НАВIНЫ

БІСКУП КАШКЕВІЧ НА АДКРЫЦЦЁ СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ: „ЯК АДНА ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАЯ СЯМ’Я, ЖАДАЕМ УСЛУХОЎВАЦЦА Ў ГОЛАС ДУХА СВЯТОГА”
 
 

imsza sinod 1716 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне распачаўся І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі.

Апошнім пунктам адкрыцця была супольная Эўхарыстыя ў інтэнцыі Сінода, які дапаможа ацаніць тое, што ўдалося дасягнуць у мінулыя гады, і са скарбніцы гэтага досведу ўзяць усё, што зробіць евангелізацыйную місію яшчэ больш плённай і што дазволіць дайсці з радасным пасланнем Евангелля да сэрца кожнага чалавека.

Урачыстую святую Імшу з удзелам шматлікіх святароў, сясцёр законных і свецкіх прадстаўнікоў многіх парафій дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы прынялі ўдзел таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры манс. Марынко Антолавіч.

“Марыя з мацярынскай міласэрнай любоўю схілілася над чалавецтвам”

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сярод многіх тытулаў, якія хрысціянскі народ два тысячагоддзі надае Найсвяцейшай Панне Марыі, “ёсць адзін, асабліва нам блізкі і дарагі: Маці Міласэрнасці”.

“Цудоўная сустрэча міласэрнай любові Бога Айца з убоствам паўшага чалавецтва ажыццявілася ў асобе Езуса Хрыста, Сына Божага, які на дрэве крыжа здзейсніў справу адкуплення, - сказаў іерарх. – Там, на Галгоце, раз і назаўсёды, самым поўным і канчатковым чынам была аб’яўлена свету таямніца міласэрнай любові Бога. Калі мы называем Марыю Маці Міласэрнасці, жадаем падкрэсліць, што ў гэтым дзівосным аб’яўленні таямніцы Божай Міласэрнасці Яна мае свой выключны, асаблівы ўдзел”.

imsza sinod 9

“Ніхто іншы ў свеце не пазнаў так, як Марыя, глыбіні таямніцы Бога, які стаўся чалавекам, - працягваў біскуп. – Яна з’яўляецца сапраўды шэдэўрам Бога, бо ласка, якой Марыя была адорана ва ўсёй паўнаце, захавала Яе нават ад найменшага скажэння граху”.

“Яна ўся прыгожая, беззаганная, створаная ад пачатку праз ласку і міласэрнасць, - заўважыў іерарх. – Гэты выключны прывілей Марыі ўчыніў Яе здольнай да вялікага прысвячэння і поўнай вернасці Пану Богу. (…) Калі мы чытаем Евангелле, выразна відаць, як Марыя ўмее слухаць Бога, як дае сябе весці Божай ласцы, як цудоўна здольная кожным сваім учынкам рэалізаваць тое, да чаго абавязалася ў хвіліну Звеставання”.

“Мы называем Яе Маці Міласэрнасці, бо Яна з мацярынскай міласэрнай любоўю схілілася над чалавецтвам, просячы для сваіх дзяцей патрэбныя ласкі і дары, каб, нягледзячы на цяжкасці і небяспекі гэтага жыцця, яны маглі дайсці да радасці нябеснай Айчыны”, - падкрэсліў гродзенскі ардынарый.

imsza sinod 3

“Жадаем яшчэ больш “жыць Евангеллем””

Кажучы пра распачацце Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх адзначыў: “Як адна дыяцэзіяльная сям’я, жадаем разам услухоўвацца ў голас Духа Святога, каб магчы добра прачытаць знакі часу, прыняць правільныя рашэнні, знайсці найлепшыя вырашэнні бягучых праблем і выклікаў будучыні. Жадаем яшчэ больш “жыць Евангеллем” – Добрай Навіной пра Бога, які так палюбіў свет, “што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16)”.

