НАВIНЫ

Пантыфік і Патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю “Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі Вамі”, - гэтымі словамі з Другога Пасалання да Карынцянаў (2 Кар 13,13) пачынаецца сумесная дэкларацыя папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Яна была падпісана 12 лютага 2016 г. у Гаване, пасля двухгадзіннай сустрэчы Прадстаяцелей Цэркваў. “Па волі Бога і Айца, ад Якога зыходзіць ўсякі дар, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, садзейнічаннем Святога Духа Суцяшальніка, мы, Францішак, Папа Рымскі, і Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, сустрэліся сёння ў Гаване. Мы аддаём падзяку ў Тройцы ўслаўленаму Богу за гэтую сустрэчу, першую ў гісторыі”, - адзначаецца ў заяве. Папа і Патрыярх падкрэсліваюць, што сустрэліся з радасцю, “як браты па хрысціянскай веры”, каб абмеркаваць ўзаемаадносіны паміж Цэрквамі, надзённыя праблемы паствы і перспектывы развіцця чалавечай цывілізацыі.
чытать далей
Пантыфік заклікаў паглыбляць экалагічную культуру Святы Айцец накіраваў да жыхароў Бразіліі пасланне з нагоды распачацця ў краіне традыцыйнай “Кампаніі братэрства”, якая штогод падчас Вялікага посту ажыццяўляецца па ініцыятыве мясцовага епіскапату, каб прыцягнуць увагу людзей да найбольш вострых сацыяльных пытанняў. Тэма сёлетняй ініцыятывы акрэслена як “Агульны дом, наша адказнасць” і з’яўляецца ўнёскам Каталіцкага Касцёла ў Бразіліі ў пашырэнне экалагічнага выхавання і барацьбу з любымі формамі сацыяльнай несправядлівасці. Папа нагадаў, што “Кампанія братэрства” праводзіцца ў Бразіліі з 1963 г. Ужо ў чацвёрты раз яна ажыццяўляецца разам з Цэрквамі, што ўваходзяць у Нацыянальную Раду Хрысціянскіх Цэркваў Бразіліі. У гэтым жа годзе яе межы пашырыліся праз аб’яднанне з аналагічнай кампаніяй Германіі “Misereor”. Свае намаганні ўдзельнікі ініцыятывы накіравалі на барацьбу за рэалізацыю права ўсіх людзей на ахову здароўя і годныя санітарныя ўмовы жыцця.
чытать далей
Святы Айцец заклікаў не змарнаваць Вялікі Пост “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” – гэта лейтматыў сёлетняга паслання папы Францішка на Вялікі Пост. Яно было прадстаўлена 26 студзеня 2016 г. у Ватыкане. Пантыфік заклікаў “больш інтэнсіўна” правесці гэты адмысловы час, “цэлебруючы і перажываючы Божую міласэрнасць”. І тут, паводле яго, дапаможа “ўважлівае слуханне Божага слова” і ўдзел у адмысловым пакутным набажэнстве “24 гадзіны для Пана”. Таксама “Місіянеры міласэрнасці” стануць “яскравым знакам Божага прабачэння і блізкасці”, - адзначыў Пантыфік. Ён дадаў, што Марыя з’яўляецца “дасканалай іконай” Касцёла, які евангелізуе праз міласэрнасць. У сваім пасланні Святы Айцец спасылаецца на біблійную гісторыю запавету паміж Богам і Яго народам, каб праілюстраваць логіку Божай міласэрнасці адносна чалавека. Ён называе гэта “рэальнай гісторыяй любові”, якая дэманструе, у якой вялікай ступені Бог жадае звязаць сябе са сваім народам. “Гэта драма любові знаходзіць сваю вяршыню ў Сыне, які стаў чалавекам. На Яго Айцец вылівае сваю бязмежную міласэрнасць, робячы Яго “ўцелаўленнем Міласэрнасці”, - падкрэсліў Папа. Божая міласэрнасць знаходзіцца “ў самым сэрцы апостальскай керыгмы”, яна займае ў ім цэнтральнае і фундаментальнае месца, дадаў ён. Пантыфік нагадаў, што міласэрнасць, “выказвае паводзіны Бога да грэшніка, прапануючы яму новы шанец пакаяння, навяртання і веры”.
чытать далей
Вернікі з Беларусі запрашаюцца на супольную малітву ў Вострай Браме

У санктуарыі ў Вострай Браме ў Вільні перад успамінам Маці Божай Вастрабрамскай i пасля яго праходзяць Дні супольнай малітвы для вернікаў розных нацыянальнасцяў, у тым ліку беларусаў.

