НАВIНЫ

 “Хвала Хрысту! Паводле якога прынцыпу ксяндзоў і манахінь пераводзяць з адной парафіі ў іншую? Як і чаму прымаюцца такія рашэнні?” Марына.

 

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала навекі!  Дарагая Марына!

Змена месца служэння душпастыраў ці законных сясцёр з’яўляецца чымсьці звычайным у практыцы Касцёла на працягу стагоддзяў. Пераводзіць з аднаго месца служэння на іншае можа дыяцэзіяльны біскуп ці найвышэйшы настаяцель канкрэтнай манаскай супольнасці, якому святар падчас святарскага пасвячэння абяцаў паслухмянасць. Бо менавіта біскуп ці настаяцель канкрэтнай манаскай супольнасці адказвае за адпаведную арганізацыю душпастырства і падбор асоб на  месцы служэння.

Няма нейкіх сталых правіл наконт пераводу святара. Кананічнае права дазваляе пэўную свабоду ў гэтым сэнсе. Можна сказаць, што галоўнай прычынай зменаў з’яўляюцца душпастырскія патрэбы вернікаў. З пераводам аднаго святара ўтвараецца ланцуг зменаў. Безумоўна, спадарожнічае гэтаму ўзрушэнне сярод вернікаў парафіі, якія прызвычаіліся да свайго душпастыра і хацелі б затрымаць яго ў сябе як мага даўжэй. Але ці гэта не эгаізм з іх боку? Найлепшы святар і толькі для іх! 
На справу пераводу святара трэба паглядзець са звышнатуральнага пункту гледжання, а не толькі выключна людскога.

чытать далей

Святар нарадзіўся ў 1986 годзе ў вёсцы Гаўці на Гродзеншчыне. Пра сябе ён адразу расказвае такую цікавую гісторыю: “Я нарадзіўся на Вялікдзень. Мой тата прыехаў дамоў з касцёла а асвечанымі стравамі. А мама толькі пакаштавала – і адразу ў радзільню” (усміхаецца)!

З Гаўцяў да Солаў кіламетраў восем, таму ў касцёл будучы святар ездзіў то роварам, то машынай з бацькамі.

Першыя ўражанні ад касцёла ў маленькага хлопчыка Вадзіма былі такія: “У касцёле праходзіла чыясьці Першая Камунія. На адной з амбон былі змешчаны словы песні. І стаяла такая доўгая ўказка.А я падумаў, што калі хтосьці з дзяцей будзе сябе дрэнна паводзіць, то манахіня паб’е гэтай палкай. Таму я сядзеў ціха-ціха падчас святой Імшы, а калі сястра брала ўказку у рукі, нават не паварочваўся ні ўлева, ні ўправа”.

Больш пазнаваць Касцёл Вадзім пачаў, калі праходзіў падрыхтоўку да Першай Камуніі ў 1994 годзе. Тады ў вёскуГаўці прыязджалі айцы-кармеліты. Дзеці вучыліся і ў школе, і ў клубе, ад якіх нічога не засталося зараз, і ў дамах вернікаў.

Гледзячы на гэта ўсё, хлопчыку таксама хацелася быць падобным да ксяндзоў. Ён пачаў гуляць, нібы адпраўляючы святую Імшу, перавязваўся нейкімі рамянямі, нібы святарскай стулай. У 9-ым класе юнак вырашыў стаць міністрантам.

Святар ўспамінае пра сваё жаданне пайсці ў кляштар: “Пасля 10-га класа я быў на рэкалекцыях, якія праводзілі айцы-кармеліты ў Нарачы. Прыехаўшы дамоў, я сказаў бацькам, што збіраю рэчы і іду ў кляштар. Але прайшоў час, і я вырашыў інакш”…

“Пастаянна адчуваў, што мне хочацца служыць. Ужо ў 11-м класе размаўляў пра гэта са сваім пробашчам. Ён даў мне кніжку з біяграфіямі святых. Цікава было, як Бог іх клікаў. Так паволі прачыналася і маё пакліканне”. 

catholicnews.by

чытать далей
Святы Пасад: паважаць правы і культуры карэнных народаў

Паважаць правы і культуры карэнных народаў заклікаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе. Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні ў рамках 36-й сесіі Рады па правах чалавека, якое было прысвечана правам карэнных народаў.  

