Літургія Вялікага Тыдня у гервяцкім касцёле
Са святкавання Пальмовай нядзелі ў католікаў распачынаеца Вялікі тыдзень, які дае магчымасць хрысціянам належным чынам падрыхтавацца да важнейшага гадавога свята — Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыстуса.
Вялікі чацвер (18 красавіка). Літургія у 19.00 гадзін.
Падчас вячэрняй Святой Імшы ўзгадваюць Вячэру Пана і ўстанаўленне сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства.
У касцёлах у гэты вечар пераносяць Найсвяцейшы Сакрамант у спецыяльна падрыхтаваны алтар, які сімвалізуе цямніцу, дзе знаходзіўся Езус пасля арышту ў Гефсіманскім садзе. З галоўнага алтара ў храмах здымуць абрусы, а табэрнакулюм (месца для захоўвання Найсвяцейшага Сакраманту) застанецца пустым і прыадчыненым аж да ўрачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі падчас Пасхальнай вігіліі.
Вялікая пятніца (19 красавіка). Літургія у 19.00 гадзін.
А трэцяй гадзіне дня ў першую Вялікую пятніцу Езус, распяты на крыжы, сканаў. Гэты час называецца "гадзінаю міласэрнасці".
На Літургіі ўзгадваюць асабліва значныя падзеі, на якіх грунтуецца хрысціянская вера: смерць Езуса Хрыстуса, без якой не было б Яго змёртвыхпаўстання і збаўлення свету.
У гэты дзень у храмах не гараць свечкі, маўчаць арганы і званы. Адкрыты пусты табэрнакулюм, у якім адсутнічае Найсвяцейшы Сакрамант (перанесены ў "вязніцу"), сведчыць: Езус памёр. Святой Імшы няма (такое бывае аднойчы на працягу ўсяго літургічнага года). Між тым вернікі могуць прыняць Камунію.
У пачатку набажэнства ў цішыні святар-цэлебрант і яго асістэнты выходзяць да галоўнага алтара і распрасціраюцца перад ім на падлозе ўніз тварам. Усе вернікі ў гэты час укленчваюць.
Пасля першага і другога чытанняў гучыць апісанне Мукі Пана з Евангелля паводле святога Яна. Калі чытаюцца словы аб смерці Езуса, усе становяцца на калені. Прамаўляецца ўрачыстая малітва вернікаў за Касцёл, за тых, хто рыхтуецца да хросту, за еднасць хрысціян, за габрэяў, за тых, хто не верыць у Бога, за кіраўнікоў дзяржаў, за церпячых.
Адметная частка набажэнства — ушанаванне Крыжа з распяццем Езуса Хрыстуса. Крыж з'яўляецца знакам цярпення, збаўлення і надзеі. Святар паступова здымае з яго цёмнае покрыва. Тройчы прамаўляе: "Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету". Вернікі адказваюць: "Пойдзем з паклонам". Пазней будуць цалаваць распяцце — гэты рытуал паказвае любоў да Бога і дапамагае ўсвядоміць, што кожнаму трэба гэтак жа пакорліва, як і Сыну Божаму, несці свой крыж.

Вялікая субота (20 красавіка). Урачыстая Вігілія Пасхі. Літургія у 21.00 гадзін.
Асвячэнне страў на велікодны стол:
11.00 - Гервяты
12.00 - Гірі
12.30 - Рімдзюны
13.00 - Завельцы
14.00 - Гервяты
На працягу дня ў касцёлах не здзяйсняюцца Літургіі, толькі чытаюцца літургічныя гадзіны. Традыцыйна асвячаюцца яйкі, соль і ежа для Велікоднага стала.
Выконваецца абрад бласлаўлення агню і Пасхалу. Побач з касцёлам распальваюць вогнішча, ад яго полымя запальваюць велікодную свечку, якая сімвалізуе святло Хрыстуса. На Пасхале святар выводзіць крыж, піша літары альфа і амега, прамаўляе: "Хрыстус Учора і Сёння, Пачатак і Канец, Альфа і Амега. Яму належыць час і вечнасць, Яму хвала і валадарства праз усе вякі вечныя. Амэн". Замацоўвае на воску пяць "зерняў" ладана ва ўспамін пра пяць ран Езуса на крыжы. Затым Пасхал нясуць у касцёл і ад яго запальваюць свечкі вернікі. У спеве Exsultet абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана. Гучыць урачыста: "Аллелюя! Хрыстус уваскрос!"
У Літургіі Слова падчас Святой велікоднай Вігіліі ўзгадваюць пра падзеі і цуды, якія па волі Божай адбываліся на працягу многіх стагоддзяў. Гучаць псалмы і малітвы.
Важная частка ўрачыстасці — Літургія хросту з правядзеннем абраду хрышчэння. Вернікі аднаўляюць абяцанні хросту.
Святар, прамаўляючы спецыяльную малітву, бласлаўляе ваду (пасля набажэнства парафіяне набіраюць яе ў асабісты посуд і нясуць дадому, каб акрапіць памяшканні, пабудовы).
Нядзеля, (21 красавіка), раніцай пачнецца Велікоднае набажэнства — у 8 гадзін.
У пачатку Святой Імшы, якая называецца рэзурэкцыяй (лац. resurrectio — уваскрасенне), парафіяне са святарамі пройдуць вакол касцёла ва ўрачыстай працэсіі, аб пачатку якой апавясцяць касцельныя званы.