НАВIНЫ

Цуд, які ўразіў медыкаў ЗША

«Эма, дай мне руку». Яна пачула гэтыя словы пасля таго, як некалькі гадзін ляжала на падлозе і безвынікова клікала на дапамогу. Праз хвіліну адчула, што яе хвароба адступае. 

Такое магло адбыцца з любым чалавекам. Дзень за днём з энергічнай, шчаслівай жанчыны Эма станавілася асобаю, цалкам залежнай ад іншых: прыкаваная да інваліднага крэсла, амаль паралізаваная, неверагодна пакручаная цярпеннем. На яе падалі і падалі новыя ўдары лёсу: развод, фінансавыя цяжкасці ... Аднак яна ніколі не сумнявалася, што яе цярпенні маюць глыбокі сэнс. І не верыла ўрачам, якія не давалі ёй ніякіх шанцаў на аздараўленне. 

З гісторыі хваробы: «Жанчына, якая мела няшчасны выпадак на працы і на працягу двух з паловай гадзін вісела галавой уніз, учапіўшыся левай нагой па шчыкалатку. Гэта прывяло да праблем з болем, які асабліва атакаваў яе вочы, зубы і сківіцу. Дыягнаставана хранічную рэфлекторную дыстрафію нервовай сістэмы. Сядзела сагнутай у інвалідным крэсле больш за 20 гадоў. Не пакідала свайго крэсла нават на час сну. Яе тулава было моцна скрыўлена, левая рука заціснутая ў кулак, толькі правая рука часткова актыўная. Мылася яна вільготнай губкай, паколькі струмень вады з душа наносіў ёй моцны боль. Яе стан не паляпшаўся нягледзячы на медыцынскую дапамогу. Ела высокакаларыйныя бялковыя растворы, бо не магла спажываць цвёрдай ежы. На Вігілію ў 1.00 ночы па прычыне зламанага кола інваліднай каляскі яна ўпала на падлогу ...» 

 

Далей мы дамо слова самой Эмі МакКінлі. Гэта ўрывак з яе кнігі «Дотык неба». 

«Я спрабавала засяродзіцца на небе, але боль скаваў маё цела. Мне здавалася, што да гэтага дня я пазнала ўсе ўзроўні болю. Але я памылялася. Я вельмі памылялася. 

Мела ўражанне, што гадзіннік на стале насміхаецца з мяне. Думала пра сваіх блізкіх. Хто мяне знойдзе? Хто патэлефануе, каб вызваць «хуткую дапамогу»? 

Гадзіны цягнуліся неміласэрна, а цярпенні разрывалі мяне на кавалкі. Скаваная ў сваім целе, я маглі толькі нястомна крычаць Яго імя, нягледзячы на хворае, ахрыплае горла. 

«Езус!» 

Прайшло восем з паловай гадзін, а я ўсё яшчэ была цалкам у свядомасці. 

«Ці менавіта так выглядае смерць?» 

Раптам, без папярэджання, штосьці пачало змяняцца. Невядома адкуль да мяне данеслася рэха - магутнае і гучнае, яно гуло і нарастала як вецер. Маё сэрца пачало шалёна калаціцца. Адначасова блізкі і далёкі, гэты гук запоўніў увесь дом, набліжаючыся да мяне ... 

Я адчувала ўражваючую прысутнасць. 

«Што адбываецца?» 

Я затрымала дыханне. Час спыніўся. Раптам мой пакой асвяціла незвычайнае святло. У кутку стаяў высокі чалавек у лёгкай вопратцы. Складкі яго адзення ззялі і калыхаліся, быццам былі жывыя, акружаючы яго цёплым, чароўным мігаценнем. Яго твар ззяў, нібы шар святла, а постаць была такая ясная, што я амаль праз хвіліну адводзіла погляд. 

Я не магла паверыць у тое, што адбываецца. Гэта здавалася сюррэалістычным. Як быццам я прайшла праз заслону іншага вымярэння. Усе мае пачуцці былі абвостраныя. Мы разумелі адзін аднаго, не кажучы ні слова. Без ценю сумневу я ведала, хто гэта. 

«Езус!» 

Езус быў у маім пакоі. У маім пакоі! Той, каго я несвядома клікала, прыйшоў да мяне. Калі паблізу не было нікога, хто мог бы мне дапамагчы, з’явіўся, каб мяне выратаваць! Прыцягваў мяне да сябе з неверагоднай сілай. Прыцягваў, як магніт, сваёй інтэнсіўнай любоўю, якая пранізвала мяне наскрозь. Яна разлівалася ў глыбокіх кутках маёй душы. 

Я спрабавала ўглядацца ў Яго, але ззянне было надта моцнае. На месца шоку прыйшла надзея. Той, хто заўсёды быў побач са мной, не забыўся пра мяне. Мой погляд хутка перамясціўся да Яго шырокіх плячэй. Яго далоні, якія выходзілі з доўгіх белых рукавоў, былі вялікія і ясныя. Ніколі ў жыцці я не бачыла такіх вялікіх далоняў. 