“З простай, дзіцячай верай у моц матчынага заступніцтва Марыі даверым Ёй сёння наш Касцёл на Гродзеншчыне і працу Сінода, які распачынаецца. Няхай Маці Міласэрнасці просіць для нас усіх глыбокую веру, святло Духа Святога, вернасць спадчыне мінулага і адвагу позірку ў будучыню. Няхай Марыя будзе для кожнага з нас надзейнай і нястомнай Кіраўніцай у сінадальнай пілігрымцы веры, якую сёння пачынаем. Няхай Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі будзе нашым верным і адважным „fiat”, якое, на ўзор Марыі, скажам Нябеснаму Айцу, багатаму міласэрнасцю”,- пажадаў біскуп.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся манс. Марынко Антолавіч, які адзначыў, што з вялікай узрушанасцю перажываў гэтую ўрачыстасць і ўспрымае як вялікі гонар тое, што з’яўляецца сведкам гэтай гістарычнай падзеі. Ад імя Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра святар скіраваў віншаванні і пажаданні для ўсіх вернікаў дыяцэзіі з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Міласэрнасці, галоўнай Апякункі дыяцэзіі, і з нагоды адкрыцця І Дыяцэзіяльнага Сінода.

imsza sinod 23

“Няхай гэты Сінод будзе напоўнены Духам Святым і няхай Ён ім кіруе. Адкрыйцеся на Яго Божае дзеянне”, – дадаў Першы сакратар нунцыятуры.

Біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў біскупу Гродзенскаму за ініцыятыву адкрыцця Сінода і за вялікі клопат аб сённяшнім і заўтрашнім дні супольнасці мясцовага Касцёла.

Сінод скліканы біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам для апісання і вызначэння аблічча партыкулярнага Касцёла, для ўзрастання ў веры і любові ў супольнасці. Дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца кансультатыўным сходам, які ўтвараюць святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Касцёла на Гродзеншчыне.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла

БПЦ ПРАДСТАВІЛА НОВЫ ЗАПАВЕТ ПА-БЕЛАРУСКУ. КАСЦЁЛ - НАСТУПНЫ

25 лістапада Каталіцкі касцёл прэзентуе свой пераклад.

Беларуская праваслаўная царква 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску ўрачыста прэзентавала выданне «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» - першы кананічны пераклад Евангелля на беларускую мову. Над гэтым перакладам спецыялісты Біблейскай камісіі БПЦ пачалі працу 25 гадоў таму па благаслаўленні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Зараз выданне прадстаўляў цяперашні Мітрапаліт Павел. Пераклад быў зроблены са старажытнагрэцкага тэксту, які традыцыйна ўжываецца ў Праваслаўнай царкве.

Арцыпастыр Каталіцкага касцёла ў Беларусі, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прысутнічаў на прэзентацыі, адзначыў, што праваслаўны пераклад Новага Запавету «будзе спрыяць далейшаму развіццю духоўнага пастырства» і ўнясе свой важкі ўклад у развіццё беларускай культуры. Пераклад будзе карысны і Каталіцкаму касцёлу, упэўнены іерарх.

Выданне выпусцілі адмыслова да 500-годдзя першай беларускай друкаванай кнігі - Бібліі Францішка Скарыны. Да гэтага ж юбілею свой першы афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову выпусціў і Каталіцкі касцёл ў Беларусі. Прэзентацыя кнігі адбудзецца 25 лістапада ў Чырвоным касцёле Мінска падчас біблейскага сімпозіума.

Таксама абноўлены беларускі пераклад Новага Запавету падрыхтавалі спецыялісты Беларускага Біблейскага таварыства - на аснове рукапісаў каталіцкага святара Уладзіслава Чарняўскага.

katolik.life

Таямнічы свет падману

Тэма духоўнай барацьбы, дзейнасці ўзбунтаваных анёлаў, альбо нячыстых духаў, якіх мы яшчэ называем дэманамі, вельмі шырокая, інтрыгуючая, аднак і небяспечная, калі да яе ставіцца павярхоўна. Таму лічу неабходным не столькі раскрываць яе, колькі звярнуць увагу чытачоў на некаторыя найбольш важныя аспекты духоўнай барацьбы, на тыя сродкі, якія мы маем, але часта не выкарыстоўваем.