У гэтым годзе вернікі з Беларусі запрашаюцца на малітву перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай 18 лістапада. Святая Імша і набажэнства з удзелам беларускіх вернікаў y касцёле св. Тэрэзы (побач з капліцай цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай) адбудзецца ў 15.00. 

На малітву запрашаюцца вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі. 

Прысутнасць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце — гэта, безумоўна, вялікая таямніца веры, якая сведчыць пра Яго Боскую сутнасць. Жывы і сапраўдны, прысутны у постацях хлеба і віна і праз паслугу святара даступны нам у любы момант. Гэта нешта неверагоднае, што Бог так моцна ўваходзіць у жыццё чалавека, што яднае ў чалавеку звычайны свет з звышнатуральным Божым святлом. Мы гаворым, што гэта нечувана, і выклікае трымценне «misterium tremendum», бо найвышэйшы Бог, Стварыцель неба і зямлі стаў настолькі дасягальным, што кожны можа да Яго дакрануцца і ўзяць сабе, і захапляльна «misterium fascinosum», тое, што гэты Бог, які збаўляе, ёсць міласэрная Любоў і самы лепшы Айцец. Гэтыя дзве таямніцы можна спазнаць падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яны былі таксама досведам паўсюднага Касцёла, калі ў мінулагодняе свята Божага Цела ў Італіі, 2 чэрвеня, кіраўнік урачыстасці папа Францішак укленчыў перад Езусам Эўхарыстычным. Кожны жэст і кожнае слова Святога Айца сведчылі аб веры ў прысутнасць Пана Езуса. Набажэнства адарацыі з’яднала тады ўвесь каталіцкі свет ва ўшанаванні Найсвяцейшага Сакрамэнту — падобныя набажэнствы адбываліся ў той самы час у касцёлах па ўсім свеце. Такая адарацыя і хвала належаць Богу, Збаўцу свету, і павінны узрушыць усіх нас, прынесцідасць усведамленне таго, што толькі Пана Бога мы павінны такім чынам ушаноўваць і праслаўляць.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту мае трынітарнае вымярэнне: праз эўхарыстычныя знакі яна яднанае свет з Богам Айцом, Богам Сынам і Богам Духам Святым. Яна паказвае чалавеку ўвесь патэнцыял створанай рэчаіснасці і тое, што «conservatio mundi est continua creatio»(захаванне існавання свету з’яўляецца бесперапынным тварэннем). Праз Эўхарыстыю мы як бы дакранаемся да Бога. Толькі Ён дае нам, істотам па сваёй сутнасці адзінокім у сусвеце, вынікаючую з веры ўпэўненасць у сабе, пачуццё ўласнай вартасці. «Не ведае спакою сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу», — казаў св. Аўгустын. 

чытать далей
Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю, а пры яго з’яўленні на свет прысутнічала Найсвяцейшая Панна Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Яшчэ ва ўлонні маці Хрысціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасць Месіі.

Ён нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, паказваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца».

Праз пэўны час ён быў зняволены царом Юдэі Ірадам Антыпам у крэпасці Махерон за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду. Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля. Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года. Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў.

4 чэрвеня святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адбылося ў Гродне. Урачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Удзел прымалі таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, гродзенскія святары, духавенства ўсходняга абраду.

У гэты вечар на вуліцах Гродна была вялікая колькасць католікаў, што пажадалі ўшанаваць найбольшую таямніцу веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя — рэальная прысутнасць Хрыста ў хлебе і віне.