З узроўня падлогі мне здавалася, што Ён амаль датыкае столі. Яго зіхатлівае адзенне лунала, быццам імі варушыў лёгкі брыз. Ён стаяў толькі ў некалькіх сантыметрах ад майго скручанага, поўнага болю цела. Не дакранаўся мяне, а я не спрабавала дакрануцца да Яго. Гэта не было патрэбна. Яго моц праплывала праз мяне. 

Я адчувала цёплую, далікатную прысутнасць, якая ўмацоўвала і ажыўляла, напаўняючы маё цела. Езус стаяў перада мной, але я адчувала Яго таксама ў сабе. Яго глыбокае цяпло даходзіла аж на маю скалечаную левую ступню і пачала яе напаўняць. 

Тое, што адбылося потым, кранула мяне да глыбіні. Езус не датыкаўся мяне фізічна - Яго далоні так і заставаліся распасцёртымі, але мая хворая нага, на якой я далей ляжала, пачала выпрастоўвацца. Косці трашчалі, а нага пачала рухацца. У гэты момант Езус цалкам вылечыў маю нагу. 

Я глыбока ўдыхнула. Цяпер - мая рука ... 

Я адчула цяпло, а пальцы сагнутай далоні пачалі самастойна разгінацца. Павольна, але далонь раскрывалася. 

Калі б я калі-небудзь задумвалася, як будзе выглядаць мая рука, столькі гадоў скручаная, то зараз мая цікаўнасць была заспакоенай. Скрозь слёзы, што каціліся па твары, я ўбачыла сваю выцягнутую далонь. Цэлую. Разам з крывавымі палосамі, вялікімі адкрытымі ранамі і чырвоным, жывым целам. 

Я ледзь паспела ўсё гэта заўважыць, таму што ў наступную секунду Езус зрабіў так, што мая далонь пачала пакрывацца новым целам - ад запясця да кончыкаў пальцаў. Сваімі вачыма я бачыла, як маё параненае, праедзенае хваробай да жывога, цела зарастае новай скурай. 

Мне не хапала слоў. Я толькі глядзела на сваю аздароўленую далонь, дрыжучы і глытаючы слёзы. Упершыню за ўсе доўгія гады я магла варушыць пальцамі. Я магла кантраляваць сваю руку! 

Той самы струмень сілы, які прайшоў скрозь маю ступню і далонь, цяпер пачаў разгінаць маю шыю. Калі мне здавалася, што раней мае косткі гучна хрусцелі, то аказалася, што гэта было дробяззю ў пааўнанні з тым, што цяпер гучала ў маіх вушах. Але хай сабе косткі страляюць! Я гэтым не пераймалася. Таму што побач быў Езус. І тая ж гаючая любоў праходзіла праз мяне зверху да самага нізу пазваночніка. Яго моц ... цякла ... нарастала. Езус разгінаў маё цела. 

Не паспела і азірнуцца, як ляжала на спіне. Ці Езус мяне так паклаў? Верагодна так, я не памятаю, каб варочалася. Не ведаю нават, ці я здолела б такое зрабіць. 

Унебаўзятая, я ляжала па падлозе. Уся была Яго. Езус аздаравіў маю нагу, руку, а цяпер яшчэ шыю і пазваночнік. Любіў мяне ад ног да галавы. Падарыў мне найвялікшы цуд, пра які я ніколі не чула.» 

Згодна з медыцынскім заключэннем, таксама змешчаным у згаданай кнізе, «з тых часоў хранічныя мігрэні ў пацыенткі сталі напалову менш балючымі. Пранізлівы боль яна ўсё яшчэ адчувае ў далонях і ступнях, таксама адчувае боль у абодвух сцёгнах і пазваночніку. Можа прайсці кароткую адлегласць, але мае неабходнасць у дапамозе, каб садзіцца і ўставаць. Адчувае пэўную абмежаванасць рухаў у суставах. Мае пэўныя праблемы з утрыманнем раўнавагі, з-за чаго ходзіць, прытрымліваючыся за сцены або мэблю. Прызнае, што сіндром рассеянага болю ўсё яшчэ застаецца часткай яе самаадчування, але спадзяецца на спрыяльную тэрапію. Жыве сама. Асобы, якія даглядаюць за ёй, праводзяць з ёй 70 гадзін у тыдзень. Прызнае, што ў далейшым мае патрэбу ў дапамозе, нягледзячы на цудоўнае аздараўленне. Крок шырокі, відаць, што левая нага рухаецца больш скавана, чым правая. Рухомасць пазваночніка адноўленая цалкам. Рухомасць суставаў: раней пацыентка магла ў пазіцыі седзячы паднесці правую руку на 90 градусаў гарызантальна. Цяпер рухомасць суставаў адноўлена. Няма праблем з тым, каб абярнуцца. Псіхічны стан: цалкам свядомы, арыентуецца ў часе і прасторы, мае ідэальную памяць.»

 

Па матэрыялах: deon.pl