Ці ўсё мы павінны ведаць?

Увогуле для веруючага чалавека няма пытання пра існаванне добрых і злых духаў, бо пра гэта нам кажа Біблія, асабліва Евангелле, навучае Касцёл, ды і мы самі часта маем той альбо іншы ўласны досвед. Таму для нас важна не столькі само пытанне пра існаванне дэманаў, а тое, што́ мы пра іх ведаем і што нам неабходна ведаць.

Ужо на першых старонках Бібліі мы чытаем пра таямнічую постаць сатаны, узбунтаванага духа, які спакушае Адама і Еву, але мала хто з нас звяртаў увагу на тое, што ён названы не сатаною, а толькі змеем. Вядома, мы разумеем, пра каго ідзе гаворка, і, тым не менш, Біблія не раскрывае нам яго прыроды – ён хаваецца за таямнічаю выяваю хітрага змея. Далей у Бібліі, як гэта ні дзіўна, таксама не шмат апавядаецца пра сатану і іншых злых духаў. Інфармацыя сапраўды вельмі абмежаваная, таму ўзнікае пытанне: няўжо Бог не мае чаго сказаць нам пра нашых заклятых ворагаў? Канечне, мае. Бог можа даць нам шмат адказаў і паказаць усе нюансы пра ўзбунтаваных анёлаў, але не робіць гэтага. Чаму? У гэтым бачыцца вялікая Божая мудрасць.

…Гадоў пятнаццаць таму я чытаў шмат кнігаў на тэму вызвалення і экзарцызмаў, аднак усе гэтыя кнігі неслі ў сабе даволі абмежаваныя веды альбо досвед розных святароў, а не афіцыйную навуку Касцёла і не навучанне Бібліі. Я паўтараў за іншымі, што трэба ведаць ворага, каб перамагчы яго, а пасля пачаў заўважаць, што гэтыя веды не набліжаюць мяне да Бога, а, хутчэй, наадварот, — могуць заблытаць.

У Бібліі Бог гаворыць пра сябе, пра адносіны з Ім і пра Божае Валадарства. Гэта тое, што нам трэба ведаць, чым мы павінны жыць, што нам абсалютна неабходнае. Людзі ж, якія шмат цікавяцца экзарцызмамі і злымі духамі, вельмі часта не могуць, паклаўшы руку на сэрца, з упэўненасцю сказаць, што яны ведаюць нашага Пана, чытаюць і жывуць Яго Словам, шмат моляцца. І атрымліваецца дзіўны парадокс: тыя, хто імкнецца пазнаць стратэгію ворага, не ведае стратэгіі свайго Гаспадара, не ведае Таго, Хто на іх баку. У выніку атрымліваецца, што чалавек нібыта і ступае на тэрыторыю ворага, але стаіць там адзін, як голае дрэва. Падобнае, на жаль, назіраецца ў жыцці многіх хрысціянаў, якія «занурыліся» ў дэманічныя тэмы.
Заўважце, што змей, які спакушаў Еву, абяцаў ёй даць пазнанне дабра і зла, каб ведаць усё, як Бог. Вось толькі ці трэба нам усё ведаць? Трагічны вопыт першых людзей паказвае, што не ўсё нам трэба ведаць…

Наблізьцеся да Бога — і ўцячэ ад вас вораг

Хтосьці можа сказаць: «Ну добра, але калі мы не будзем ведаць нашага ворага, то як мы будзем супрацьстаяць яго дзеянню?».

На гэтае пытанне нам дае адказ Біблія: яна адкрывае нам менавіта тое, што трэба ведаць. Дадатковая ж інфармацыя можа быць карыснаю, але можа таксама і адводзіць ад галоўнага, увесці ў зман. Таму адназначна нельга сказаць, што мы нічога не павінны ведаць пра нашага ворага, але наша задача не столькі цікавіцца гэтым, колькі прыняць неабходную інфармацыю ад Бога.