Эўхарыстыя — найвялікшы скарб Касцёла

Вернікі Гродна ў гэты дзень узгадвалі Апошнюю Вячэру і перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Галоўная мэта гэтых урачыстасцяў — публічнае вызнаванне сваёй веры ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, адданне Яму пашаны і падзяка за ўсе ласкі, а таксама перапрашэнне за знявагі, учыненыя праз чалавечую слабасць і блюзнерства няверных.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі біскуп адзначыў, што ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Гродне мае для хрысціян надзвычай багаты змест. «Мы маем у ёй дачыненне да адной з найбольшых і найпрыгажэйшых таямніц нашай веры — таямніцы Эўхарыстыі, або Цела і Крыві Хрыста Пана», — заўважыў іерарх.

чытать далей

«Прыйдзі, Дух Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь сваёй любові».

Сёння Паўсюдны Касцёл, узгадвае той урачысты момант, калі Апосталы, сабраныя ў Вячэрніку, атрымоўваюць абяцанне Айца — Духа Святога. Узброіўшыся моцаю з вышыні, яны ідуць у свет, каб занесці збаўленне ў самыя аддаленыя куткі зямлі. Каб усе народы спазналі міласэрнасць Бога.

Мы таксама, як Хрыстовыя вучні цяперашняга часу, з радасцю прагнем прыняць дары Духа Святога, каб выдатна выконваць Божую волю. Каб яе прачытаць у сваім жыцці і верна выканаць. Асабліва сёння хочацца паўтарыць словы святога Яна Паўла ІІ: «Няхай сыдзе Дух Твой! Няхай сыдзе Дух Твой! І адновіць аблічча зямлі — гэтай зямлі!»

Дарагія! Вельмі патрэбная для нас гэтая аднова ў Духу Святым. Для нашай зямлі, для нашых сем'яў, для кожнага з нас індывідуальна. На працягу велікоднага перыяду мы шмат разважалі аб еднасці, супакоі і радасці. Гэтыя цноты былі характэрнымі для першай супольнасці Касцёла, якую ажывіў Дух Святы. Сёння нам таксама патрэбныя гэтыя цноты, каб нашае жыццё мела ў сабе водар Хрыстовага збаўлення. Хрыстус Уваскрослы, які ўзыйшоў да Айца, дае нам Суцяшальніка, Духа Праўды, каб мы, трываючы ў еднасці, былі годныя тых дароў і абяцанняў, якія нам аб'явіў Езус Хрыстус.

Паколькі нам трэба заўсёды ўзрастаць у будаванні хрысціянскага жыцця, нам вельмі важна свядома перажываць сённяшнюю ўрачыстасць, якая штогод прыносіць вялікія духоўныя плёны для супольнасці ўсяго Паўсюднага Касцёла. Гэта не проста гістарычны ўспамін тых далёкіх часоў, калі вучні дасведчылі ў сваім жыцці Спасланне Духа Святога. Гэта быў толькі пачатак, нараджэнне Касцёла. Сёння мы нанова дасвядчаем падзеі Вячэрніка і, дзякуючы веры, адкрываем сэрцы на духоўныя скарбы Духа Святога.

чытать далей

Вадавіцы. 1920 год

18 мая ў сям’і вайсковага служачага Караля і швяі Эміліі нарадзіўся хлопчык. Гэта было трэцяе дзіця ў сям’і Вайтылаў, якая на той час жыла вельмі сціпла. І толькі Богу было вядома, што у гэты дзень у польскіх Вадавіцах нарадзіўся будучы Папа Рымскі, якому былі наканаваны вялікія рэчы.

Перад маленькім Лёлікам у сям’і нарадзіліся Эдмунд і Вольга. Дзяўчынка памерла адразу пасля нараджэння. Эдмунд жа ў будучым стаў лекарам, але заразіўшыся ад хворага шкарлятынай, памёр у маладым узросце.

Крыху больш чым праз месяц пасля нараджэння — 20 чэрвеня 1920 года — Караль Вайтыла быў ахрышчаны кс. Францішкам Жакам, вайсковым святаром.

Будучы Папа Рымскі атрымаў сваё імя ў гонар благаслаўлёнага Караля Габсбурга, апошняга цэзара Аўстрыі.

