавека, падрыхтоўка вернікаў да прыняцця асвячальнай ласкі. Праз шкаплер Марыя дала нам асаблівую дапамогу, вельмі патрэбную на штодзённым шляху да вечнага жыцця. Кармэліцкі шкаплер з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Марыі, нашай Каралевы, Сястры і Маці. Уводзіць нас у рэчаіснасць духоўнага мацярынства Марыі, якая пад Крыжам атрымала ад Хрыста заданне клапаціцца пра кожнага чалавека (пар. Ян 19, 26). Адказваючы на просьбу Сына, Яна ахінае нас сваёй апекай, “як плашчом”. Як у Бэтлеемскай гроце Яна клапацілася пра нованароджанага Езуса, спавіваючы ў пялёнкі, каб сагрэць Яго, так і сёння хоча духоўна ахінуць нас, сваіх дзяцей. Марыя вучыць нас наследаванню Езуса. Шкаплер жа азначае нашую гатоўнасць стаць падобнымі да Яе Сына.

  Кожны, хто надзявае святы шкаплер, далучаецца да марыйнай пабожнасці Кармэлю: мае ўдзел ва ўсіх духоўных

плёнах малітвы і жыцця кармэліцкай сям’і і ўсю спадчыну Кармэлю можа лічыць сваёй. Кожны, хто “аздоблены” шатай Марыі, запрошаны штодзённа ствараць кармэліцкую духоўнасць. Ідэал Кармэлю – верная малітва, сузіранне Бога, свабода і, вынікаючае з яе, служэнне братам па прыкладзе Марыі. Гэтыя заданні можна рэалізаваць рознымі спосабамі, згодна са станам свайго жыцця. Вяршыняй кармэліцкага ідэалу з’яўляецца гатоўнасць ісці разам з Марыяй, а таксама з сёстрамі і братамі да Бога, які з’яўляецца Любоўю.

Абяцанні

чытать далей

Марыя — прыклад пакоры, любові і дабрыні для кожнага з нас. Менавіта да Яе ў самы яскравы вясновы месяц мы ўзносім свае малітвы, каб праз Яе заступніцтва атрымаць у Бога патрэбныя дары і ласкі.  

Адкуль пайшло маёвае набажэнства?

Гісторыя маёвых набажэнстваў пачалася яшчэ ў далёкім V стагоддзі. Тады ў Егіпце хрысціяне копты збіраліся ў маі на працягу ўсяго месяца і спявалі песні ў гонар Марыі. 

На Захадзе ж яшчэ ў І стагоддзі ў некаторых мясцовасцях май лічыўся месяцам Марыі. І паступова ўзнікла прапанова прысвяціць гэты месяц Божай Маці.

Напрыклад, іспанскі кароль Альфонс Х (памёр у 1284 г.) не толькі сам удзельнічаў у маёвых набажэнствах, але і заахвочваў да гэтага ўсіх сваіх падданых.

Упершыню май назвалі месяцам Марыі ў 1549 годзе ў Германіі. Тады была выдадзена кніга «Май духоўны». А ў пачатку ХІХ стагоддзя Папа Пій VII выдаў булу, якой дазволіў практыкаваць маёвыя набажэнствы. 

 

Гэтую малітоўную практыку Папа заахвоціў праводзіць з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля афіцыйнага адабрэння Святым Пасадам маёвае набажэнства пачало шырока распаўсюджвацца ў Касцёле. 

 

Паступова з’явіўся звычай праводзіць набажэнствы каля прыдарожных каплічак, бо не ўсе вернікі маглі даязджаць да касцёла. 

 

Айцы езуіты паступова распаўсюдзілі маёвыя набажэнствы па ўсёй Італіі, а таксама на тэрыторыі Францыі. Папа Пій VII устанавіў спецыяльны адпуст, звязаны з набажэнствам. А ў 1859 годзе благаслаўлёны Пій ІХ зацвердзіў канчаткова форму маёвага набажэнства, якое ўключае Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, навучанне святара і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. 

 

Ужо да канца ХІХ ст. маёвае набажэнства распаўсюдзілася практычна па ўсім свеце. На нашы землі яго прынеслі таксама айцы езуіты. 

чытать далей

27 красавіка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала больш за 130 чалавек.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што чалавек, які ў сакрамэнце канфірмацыі прымае дар Святога Духа, становіцца моцным хрысціянінам, «тым, хто шукае супакою пры любых умовах».

Святар зазначыў, што, прымаючы дар Святога Духа, кожны чалавек атрымлівае таксама канкрэтнае заданне «трываць у Хрыстовай любові і захоўваць Яго навуку».

«Трэба любіць Бога без увагі на тое, радасці ў жыцці чалавека ці смуткі, вядзе дарога ў яго жыцці ўгару ці з горкі. Трэба любіць людзей без уліку таго, любяць яны мяне ці ненавідзяць, шануюць мяне ці раўнадушна праходзяць міма», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.

чытать далей

26 красавіка парафія Маці Божай Фацімскай у Дуброўне (Віцебская дыяцэзія) перажывала падвойнае свята: падчас кананічнай візітацыі парафіі Віцебскі ардынарый здзейсніў асвячэнне муроў касцёла. 

 

Перад гэтым біскуп Віцебскі ўсклаў вянок ў мемарыяльным комплексе «Рыленкі», дзе знайшлі свой апошні прытулак воіны, якія загінулі падчас вызвалення Дуброўна у 1944 годзе.

Пачаткі

Дождж шчодра палівае рознакаляровыыя сцяжкі, якімі ўпрыгожана тэрыторыя вакол касцёла. Але, нягледзячы на дождж і шэрае неба, настрой у парафіян узнёслы. І ў гэты святочны дзень яны з гонарам успамінаюць пачаткі адраджэння сваёй  парафіі.

 

Леакадзія Арлова жыве тут ужо 40 гадоў — у 1975 г. яна прыехала сюды па размеркаванні з Гродзеншчыны. У параўнанні з захадам тут была проста «духоўная пустыня» — апошнія парасткі веры былі жорстка вынішчаныя яшчэ перад вайной.

Таму для соцень тых, хто прыбыў на сталае жыхарства ва ўсходнія раёны Беларусі гэта было і пэўнае «развітанне» з Касцёлам — хіба раз на год, наведваючы родны мясціны, людзі мелі магчымасць прыйсці на Імшу ў касцёл, а нехта ў такіх умовах  і ўвогуле пра яго забываўся.

 

Больш падрабязна пра гісторыю парафіі чытайце тут»

 

Леакадзія прыгадвае, як у 1990-ыя гг., шукаючы духонай апоры, яна знайшла касцёл у Оршы, ездзячы на Імшу за 18 кіламетраў. А затым айцец Яраслаў Хыбза МІС, які на той час служыў у Оршы, папрасіў яе адшукаць католікаў у Дуброўне. Вось так і сабралася ў Дуброўне разам група каталікоў.  

Першапачаткова новаствораная супольнасць збіралася на Імшу ў кватэры спадарыні Леакадзіі, таксама у Пятра Жыха. Пасля вяртання ў Дуброўна праз шмат гадоў супольнасці бернардынцаў, калі ў 2001 г. сюды прыехалі на службу айцец Сабін Яцэк Тлок OFM і Адам Наталіс Фалькус OFM, для парафіяльнай супольнасці была набыта хата ў мікрараёне Бярозкі.

чытать далей