чытать далей
ПАРАФІЯ СВ. ЯНА ПАЎЛА ІІ У ГРОДЗЕНСКІХ ПАГАРАНАХ АТРЫМАЛА ДЗЯРЖАЎНУЮ РЭГІСТРАЦЫЮ

Стала вядома, што пакліканая да існавання дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча парафія Св. Яна Паўла ІІ у мікрараёне Пагараны ў Гродне атрымала дзяржаўную рэгістрацыю.

Адпаведны дакумент быў выдадзены ўладамі 23 кастрычніка, праз дзень пасля літургічнага ўспаміну святога Папы – апекуна парафіі.

У каментарыі для grodnensis.by ксёндз Генрык Яблонскі, пробашч парафіі, адзначыў, што гэта вялікая радасць для вернікаў гэтага мікрараёна, якім не абыякавыя справы Касцёла і рэлігіі і якія жадаюць браць актыўны ўдзел у будаванні супольнасці. Для іх гэта важна, яны гатовы цалкам прысвяціць сябе гэтай ідэі.

„Сёння ўсё ў руках Пана Бога і ў Яго планах. Малюся аб тым, каб змог гэтыя Божыя намеры правільна прачытаць. Усё давяраю Пану Богу праз заступніцтва нашага апекуна – св. Яна Паўла ІІ”, – сказаў пробашч.

Належыць дадаць, што 15 кастрычніка ў мікрараёне Пагараны ў Гродне быў асвечаны каталіцкі крыж, які знаходзіцца пры ўездзе ў раён. Асвячэнне крыжа адбылося ў сімвалічны дзень, напярэдадні 39-й гадавіны абрання Яна Паўла ІІ на Апостальскі Пасад.

Для вернікаў гэта асаблівы знак, і яны перакананы, што святы Папа дапаможа ім у будаўніцтве найперш жывога Касцёла, які складаецца з чалавечых сэрцаў, a ў будучыні сваёй святыні.

grodnensis.by

У ГОМЕЛІ БУДЗЕ СЛУЖЫЦЬ ДРУГІ КАТАЛІЦКІ СВЯТАР - БЕЛАРУС АНДРЭЙ БАГДАНОВ

У Гомелі будзе служыць другі каталіцкі святар - беларус Андрэй Багдановіч

Апошнія месяцы ў якасці дыякана ён служыў у гомельскай парафіі.

11 лістапада 2017 года ў катэдральным касцёле ў Пінску падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, сан святара атрымаў 24-гадовы Андрэй Багдановіч. Апошнія чатыры месяцы ў якасці дыякана ён служыў у гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці. Ужо святаром ён вернецца ў Гомель і працягне тут сваю пастырскую дзейнасць. Рашэнне аб тым, што сюды будзе накіраваны новы святар, прынята ўжо афіцыйна. У бліжэйшы час кс. Андрэй правядзе сваю першую святую Імшу ў роднай вёсцы, а ў канцы лістапада - у Гомелі.

- Гэта велізарны дар ад Бога, каб служыць Яму і людзям. Гэта вельмі важны крок для мяне, - казаў выпускнік семінарыі напярэдадні пасвячэння.

З Гомеля у Пінск была арганізавана паездка для вернікаў, якія змаглі падзяліць з кс. Андрэем яго радасць.

Андрэй Багдановіч нарадзіўся 4 лістапада 1993 г. у вёсцы Палонка Баранавіцкага раёна. У 2011 годзе паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 22 кастрычніка 2016 гады ён стаў дыяканам. Чытайце яго інтэрв'ю пра гісторыю паклікання.

Нагадаем, раней у гомельскай каталіцкай парафіі служылі польскія святары. Нядаўна новым пробашчам стаў беларус Юрый Варанко.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала семінарыі ў Пінску «Біблію Скарыны»

9 лістапада ў сценах Брэсцкай абласной бібліятэкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў у дар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску факсімільнае выданне «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» ў 20 тамах.

Цырымонія перадачы адбылася ў межах святкавання 500-годдзя выдання Скарынам першай друкаванай кнігі на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Як адзначыў Раман Матульскі, прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання адбылася ва ўсіх найбольш буйных цэнтрах навукі і культуры свету. Цяпер выданне прэзентуецца ў асноўных навучальных установах і бібліятэках Беларусі.

Рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка падзякаваў за працу над выданнем і за падарунак Раману Матульскаму і ўсяму калектыву навукоўцаў, якія прычыніліся да векапомнага выдання «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны».

Ксёндз Рылка звярнуў увагу сабраных на велізарнае культуратворчае і духоўнае значэнне як постаці першадрукара, так і выдадзеных ім біблійных твораў. Рэктар семінарыі адзначыў, што 20-томная біблійная спадчына Скарыны зойме пачэснае месца ў багатым фондзе духоўнай літаратуры семінарыйнай бібліятэкі ў Пінску.

Catholic.by

У 23 гады стала маці 13 дзяўчынак

18-гадовай дзяўчынай Кэці паехала ва Уганду на тры тыдні. Вярнуўшыся адтуль, прывезла для сваёй сям’і дзіўную навіну, паведамляе deon.pl.

Пасля гэтага выезду Кэці Дэвіс Мейджорс вырашыла пакінуць вучобу і свае планы. Вырашыла вярнуцца ва Уганду як місіянерка, якая будзе вучыць мясцовых дзяцей.

У 23 гады яна ўдачарыла 13 маладых дзяўчынак і займалася імі як адзінокая маці.

Праз некалькі гадоў сустрэла сваё каханне — таксама місіянера.

— Гэта самы вялікі падарунак ад Бога! Знайсці чалавека, які не толькі зацікаўлены тым, чым я займаюся; але захоплены думкай увайсці ў такое сумеснае жыццё, — кажа Кэці. Яна падкрэслівае, што гэты вопыт даў ёй нямала натхнёных думак, дапамог спадзявацца на Бога, у прыватнасці перад тварам пакуты і трагедый.

— Я змагалася з пытаннем: кім ёсць Бог? Хто Ён такі? Я ўбачыла, што Бог ёсць тым, кім Ён сам кажа, што ёсць: Ён добры, верны і імкнецца радаваць сваіх людзей, — кажа Кэці.

Людзі па ўсім свеце захопленыя радасцю і шчодрасцю Кэці, якая натхняе іншых, каб давалі тое, што маюць, і знаходзілі Бога ў штодзённасці свайго жыцця.

Святы Пасад у ААН: выкараніць ісламісцкую ідэалогію

Не дастаткова толькі перамагчы “Ісламскую дзяржаву”, трэба таксама выкараніць пасеяную ёй варварскую і варожую чалавецтву ідэалогію, падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у форуме, прысвечаным будучыні меншасцяў, якія падвяргаюцца пераследу з боку гэтай тэрарыстычнай групоўкі.

 

Папскі дыпламат падкрэсліў, што на злачынствы, учыненыя ісламістамі, міжнародная супольнасць павінна адказаць з поўнай рашучасцю. “Мы павінны быць цвёрдымі як камень”, - дадаў ён і адзначыў важнасць вырашэння эканамічных і палітычных праблем, на якія спасылаюцца ў сваёй рыторыцы ісламісцкія прапагандысты.

Неабходна таксама забяспечыць меншасцям свабоду веравызнання і іншыя грамадзянскія правы, у тым ліку ў тых краінах, дзе існуе “афіцыйная рэлігія”. Ватыканскі прадстаўнік у ААН нагадаў пра асаблівую адказнасць рэлігійных лідэраў. “Без аніякага ценю двухсэнсоўнасці яны павінны асудзіць забойствы ў імя Бога і выкарыстанне рэлігіі для апраўднання насілля і тэрарызму”, - сказаў арцыбіскуп Ауса.