 

Па словах ватыканскага дыпламата “усе павінны быць гаспадарамі свайго лёсу”. Да інтэгральнага развіцця нельга прымушаць, але ў той жа час, кожная асоба і сям’я павінна мець магчымасць, каб развівацца. “Канцэпцыя якасці жыцця не можа быць навязана звонку, але павінна адпавядаць звычаям кожнай чалавечай групы”, - падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Юркавіч адзначыў, што “абарона і падтрымка культурнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцця карэнных народаў павінны прызнанавацца ўсімі як служэнне, якое аказваецца чалавечай сям’і”, у тым ліку “будучым пакаленням”. 

“Святы Пасад спрыяе пошуку супрацоўніцтва з карэннымі народамі”, напрыклад праз “складанне падручнікаў па граматыцы і здзяйсненне перакладаў на мовы, якія часта знаходзяцца пад пагрозай знікнення”, а таксама спрыяючы “абароне іх культурных, сацыяльных, палітычных і эканамічных правоў”, дадаў іерарх.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі ў ААН нагадаў пра важнасць прадастаўлення магчымасцяў карэнным народам для ўдзелу ў нацыянальным і міжнародным жыцці. Павага да іх ведаў, культур і традыцыйных практык садзейнічае больш роўнаму і ўстойліваму развіццю і належным адносінам да навакольнага асяроддзя, адзначыў ён.

На заканчэнне прамовы арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў, што карэнныя народы “павінны быць асноўным партнёрам па дыялогу, калі ўзнікаюць вялікія праекты, што закранаюць іх родныя землі”. У гэтым святле ён заклікаў да вырашэння праблематычных адносін паміж міжнароднымі кампаніямі і карэннымі народамі, асабліва на тэрыторыях, дзе развіваецца здабываючая прамысловасць.

be.radiovaticana.va

Езус хоча адкрыць нашы сэрцы на логіку любові Айца, адзначыў Францішак 24 верасня 2017 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” у Ватыкане. У сваім разважанні ён заклікаў прыняць заклік Бога і выйсці ў напрамку поўнага і шчаслівага жыцця.

“У сённяшнім евангельскім чытанні (Мц 20,1-16) мы бачым прыпавесць пра работнікаў пакліканых на дзень, якую Езус распавядае, каб пераказаць два аспекты Божага Валадарства: першы, што Бог хоча паклікаць усіх працаваць на карысць Яго Валадарства; другі, што напрыканцы Ён хоча даць усім аднолькавую ўзнагароду, гэта значыць збаўленне, вечнае жыццё, - нагадаў Папа.

Гаспадар вінаградніка, які сімвалізуе Бога, выходзіць на світанку і наймае групу работнікаў, узгадняючы з імі заробак у адзін дынар за дзень. Гэта быў справядлівы заробак. Затым выходзіць таксама ў наступныя гадзіны – ён выходзіць пяць разоў – аж да самага вечара, каб наняць іншых работнікаў, якія не мелі працы. Напрыканцы дня, гаспарад загадаў, каб грошы былі раздадзены ўсім, таксама і тым, хто працаваў усяго некалькі гадзін. Канешне, работнікі, якія былі нанятыя першымі, абурыліся, бо ўбачылі, што ім заплацілі столькі ж, колькі і тым, што працавалі менш. Гаспадар, аднак, нагадвае ім, што яны атрымалі столькі, колькі былі абумоўлена; калі затым Ён жадае быць шчодрым з іншымі, яны не павінны быць зайздроснымі.

be.radiovaticana.va

чытать далей
Сёння вернікі Гервяцкай парафіі маліліся за ксяндза Леаніда Нясцюкa

«Святар, што дзейсніў прыгажосць… Кс. Леанід Несцюк з Гервятаў пакінуў гэты свет. Вечны яму супакой і словы ўдзячнасці. 


Сёння вернікі Гервяцкай парафіі маліліся за ксяндза Леаніда Нясцюка. Пробашч Гервяцкага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, кс. Леанід Несцюк, памёр 23 сакавіка 2017 года. Светлая памяць аб памерлым пробашчу жыве ў сэрцах удзячных парафіянаў.