Які Лёлек быў у дзяцінстве?

 

Маленькі Караль, альбо Лёлек, быў таленавітым і спартыўным хлопчыкам, якому падабалася граць у футбол ды катацца на лыжах. Ён пазнаваў наваколле ў шматлікіх маленькіх і вялікіх падарожжах па ваколіцах Вадавіц, у якіх вельмі часта ён быў разам з татам.

Ды і як Караль Вайтыла напісаў «прыклад майго Айца быў якойсьці першай хатняй семінарыяй». Ён прыгадваў, што неаднойчы, калі прачынаўся ўначы, то бачыў бацьку, які стаяў на каленях і маліўся. Прыгадваў, што ніколі з бацькам не размаўлялі пра святарскае пакліканне, але бацькоўскае стаўленне да жыцця і веры, само дало свой вынік.

Тата ў 1932 годзе стаў стаў адзіным апекуном Караля, так як на гэты час памёр яго старэйшы сын Эдмунд, а жонкі Эміліі не стала яшчэ раней — у 1929 годзе.

чытать далей
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення неаднаразова аб’яўляўся вучням, а на саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Выраз «Унебаўшэсце Пана» паходзіць з апісання гэтага факту св. Лукой у Дзеях Апосталаў (пар. Дз 1, 9–11).

Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў Апосталам не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом — спаслання Духа Святога (пар. Дз 1, 4–5). Пасля вяртання з Ерузалема Апосталы «трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14).

Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Ужо падчас Апошняй Вячэры Хрыстус абвясціў Апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца.

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана ў часы ранняга хрысціянства звязвалася з таямніцай Спаслання Духа Святога на Апосталаў. Аднак гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць толькі з IV ст.

Дні пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана рыхтуюць вернікаў да прыняцця Духа Святога: літургічныя чытанні ўтрымліваюць апісанне дадзенага абяцання Айца, у касцёлах моляцца Навэнну да Духа Святога. З алтара прымаецца фігура Хрыста Уваскрослага, застаецца пасхал і крыж з чырвонай стулай.

Унебаўшэсце з’яўляецца днём каралеўскай інтранізацыі, трыумфам, які рыхтуе свайму Сыну Бог Айцец. Менавіта таму столькі радасці адчуваецца ў літургічных тэкстах. Унебаўшэсце з’яўляецца і прадвесцем паўторнага прыйсця Хрыста: «Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба» (Дз 1, 11). Хрыстус вярнуўся дзеля канчатковага трыумфу дабра: вярнуўся, каб аддаць свайму Айцу ўсё, каб сабраць усіх і ўсё ў Касцёле. Унебаўшэсце з’яўляецца не толькі апошнім і ўрачыстым трыумфам Езуса з Назарэта, але таксама залогам і гарантыяй узвышэння, узнясення да хвалы чалавечай натуры. Сёння наша хрысціянская вера і надзея ўзмоцнены і зацверджаны, бо мы запрошаны не толькі да таго, каб разважаць над уласнай нязначнасцю, слабасцю і ўбоствам, але таксама над пераменай, якая прыгажэй за саму справу стварэння, «пераменай», якую Хрыстус здзяйсняе ў нас тады, калі мы паяднаны з Ім, дзякуючы ласцы і сакрамэнтам.

Варта падкрэсліць, што Пан Езус узышоў на неба не адзін. Ён узяў з сабою ўсе душы з адхлані. Перад сваім уваскрасеннем, калі ўжо не быў у чалавечым целе, Ён зышоў да адхлані і абвясціў ім збаўленне, якое ўжо блізка. Сёння Ён спаўняе абяцанне і з трыумфам уводзіць іх да неба. Таму гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва. Месца збунтаваўшыхся анёлаў у небе займаюць чалавечыя душы, каб на сканчэнне веку і іх целы маглі ўвайсці да хвалы.

