НАВIНЫ

13 мая — 34-я гадавіна замаху на Яна Паўла ІІ

13 мая прыпадае 34-я гадавіна замаху на Папу Яна Паўла ІІ. Падчас агульнай аўдыенцыі, якая праходзіць у сераду, 13 мая 1981 г. у 17 гадзін Святы Айцец пачаў аб’езд у адкрытым джыпе па плошчы св. Пятра, благаслаўляючы пілігрымаў. Праз 20 хвілін турэцкі платны забойца Мехмет Алі Агджа тройчы стрэліў у Папу, цяжка параніўшы яго.

Алі Агджа быў арыштаваны недалёка ад месца нападу, Яна Паўла ІІ перавезлі ў рымскую клініку Джэмэллі.

У клініцы падчас пяцігадзіннай аперацыі ўрачам удалося стрымаць страту крыві, сшыць разадраныя кулямі ўнутраныя органы і ўратаваць жыццё Пантыфіка. Папа перажыў гэты замах.


 

 

Мацярынская апека

Куля прашыла цела Святога Айца, параніўшы яго ў жывот, правы локаць і ўказальны палец левай рукі. Два чалавекі, якія стаялі побач, таксама былі паранены. Агджа ў хуткім часе быў асуджаны, але гэтае трагічнае здарэнне дагэтуль застаецца без тлумачэння.

Дагэтуль існуюць супярэчлівыя думкі аб матывах, плану і ходзе замаху і яго кіраўніках. Алі Агджа, платны забойца з групоўкі «Шэрыя воўкі», хацеў забіць «адзінага Папу з усходняга блоку» яшчэ ў 1979 г. падчас яго візіту ў Турцыю.

Праз некалькі тыдняў пасля замаху італьянскі суд асудзіў Агджу на пажыццёвае зняволенне. У снежні 1983 г. Ян Павел ІІ наведаў яго ў рымскай турме.

Алі Агджа быў памілаваны 13 чэрвеня 2000 года Прэзідэнтам Італіі Карло Чампі, пасля чаго пераведзены ў турму ў Турцыі, дзе распачаў адбыванне зняволення за забойства турэцкага рэдактара. Канчаткова выйшаў на волю ў студзені 2010 г.

Знаходзячыся ў турме ў Анконе, Агджа шматразова прасіў Яна Паўла ІІ заступіцца за яго перад італьянскімі судовымі ўладамі. Пракуратура, аднак, адказвала, што Агджа даваў спрэчныя паказанні наконт ходу замаху і яго заказчыкаў.


 

 

Адна з куляў падчас замаху трапіла ў жанчыну, якая ўдзельнічала ў аўдыенцыі, — амерыканку польскага паходжання, родам з Вадавіц, якая нарадзілася ў той жа самы год і дзень, што і Караль Вайтыла.

Замах адбыўся дакладна ў той жа час, што і аб’яўленне Маці Божай у Фаціме: у 17.19. Без ценю сумнення гэта ўказвае на вялікі культ, якім Ян Павел ІІ атачаў Маці Божую Фацімскую і Яе пасланне.
Акрываўленая сутана

У 34-ю гадавіну замаху на Яна Паўла ІІ, пры якім ён цудам застаўся ў жывых, чаму, можна з упэўненасцю лічыць, паспрыяла Маці Божая Фацімская, акрываўленая белая сутана, у якую быў апрануты тады Папа, была выстаўлена на публіку.


 

 

Белая сутана са слядамі крыві Папы выстаўлена за шклом у адной з бочных капліц касцёла санктуарыя на Белых Морах у Кракаве. На матэрыі відаць вялікія плямы крыві, асабліва ў задняй і ніжняй частцы, буйнога крывацёку.

Гэтыя рэліквіі перадаў санктуарыю Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які шмат гадоў быў сакратаром Яна Паўла ІІ. Пасля замаху на Папу іерарх забраў яго сутану з рымскай клінікі Джэмэллі. Да гэтага часу яна захоўвалася ў кракаўскай Мітрапалітальнай курыі і не выстаўлялася публічна.

У санктуарыі на Белых Морах знаходзяцца таксама рэліквіі крыві Святога Айца, змешчаныя ў алтары дольнага касцёла і ў рэліквіярыі, які нясуць у працэсіі перад Эўхарыстыяй.


 

 

Экспанаты, што нагадваюць аб замаху на Святога Айца, знаходзяцца таксама ў музеі роднага дома Яна Паўла ІІ у Вадавіцах. Там знаходзіцца між іншым пісталет, з якога Алі Агджа страляў у Папу, і касцюм са слядамі крыві, у які быў апрануты адзін з ахоўнікаў Пантыфіка.

Ян Павел ІІ прабачыў Алі Агджу яшчэ па дарозе ў шпіталь, і больш за тое – назваў яго братам.

Кс. Юрый Марціновіч