 


Айцец Леанід Нясцюк, вывучыўшы асновы ландшафтнага дызайну, за гэтыя гады стварыў побач з касцёлам дэндрапарк і уладкаваў раней пустуючую плошчу з фігурамі дванаццаці апосталаў. Пад кіраўніцтвам ксяндза знеслі старыя адрыны, абнавілі фасад касцёла, пабудаванага больш за 100 гадоў таму, замянілі дах, гродзенскія мастакі аднавілі вокны ў святыні. Ксёндз Леанід Нясцюк вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі.


 



I неўміручы памірае,

Каб уваскрэснуць.

Жыццядар

Яму пялегваць давярае

Ў далонях

Зорнай жарсці жар.

I покуль жар незадзіманы Сузорыцца,

Жывы жыве.

Гараць вякам Хрыстовы раны.

Студзіць іх

Сум здалёк плыве...

 

Рыгор Барадулін

 

У Лагойскай раённай бальніцы ўсе дактары адмовіліся рабіць аборты

На партале газеты «СБ Беларусь. Сегодня» з’явіўся рэпартаж з Лагойска, які стаў першым горадам у краіне, дзе ўсе медыкі выступілі супраць перарывання цяжарнасці.

Галоўны доктар Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Будзько распавёў, што такая практыка пачалася ў раёне амаль год таму: тады ўсе акушэры-гінеколагі прынеслі яму на стол заявы, у якіх адмаўляліся рабіць аперацыі. Згодна з 27-м артыкулам закона «Аб ахове здароўя», доктар мае права адмовіцца рабіць аборт па этычных прычынах, калі, канешне, жыццю жанчыны нічога не пагражае. Так, у гэтым годзе мясцовым медыкам усё ж прыйшлося зрабіць адзін аборт па сацыяльных паказчыках: жанчыне з небяспечнага асяроддзя, якая зацяжарыла дзявяты раз. Усяго падобных, вымушаных, на іх думку, абортаў у гэтым годзе ў Лагойску было тры.

Калі ўсё ж жанчына хоча зрабіць аборт «проста так» і мясцовы псіхолаг не можа адгаварыць яе ад гэтага кроку, кабету перанакіроўваюць у абласную бальніцу.

Ініцыятыву ў Лагойску падтрымалі і іншыя дактары, некаторыя маці і, канешне ж, прадстаўнікі царквы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Багдан, у сваю чаргу, спадзяецца, што досвед Лагойскай бальніцы змогуць пераняць і ў іншых гарадах, бо гэта павысіць агульны ўзровень нараджальнасці.

На сённяшні дзень у іншых населеных пунктах Беларусі перыядычна праводзяць дні і тыдні без абортаў. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, штогод медыкі рэгіструюць 27 тысяч абортаў (у пачатку 2000-х такіх налічвалі больш за 100 тысяч).

Наша Ніва

ПАПА: ЖЫВІ, ЛЮБІ, ВЕР І НЕ ПАДДАВАЙСЯ РОСПАЧЫ

"Калі сум цябе паралізуе - гані яго добрымі справамі!"

 

“Жыві, любі, вер і з Божай дапамогай не паддавайся роспачы ніколі”, - заклікаў Францішак 20 верасня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе на тэму: “Вучыць надзеі”, ён звярнуўся да прысутных на “ты”, як бацька ці настаўнік, які асабіста размаўляе з чалавекам, адкрытым на тое, каб вучыцца.

“Не паддавайся ночы: памятай, што першы вораг, якога трэба перамагчы – не звонку, а ўнутры цябе. Таму не давай месца горкім, цёмным думкам. Свет – гэта першы цуд, які Бог учыніў, і Бог даў у нашы рукі ласку новых цудаў. Вера і надзея ідуць разам. Вер у існаванне больш высокай і цудоўнай праўды. Давярай Богу Стварыцелю, Які ў Святым Духу кіруе ўсё да дабра, да адбымкаў Хрыста, што чакае кожнага чалавека напрыканцы яго жыцця. Вер, Ён цябе чакае. Свет рушыць дзякуючы позірку шматлікіх людзей, якія разбілі сцены, пабудавалі масты, марылі і верылі, нават калі чулі вакол сябе здзеклівыя словы”, - сказаў Папа. 