Абставiны мучанiцтва Кс. Феліцыян Палюшкевіч SJ

У вынiку разнастайнасцi культур i палiтычных умоваў усходнiя Касцёлы неаднойчы разрывалi сувязь з каталiцкiм Рымам. У 867 г. ад паўсюднага Касцёла адлучыўся канстанцiнопальскi патрыярх Фоцiй, аднак гэта працягвалася нядоўга. Прынцыповы падзел Касцёла адбыўся толькi ў 1054 г., калi канстанцiнопальскi патрыярх Мiхаіл Керулярый абвясцiў сябе роўным Папу.

Русь прыняла хрысцiянства з Канстанцiнопаля, таму атрымала яго ў вiзантыйскiм абрадзе i iерархiчна падпарадкоўвалася канстанцiнопальскаму патрыярхату. Пасля разрыву Керулярыя з Папам рускiя бiскупы таксама спынілi адносiны са Сталiцаю Пятра. У XIV стагоддзi пасля Крэўскай унii на тэрыторыі Беларусі i Украiны iзноў ажыло iмкненне да унii з заходнiм Касцёлам. Аднак ў польска-лiтоўскай дзяржаве не змагла ўкаранiцца Фларэнтыйская унiя (1439 г.). Толькi пасля Трыдэнцкага Сабору, калi новы павеў Духа Святога агарнуў Касцёл, рускiя бiскупы, а разам з iмi езуiты (у першую чаргу Пётр Скарга), распачалi справу па аб’яднаннi хрысцiянства ў Рэчы Паспалiтай.

У 1596 г. у Брэсце была падпiсана унiя памiж усходнiм i заходнiм Касцёламi. Адначасова з сiнодам, вынiкам якога стала ўрачыстае абвяшчэнне 20 кастрычнiка акту унii ў касцёле св. Мiкалая, у Брэсце працаваў антысiнод. Яго ўдзельнікі прысягнулi змагацца з унiяй.

Час паказаў, што i для гэтага пасеву, якiм была Берасцейская унiя, не ўсюды належным чынам была падрыхтавана глеба. Езуiты фармавалi грамадскую думку ў справе аб’яднання Касцёла праз свае школы i мiсiйныя цэнтры. Гэтага было замала, каб паўплываць на шырокія колы грамадства. Людзi прывыклi да старых абрадаў, а дагматычныя адрозненнi не цiкавiлi простых сялянаў.

Слабыя месцы ў дзейнасцi як Касцёла, так i Царквы (адсутнасць цэнтралiзаванай улады спрыяла злоўжыванням) выкарыстоўвалi людзi, якiя шукалi ва ўсiм зямных выгодаў. Яны распальвалi памiж католiкамi i праваслаўнымi нянавiсць, а рэлiгiйныя адрозненнi зрабiлi зброяй у палiтычных гульнях. Iх саюзнiкамi сталi казакi. Жыццё на ўсходнiх межах ператварылася ў пекла. Гэтыя трагiчныя падзеi адлюстраваў Генрык Сянкевiч у рамане «Агнём i мячом».

чытать далей
Кастусь Бандарук, Прага


У перадачы ўдзельнічаюць: праваслаўная верніца Галіна Каржанеўская і беларускі грэка-каталік Ігар Бараноўскі.

(Бандарук: ) “У праваслаўных і каталікоў здаўна існуе культ сьвятых. Вернікі пішуць іхныя іконы, пахвальныя гімны і багаслужбы, ставяць помнікі і моляцца перад імі, зьвяртаючыся да іх як да пасярэднікаў паміж імі і Богам. У гонар паасобных сьвятых будуюцца храмы. Кожны дзень царкоўнага календара прысьвечаны аднаму або некалькім сьвятым. Некаторыя сьвятыя, такія як Мікола, Варвара, Юры, карыстаюцца асаблівай папулярнасьцю. Іншыя лічацца патронамі паасобных грамадзкіх слаёў, прафэсіяў або групаў людзей. Сьвяты Язэп лічыцца патронам сям’і, рабочых, дзяцей і моладзі: сьвяты Губэрт (655 – 742) – патронам паляўнічых, святы Валянцін – патронам закаханых, сьвяты Ізыдар (560 – 636) – патронам інтэрнэту, сьвяты Хрыстафор – патронам кіроўцаў.

