НАВIНЫ

Меркаванне хрысціян: ці патрэбна вывучаць у школе Біблію?

Меркаванне хрысціян: ці патрэбна вывучаць у школе Біблію?

Яшчэ ў мінулым годзе вучні шостага класа беларускіх школ вывучалі Біблію ў якасці міжпрадметнага матэрыялу. Паводле сёлетніх рэформаў у галіне адукацыі, у школьнікаў цяпер не будзе магчымасці вывучаць Біблію на ўроках. Карэспанднты партала Krynica.info запыталі ў беларусаў, ці патрэбна, на іх погляд, вучням знаёміцца са Святым Пісаннем у школах.

05 (2) - копия

Арцём, інжынер-метролаг: Я лічу, што тое, што прыбралі вывучэнне Бібліі ў межах беларускай літаратуры, – неабачлівы крок. Біблія вучыць мысліць, спрыяе духоўнай асвеце. Кнігі Святога Пісання навучаюць і высокай маралі, і жыццёвай мудрасці. Без гэтага чалавеку немагчыма жыць, гэта насамрэч базавыя патрэбы. Хіба ж не біблійны светапогляд увесь час фармаваў маральныя нормы розных народаў і краінаў? Дзецям важна паказаць, што свет развіваецца не толькі па матэрыяльных законах. Біблія вучыць прыгожа гаварыць і пісаць. Кнігі Бібліі можна лічыць літаратурнымі творамі высокай         якасці. Там і паэзія псальмаў з класнымі літаратурнымі прыёмамі, і прыпавесці з глыбокімі, разважаннямі, таксама хронікі, летапісы… Чым не матэрыял па  вывучэнні розных жанраў і стыляў літаратуры? Думаю, што настаўнікам гэтыя аспекты магчыма асвоіць у той ці іншай ступені, каб пазнаёміць дзяцей з Бібліяй. А вось што да функцыі Бібліі як важнай часткі евнагелізацыі – дык гэта ўважаю за справу Царквы. Дзеці могуць вывучаць Біблію на нядзельных школках. Мяркую, што гэтым павінны займацца духоўныя асобы з багаслоўскай адукацыяй.

06 (2)

Ала, медсястра: Чытаць і вывучаць Біблію проста неабходна падлеткам. Пагадзіцеся, дзеці, якія растуць без духоўных і маральных каштоўнасцяў, часта становяцца агрэсіўнымі і злымі. Падлеткі занадта шмат часу праводзяць у інтэрнэце, дзе пануе шмат зла. Да таго ж, прымусіць самастойна маладых людзей чытаць Святое Пісанне не так проста. А рабіць гэта ў школе, разам са сваімі аднагодкамі – добры спосаб навучыцца адрозніваць дабро ад зла, добры плод ад дрэннага.

07

Віталь, відэааператар: У нашай краіне хрысціянства дамінуе над іншымі рэлігіямі. Таму натуральна, што ў школах павінна ісці вывучэнне Бібліі. Калі б у Беларусі было больш мусульман, то лагічна было б вывучэнне Карану. Але як правільна трэба падыходзіць да выкладання Біблейскіх асноў у школе – гэта пытанне. Праваслаўны святар айцец Андрэй Кураеў выдаў спецыяльную кнігу пра тое, як трэба вывучаць Святое Пісанне ў школах. Але гэта – ўмовы Расіі і дамінуючага там праваслаўя. Як гэта рабіць ў нашых умовах – пытанне пакуль рытарычнае.

01 (2) - копия

Ігар, рабочы: Безумоўна, вывучэнне Бібліі ў школе неабходна. Памятаю, у маім класе з дваццаці трох чалавек васемнаццаць было вернікаў. Нам вельмі падабалася, калі на ўроках нешта гаварылася пра Бога. Астатнія пяць вучняў таксама заўсёды ўважліва слухалі. Я б прапанаваў  уключыць Біблейскія тэксты ў розныя прадметы. Напрыклад, можна перакладаць біблейскія прыпавесці на англійскую мову. Гэта было б і займальна і пазнавальна, ды і матэрыял добра б засвойваўся.

02 (2) - копия

Багдана, спецыяліст дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: Я лічу патрэбным распавядаць у школе пра Біблію. Яна вучыць нас маралі і чалавечнасці. Біблейскія прынцыпы нібыта і так натуральныя і зразумелыя, але пра іх не будзе ніколі сказаць лішнім, асабліва ў сучасным складаным свеце, дзе нормы маралі размываюцца. Іншая справа, што да выкладання такой дысцыпліны трэба разумна падыйсці, каб здолець цікава і зразумела данесці інфармацыю да дзяцей рознага ўзросту.

04 (2) - копия

Ігар, рабочы: Біблію ў школе трэба вывучаць. Чаму нам раней у школе так упэўнена навязвалі тэорыю Дарвіна? Дома мне казалі, што чалавека стварыў Бог, а ў школе, што я ўзнік ад малпы. Памятаю, у нас урокаў пяць па біялогіі было прысвечана гэтай тэме. Чаму дзецям нельга казаць пра розныя тэорыі паходжання чалавека? А ўва што яму верыць, дзіця вырашыць, калі пасталее.

03 (2) - копия

Павел, рабочы: Біблію за ўсё жыццё хаця б раз павінен прачытаць кожны чалавек. Гэта духоўна-маральнае выхаванне. Вядома, найлепшы варыянт – гэта аддаць дзіця ў нядзельную школу. Тыя вучні, якія вучацца ў нядзельнай школе, дакладна не сталі горш за сваіх аднагодкаў ад таго, што паслухалі заканне або біблейскую прыповесць. Самае галоўнае, што Біблія прымусіць падлеткаў задумвацца над тым, што яны робяць і над тым, што адбываецца ў свеце.

Апытанку правялі Эльвіра Гарошка, Вікторыя Чаплева