Ён заклікаў давяраць Богу, які не расчаруе. “Дзе бы ты не знаходзіўся – будуй! Калі апынуўся на зямлі – ўстань! Ніколі не заставайся на зямлі. Дазволь, каб табе дапамаглі падняцца. Калі сядзіш – выходзь у шлях! Калі сум цябе паралізуе – праганяй яго добрымі справамі. Калі адчуваеш сябе спустошаным ці дэмаралізаваным, прасі, каб Святы Дух змог зноўку запоўніць тваю пустату. Будуй мір сярод людзей і не слухай голасу тых, хто сее нянавісць і падзелы. Не слухай гэтыя галасы. Людзі, паколькі адрозніваюцца адзін ад аднаго, былі створаны, каб жыць разам. З супярэчнасцямі, цярпліва: аднойчы ты ўбачыш, што кожны носіць у сабе часцінку праўды. Любі людзей. Любі кожнага з іх. Паважай шлях усіх, якім бы ён ні быў, прамым ці пакручастым, бо кожны мае сваю гісторыю. Кожны з нас можа распавесці сваю гісторыю. Кожнае дзіця, якое нараджаецца – гэта абяцанне жыцця, якое чарговы раз аказваецца мацнейшым за смерць. Кожная любоў, якая ўзнікае – гэта сіла перамены, якая імкнецца да шчасця”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што Езус даў кожнаму чалавеку святло, якое ззяе і патрабуе таго, каб быць абароненым. Яно з’яўляецца самым вялікім багаццем, якое было даверана нам у жыцці. Таму варта марыць пра лепшы свет. Па словах Папы, менавіта людзі, здольныя рабіць гэта, падарылі чалавецтву навуковыя і тэхналагічныя адкрыцці, пераплылі праз акіяны і ступілі на землі, на якія раней ніхто не ступаў, перамаглі рабства і палепшылі ўмовы жыцця на зямлі. 

“Будзь адказным за гэты свет і жыццё кожнага чалавека. Падумай, што любая несправядлівасць супраць беднага – гэта адкрытая рана, якая змяншае тваю годнасць. Жыццё не спыняецца з тваім існаваннем. У гэты свет прыйдуць іншыя пакаленні, якія зоймуць месца нашага, і яшчэ многія іншыя. Штодзённа прасі ў Бога аб дары адвагі. Памятай, што Езус для нас перамог страх. Езус перамог страх! Наш самы вераломны вораг не можа нічога супраць веры. Калі апынешся, спалоханы, перад якой-небудзь жыццёвай цяжкасцю, памятай, што ты не жывеш толькі для сябе. Падчас хросту тваё жыццё акунулася ў таямніцу Тройцы і ты належаш Езусу. І калі аднойчы цябе ахопіць страх, ці падумаеш, што зло вельмі моцнае, каб яго перамагчы, проста падумай, што Езус жыве ў табе. Гэта Ён, праз цябе, са сваёй лагоднасцю хоча перамагчы ўсіх ворагаў чалавека: грэх, нянавісць, злачыннасць, насілле”, - сказаў Папа.    

Францішак заклікаў вернікаў не баяцца праўды і памятаць, што ўсе людзі роўныя, насіць у сэрцы пакуты іншых і ў малітве давяраць іх Богу, культываваць ідэалы і не дазволіць, каб зробленыя памылкі зняволілі. “Божы Сын прыйшоў не дзеля здаровых, а дзеля хворых: такім чынам прыйшоў таксама дзеля цябе! Калі яшчэ памылішся ў будучыні, не бойся, уставай! Ведаеш чаму, таму што Бог – твой сябар. Бог – гэта твой сябар!”, - нагадаў Святы Айцец. 

radiovaticana.va

У КАСЦЁЛАХ БЕЛАРУСІ ПАМАЛІЛІСЯ ЗА МЫТНІКАЎ

У Каталіцкай царкве адзначалі свята Евангеліста Мацвея - былога мытара.

 

21 верасня, калі ў Каталіцкай царкве адзначаецца свята святога Мацвея, апостала і Евангеліста, у касцёлах Беларусі падчас малітвы верных на святой Імшы прасіла Бога за мытнікаў - аб тым, каб яны добрасумленна выконвалі свае абавязкі.

