НАВIНЫ

«Касцёлу патрэбны ліквідатары духоўнага Чарнобылю...»: Імша ў памяць ахвяраў аварыі на ЧАЭС прайшла ў мінскай архікатэдры

26 красавіка, у 30-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла святая Імша ў інтэнцыі ахвяр ЧАЭС. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваёй гаміліі іерарх нагадаў пра небяспеку, якую нясе атам незалежна ад таго, ваенны ён ці «мірны».

«Сам факт катастрофы нагадвае пра тое, што атам застаецца небяспечным, i таму патрэбна ўдасканаленне атамных тэхналогій, бо пры ўсё ўзрастаючым патрабаванні энергіі нялёгка абысціся без атамных электрастанцый», — адзначыў Мітрапаліт.

«Праз 30 гадоў многія забываюцца пра ЧАЭС, але не Касцёл»

Праводзячы паралелі паміж АЭС у Чарнобылі і Фукусіме, арцыпастыр адзначыў, што прычынай Фукусiмскай катастрофы стала імкненне людзей атрымаць прыбытак любым коштам:

«Тэрмін дзеяння Фукусiмскай станцыі быў 40 гадоў, але камісія працягнула час яе эксплуатацыі яшчэ на 10 гадоў, i ў выніку магутнага цунамі здарылася аварыя. Але станцыя не была закрыта i ацалелыя рэактары працягваюць працаваць...»
Тэкст гаміліі цалкам можна прачытаць тут››

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што сённяшняя Імша адпраўляецца ў інтэнцыі ахвяр і ўсіх, хто пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, у тым ліку ліквідатараў:

«З часу Чарнобыльскай катастрофы прайшло 30 гадоў і свет, у якім шмат новых небяспечных выклікаў, пакрысе забываецца аб ёй. Але Касцёл не забываецца», — зазначыў іерарх.

На сустрэчы Пантыфіка з ліквідатарамі з Беларусі і Украіны, 20 красавіка 2016 г

Па словах Мітрапаліта, 20 красавіка Папа Францішак падчас сустрэчы з ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС з Беларусі і Украіны запэўніў іх у малітвах за ахвяр гэтай катастрофы і «выказаў iм сваю ўдзячнасць за ўсе ініцыятывы, пакліканыя выправіць прычыненую шкоду». 

Мітрапаліт прыгадаў, што, калі ехаць па Магілёўскай i Гомельскай абласцях, можна сустрэць закрытыя ці толькі нядаўна адкрытыя зоны ядзернага заражэння з тэкстам на табліцах: «Тут была вёска з пэўнай колькасцю жыхароў. Яна знікла ў выніку Чарнобыльскай катастрофы».

«Цi мы да канца ўяўляем, якая катастрофа тады адбылася?» — звярнуўся да вернікаў іерарх.

Касцёл патрабуе «ліквідатараў духоўнага Чарнобылю»

Арцыбіскуп Кандрусевіч, згадваючы наступствы Чарнобыля, асаблівую ўвагу звярнуў і на «духоўны Чарнобыль».

«Як шмат знакаў мы павінны паставіць на нашай зямлі i напісаць на iх: “Тут жылi веруючыя людзі, але атэістычны Чарнобыль учыніў з гэтай зямлі духоўную пустыню, i яшчэ пройдзе шмат часу, пакуль яна адродзіцца”».



На думку іерарха, Касцёлу «патрэбны ліквідатары духоўнага Чарнобылю, якімі павінны стаць мы ўсе, каб сваім прыкладным хрысціянскім жыццём несцi святло Евангелля ў сучасны свет, каб iм не толькi лiквідаваць наступствы духоўнага Чарнобылю, але i супрацьстаяць секулярным тэндэнцыям сучаснасці»

Таксама па тэме:

Напрыканцы гаміліі арцыпастыр прызнаўся заклікаў маліцца ў інтэнцыі ахвяр аварыі на ЧАЭС: «Божа, дапамажы нам заўсёды памятаць аб тым, кiм мы з’яўляемся, хто нас стварыў i куды мы ідзём. Прымі ў сваё Валадарства тых, хто загінуў падчас Чарнобыльскай катастрофы або пры лiквiдацыi яе наступстваў. 

(...) Не дазволь, каб на нашай зямлі паўтарыўся калісьці фізічны і духоўны Чарнобыль, i дапамажы, каб супакой Хрыста панаваў у нашых сэрцах», — заключыў іерарх.