Святы Пасад: мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй

Прадстаўнік Святога Пасаду 7 лістапада 2017 г. выступіў на Міжнароднай канферэнцыі пра ролю рэлігіі ва ўмацаванні глабальнага міру, якая прайшла ў Жэневе. Мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй – ён магчымы, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

 

Ён заўважыў, што сёння тэхналогія вайны становіцца больш вытанчанай: пастаянна вырабляюцца новыя віды зброі, якія ігнаруюць чалавечую прысутнасць і любую этычную адказнасць. Сярод асноўных прычын насілля ў наш час: тэрарызм, пірацтва, канфлікты за кантроль над мінеральнымі рэсурсамі, фундаменталізм, а таксама нерэгуляваны фінансавы капіталізм, канкурэнцыя за ўладу і надмерная прага прыбытку, заўважыў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

 

Сёння 90% ахвяр узброеных канфліктаў складаюць грамадзянскія асобы, заўважыў ён. Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але вынік працэсу культурнага, маральнага і духоўнага ачышчэння і развіцця кожнага чалавека і кожнага народу. Евангелле называе шчаслівымі міратворцаў, а хрысціяне лічаць мір месіянскім дарам і плёнам чалавечых намаганняў праз ісціну, свабоду, любоў і справядлівасць.

Свет сапраўды хоча міру, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч, і нагадаў, што ў апошнія гады з боку ўрадаў, Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў гучыць шмат заклікаў да спынення ўсіх гвалтоўных канфліктаў. Права народаў на мір таксама было прадметам рэзалюцый і заклікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Па-ранейшаму неабходна сур’ёзна дзейнічаць у галіне ядзернага і звычайнага раззбраення. І тут, на думку Святога Пасаду, вельмі важна мець моцнае пачуццё глабальнай салідарнасці паміж багатымі і беднымі краінамі, кіруючыся агульным этычным кодэксам.

 

Ватыканскі дыпламат шырока працытаваў папу Францішка, які ў сваім пасланні на Сусветны дзень міру ў 2014 г. нагадаў, што толькі “сапраўдным духам братэрства” можна пераадолець “індывідуалістычны эгаізм”, які не дазваляе людзям жыць разам гарманічна і свабодна. 

 

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў падтрымліваць братэрскія адносіны, у тым ліку і праз служэнне найбольш пакрыўджаным і маргіналізаваным. Менавіта на аснове братэрства будуецца мір, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

10 лістапада 2017 г. арцыбіскуп Пінтэр быў прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане папам Францішкам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні, у тым ліку магчымы візіт Францішка ў Беларусь. 

“Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем”, - дадаў ён.

Па словах арцыбіскупа Пінтэра, аўдыенцыя прайшла ў вельмі цёплай і станоўчай атмасферы. Пантыфік уразіў свайго дыпламатычнага прадстаўніка глыбокім веданнем сітуацыі ў Беларусі.

“Да майго вялікага захаплення, Папа вельмі добра паінфармаваны аб Беларусі. Канешне, я ведаў аб гэтым, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі”, - сказаў іерарх.

Урачыстае святкаванне 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святы Пасадам і Беларуссю прайшло раней – 4 кастрычніка 2017 г. У гэты дзень у Мінску быў урачыста адкрыты новы будынак Апостальскай нунцыятуры. У цырымоніі прыняў удзел высокі прадстаўнік Пантыфіка, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы. radiovaticana.va

чытать далей
МАЛІТВА Ў ІНТЭНЦЫІ І СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Божа, Адзіны ў Святой Тройцы, з’яднаныя ў супольнасці гродзенскага Касцёла, мы хочам разам вырушыць у дарогу, каб добра падрыхтаваць і плённа перажыць першы дыяцэзіяльны сінод.

Просім Цябе, Ойча, поўны міласэрнасці, напоўні нас сваёй праўдай, любоўю і супакоем, каб мы верна здзяйснялі Твой план збаўлення чалавецтва, былі адкрытыя на дар актыўнага супрацоўніцтва ўсіх вернікаў дыяцэзіі.

Просім Цябе, Езу, Сыне Жывога Бога, каб мы заўсёды з вялікай пакорай і даверам распазнавалі знакі часу ў святле Евангелля, будуючы супольнасць нашай дыяцэзіі паводле Твайго вобразу.

Заклікаем Цябе, Дух Святы Жыватворца, каб мы, напоўненыя Тваімі дарамі, аднавілі і ажывілі супольнасць гродзенскага Касцёла ў еднасці з Паўсюдным Касцёлам.

Марыя, Маці Міласэрнасці, Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі, вядзі нас і падтрымлівай у сінадальнай пілігрымцы веры!