Царква праводзіць таксама новыя кананізацыі, далучаючы да ліку сьвятых усё новых асобаў. Кананізацыя паходзіць ад грэцкага слова “kanonizo”, што азначае “ўключаць ў канон”, “узаконьваць”. Паводле энцыкляпэдычнага вызначэньня, кананізацыя ў Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах – “акт прызнаньня памерлай асобы сьвятым і прызначэньне ёй публічнага шанаваньня”. У каталіцтве кананізацыі папярэднічае “бэатыфікацыя”, далучэньне да ліку “блаславёных”. З 13-га стагодзьдзя на Захадзе кананізацыя зьяўляецца выключным прывілеем папаў. У Праваслаўнай царкве кананізацыю праводзіць Сынод Епіскапаў.

чытать далей

13 мая прыпадае 34-я гадавіна замаху на Папу Яна Паўла ІІ. Падчас агульнай аўдыенцыі, якая праходзіць у сераду, 13 мая 1981 г. у 17 гадзін Святы Айцец пачаў аб’езд у адкрытым джыпе па плошчы св. Пятра, благаслаўляючы пілігрымаў. Праз 20 хвілін турэцкі платны забойца Мехмет Алі Агджа тройчы стрэліў у Папу, цяжка параніўшы яго.

Алі Агджа быў арыштаваны недалёка ад месца нападу, Яна Паўла ІІ перавезлі ў рымскую клініку Джэмэллі.

У клініцы падчас пяцігадзіннай аперацыі ўрачам удалося стрымаць страту крыві, сшыць разадраныя кулямі ўнутраныя органы і ўратаваць жыццё Пантыфіка. Папа перажыў гэты замах.


 

 

чытать далей
Біскуп Алег Буткевіч адзначае 15 гадоў святарства

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначае 15 гадоў святарства. Сённяшні віцебскі ардынарый прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 13 мая 2000 г.

Біскуп Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 г. у Браславе, на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994 г.) скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

 

Пасля прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Міёрах, абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 г. выконваў абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны.
 

29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. 18 студзеня 2014 г. ён атрымаў біскупскае пасвячэнне.

Выступ кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі святых, на канферэнцыі прысвечанай Фацімскім аб'яўленням «Пасланне з Фацімы: паміж прароцтвам і харызмай». 

Кардынал Амата звярнуўся да «трэцяй Фацімскай таямніцы» і адзначыў, што ў тэксце гаворыцца пра сённяшні пераслед Касцёла і пра хрысціянскіх мучанікаў мінулага стагоддзя. Як сакратар Кангрэгацыі веравучэння, ён меў прывілей чытаць арыгінальны рукапіс «фацімскіх таямніц»: «Я доўга разважаў над тэкстамі. Яны дазваляюць убачыць у святле веры драматычныя падзеі, сведкамі якіх мы сёння з'яўляемся, а таксама зразумець трагедыі мінулага стагоддзя». 

Кардынал Амата лічыць, што ХХ стагоддзе для многіх - эпоха вялікіх надзей і яднання народаў, аднак гэта самы трагічны перыяд у гісторыі хрысціянства: дзве сусветныя вайны, генацыд армян, рэпрэсіі ў Мексіцы, пераслед Касцёла ў Іспаніі, бяда нацызму, пераследу падчас камуністычных рэжымаў, крывавыя расправы ісламістаў. «Мільёны нявінных ахвяр - плёны ідэалогій зла, распальвалі канфлікты, падзел і нянавісць», - падкрэсліў кардынал. Кардынал успомніў таксама словы Папы Францішка, які назваў Касцёл сёння «Касцёлам мучанікаў», безабаронных хрысціян, непахісная вера якіх выклікае нянавісць многіх. Пасланне з Фацімы дапамагае зразумець сэнс гэтых канкрэтных гістарычных падзей, дзе, здаецца, «сатана разбурае выдатны Божы план, што да нас і працягвае спакушаць Касцёл так, як ён спакушаў Хрыста, сеючы зерне варожасці і смерці». Кардынал Амата лічыць аб’яўленні ў Фаціме «найбольш прароцкімі» з усіх сучасных з'яў. 

чытать далей