Святы Казіміру, маліся за нас!

Святы Максімільяне Марыя Кольбэ, маліся за нас!

Бласлаўлёныя сёстры мучаніцы з Навагрудка, маліцеся за нас!

Бласлаўлёны Генрыху Глябовіч, маліся за нас!

Бласлаўлёная Мар’яна Бярнацкая, маліся за нас!

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у нашым лакальным Касцёле адбудзецца незвычайная ўзнёслая падзея, якая мае вялікае значэнне для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. У гэты дзень будзе ўрачыста адкрыты Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі.

Маючы на ўвазе ранг гэтай падзеі і яе практычнае значэнне для нашага Касцёла на Гродзеншчыне, я пастанавіў скіраваць да вас, умілаваныя браты і сёстры, маё пастырскае слова, у якім растлумачу прыроду і характар дыяцэзіяльнага Сінода, прадстаўлю прычыны, якія прамаўляюць за яго скліканне, а таксама паведамлю пра яго галоўныя задачы і мэты.

Пачаткі інстытуту сінода можна назіраць ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства, калі біскупы праводзілі нарады са святарамі, як сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі, для кансультавання перад прыняццем важных рашэнняў і з мэтай супольнага пошуку найлепшых вырашэнняў актуальных праблем і выклікаў. Гэтая спецыфічная форма сходаў духавенства пад кіраўніцтвам біскупа называлася тэрмінам “сінод”, які можна перакласці з грэчаскай мовы як “супольны шлях”. Такім чынам, сінод азначае не столькі сход, колькі крочанне разам тым самым шляхам, супольнае імкненне да вызначанай мэты. Сінод можна таксама разумець як своеасаблівае сыходжанне шляхоў чалавечага жыцця з Божым шляхам, з мэтай усё больш поўнага і глыбокага яго адкрыцця.

На працягу стагоддзяў адбываліся шматлікія змены ў разуменні і функцыянаванні дыяцэзіяльных сінодаў. Да найважнейшых трэба залічыць тыя, якія былі ўведзены ІІ Ватыканскім Саборам, калі да ўдзелу ў працах дыяцэзіяльных сінодаў былі запрошаны – акрамя духавенства і кансэкраваных асобаў, выконваючых служэнне ў дыяцэзіі, – таксама свецкія вернікі. Яны могуць прымаць удзел у дыскусіях сінода, выражаць сваё меркаванне, мець уплыў на характар выніковых дакументаў. Такім чынам была яшчэ больш падкрэслена калегіяльнасць сінода і сумесная адказнасць усёй дыяцэзіяльнай супольнасці – значыць не толькі душпастыраў, але і вернага люду – за ўласны лакальны Касцёл.

Паводле абавязваючага на сённяшні дзень касцёльнага заканадаўства, “дыяцэзіяльны сінод з’яўляецца сходам выбраных святароў, а таксама іншых вернікаў партыкулярнага Касцёла, які для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сведчыць дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу” (кан. 460 ККП). Належыць заўважыць, што сінод не з’яўляецца калегіяльным заканадаўчым інстытутам, але мае дарадчы голас, праз што дапамагае біскупу ў лепшым распазнанні сітуацыі лакальнага Касцёла і ў больш паспяховым фармаванні душпастырскага аблічча дыяцэзіі. Для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сінод з’яўляецца шансам “навучання Касцёла”, запрашэннем да яшчэ больш актыўнага і свядомага ўключэння ў яго “сёння” і да адказнага клопату пра яго “заўтра”.

чытать далей

Памятны знак, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія аддавалі свой грамадзянскі абавязак у розных “гарачых кропках” планеты – Афганістане, Анголе, Егіпце – ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты ў Астраўцы 4 лістапада.

Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел кіраўнікі раённай улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый

IMG_4371.jpg

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Яраслававіч Шалудзін, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі грамадзянскага аб’ядання  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”Аляксандр Аляксандравіч Вітко, старшыня Астравецкай раённай арганізацыі грамадзянскага аб’ядання  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”Сцяпан Сцяпанавіч Ціток, аўтар праекта, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Сяргеевіч Шомаў знялі ахоўнае пакрывала…

IMG_4323.jpg

І перад вачамі ўдзельнікаў мітынгу – воінаў-інтэнацыялістаў, якія лепш за ўсіх ведаюць, каму і за што ўстаноўлены гэты помнік; іх родных і блізкіх, якія чакалі сыноў з той незразумелай вайны, жонак і дзяцей, якія дзялілі ўсе гэтыя гады іх боль і памяць; юнакамі і дзяўчатамі, для якіх слова “Афганістан” – усяго толькі назва далёкай азіяцкай краіны – паўстала фігура воіна, знясіленага спякотай, баямі, чужынай, які нарэшце вярнуўся дамоў… На жаль, двое з астравецкіх хлопцаў, Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц, больш ніколі не абнялі сваіх маці…

чытать далей

У лістападзе мы ўспамінаем тых, каго больш няма з намі. Кветкі і лампадкі з’яўляюцца ледзь не ля кожнай магілы, а ў сценах храмаў гучаць прозвішчы і імёны тых, хто адышоў да Бога.

З ксяндзом-вікарыем касцёла святых Космы і Даміяна Юрыем Ясевічам мы пагутарылі пра святых, у тым ліку беларускіх, і святасць, пра тое, як растлумачыць дзецям сэнс гэтага свята і што павінен зрабіць кожны каталік у Задушны дзень.

–  1 лістапада мы ўспамінаем Усіх Святых. Ксёндз Юрый, растлумачце што гэта за свята.

– Жыццё чалавека не заканчваецца смерцю, бо наша душа – бессмяротная. Каталікі ўсяго свету 1 лістапада аддаюць даніну памяці і пашану людзям, якія знаходзяцца ў небе. Іх называюць святымі. Праз уласны прыклад яны на зямлі былі верныя Богу і часта паміралі, як мучанікі, ахвяравалі жыццё і не выракаліся веры. Да святасці павінен імкнуцца кожны з нас.

– Успамінаю сябе ў дзяцінстве: мне здавалася, што святыя – гэта ідэальныя божыя слугі, якія знешне падобны да чалавека – але гэта не людзі. Як растлумачыць дзецям, хто такія святыя і што гэта за свята?

– Некаторыя думаюць, што святасці можна дасягнуць толькі пасля смерці і гэта падуладна адзінкам. Давайце паразважаем, што значыць быць святым? Ідэальным і не мець заганаў? Згадзіцеся, гэта не зусім адпавядае зместу. Шчыра маліцца кожны дзень? Гэтага, напэўна, будзе недастаткова. Святасць праяўляецца не толькі ў духоўным, рэлігійным кантэксце, але і ў тым, як чалавек адносіцца да сваіх штодзёных абавязкаў, як ён сябе паводзіць з блізкімі ў прыватнасці і людзьмі ўвогуле. Бог нам пакінуў 10 запаведзяў, выконваючы якія кожны можа наблізіцца да святасці.

чытать далей

5 лістапада ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыліся аблучыны. Духоўны строй – сутаны – атрымалі сямёра навучэнцаў другога, трэцяга і чацвёртага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага.

Цяпер семінарысты Яўген Хаданёнак, Уладзіслаў Козел, Алег Зубрыцкі, Андрэй Півень, Уладзіслаў Моўчан, Павел Пагасай і Арцём Кір'янаў могуць сведчыць аб сваёй веры і абраным шляху да святарства не толькі словам і справай, але і знешнім выглядам.

Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. У прамове іерарх нагадаў гісторыю духоўнага строю каталіцкага святара і падкрэсліў яе значэнне ў жыцці не толькі прэзбітэраў, але і семінарыстаў, якія яшчэ знаходзяцца на шляху да святарства.

Каб падтрымаць семінарыстаў, у гэты важны дзень да іх прыехалі шматлікія госці: бацькі, родныя і сябры. Напрыканцы святой Імшы семінарысты падзякавалі Богу, бацькам, фарматарам і братам за падтрымку на шляху да святарства.

чытать далей