Святы апостал Мацвей з'яўляецца апекуном мытнікам і банкіраў. Бо да таго часу, пакуль Пан Езус не паклікаў яго, Мацвей быў мытарам, займаўся тым, што збіраў мыты - гандлёвыя і праезныя пошліны на карысць акупацыйнай рымскай улады. Вось што гаворыць пра гэта Евангелле ад Мацвея:

У той час: Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

У апошні час у Беларусі пракацілася хваля арыштаў некалькіх груп мытнікаў, якіх пасля судзілі за хабар. Зараз у Гомелі доўжыцца суд над групай працаўнікоў мытні, якія абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў.

НІК ВУЙЧЫЧ У БРЭСЦЕ НА 500-ГОДДЗЕ БЕЛАРУСКАЙ БІБЛІІ - ПОЎНАЕ ВІДЭА

Легендарны чалавек без рук і ног заклікаў усіх хрысціянаў да адзінства і запэўніў: Бог любіць Беларусь!

15 верасня ў брэсцкім Лядовым палацы правёў сустрэчу Нік Вуйчыч - чалавек, які нарадзіўся без рук і ног, які змог не проста рэалізаваць сябе ў жыцці, але і натхніць сваім прыкладам тысячы людзей. Легендарны матывацыйны аратар і хрысціянскі прапаведнік прыехаў у Брэст з праграмай «Жыццё без межаў» у рамках святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі.

Квіткі на сустрэчу каштавалі ўсяго ад 15 да 30 рублёў. Прамую трансляцыю сустрэчы вёў хрысціянскі відэаканал Church4U / Царква для цябе. Перад з'яўленнем на сцэне легендарнага чалавека без рук і ног прагучаў канцэрт сімфанічнага канцэрта і хрысціянскага гурта «Збаўленне». Нік пачаў свой выступ так:

- У кантэксце таго, што апошнія 500 гадоў Біблія была даступная для кожнага і зразумелая, сёння мы будзем размаўляць аб гэтай кнізе. Я не нейкі гуру, я так жа вучуся ў гэтым жыцці, як і вы. Гэтак жа, як і ў вас, у мяне ёсць ўзлёты і падзенні, я пражываю рэальнае паўсядзённае жыццё так жа, як і вы. І гэтак жа задаюся мноствам пытанняў: хто я, чаму я тут?

Выступ Ніка доўжыўся каля 50 хвілін. Ён скончыў сваю прамову такімі словамі:

- Бог любіць Брэст, Ён любіць Мінск, Ён любіць Беларусь, Ён любіць свет. І я спадзяюся, што мая прысутнасць сёння тут і мая асабістая гісторыя пра тое, як Біблія памяняла маё жыццё, дае вам натхненне, веру і надзею, каб вы маглі шукаць Бога ў вашым падарожжы веры. Няхай Бог дабраславіць вашу краіну, ваш урад, хай Бог дабраславіць ўсе цэрквы, і хай Ён дапаможа нам, хрысціянам, не падзяляцца. Хай мы будзем менавіта тымі, хто пакажа Яго любоў, Яго прабачэнне.

А 17 верасня Нік Вуйчыч бясплатна выступіць у Кіеве. На Крэшчаціку з 10:00 да 21:00 пройдзе Дзень падзякі. Кіяўлян і гасцей горада чакае канцэрт, фестываль сацыяльных праектаў, інтэрактыўныя забавы і выступ чалавека-легенды Ніка Вуйчыча. Прыняць удзел у мерапрыемстве змогуць і дзеці, і дарослыя. Уваход - вольны.

Нагадаем, упершыню ў Беларусі Нік выступаў у Мінску ў 2016 годзе, сабраўшы шматтысячную аўдыторыю ў «Мінск-Арэне».

katolik.lif

ПАПА РЫМСКІ: ХТО НЕ МОЛІЦЦА ЗА ЎЛАДУ - ГРАШЫЦЬ

Францішак адзначыў, што і тыя, хто мае ўладу, павінны маліцца, а таксама даў параду палітыкам-атэістам.

Аб хрысціянскім абавязку малітвы за людзей ва ўладзе нагадаў Францішак 18 верасня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён адзначыў, што таксама і тыя, хто мае ўладу павінны маліцца, у адваротным выпадку рызыкуюць замкнуцца на сабе.

У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на Першае пасланне св. Паўла да Цімафея (1 Цім 2,1-8), дзе апостал заклікае хрысціян маліцца за ўсіх людзей, у тым ліку за каралёў і за тых, хто мае ўладу, а таксама на фрагмент Евангелля св. Яна (Ян 3, 16) , у якім ідзе мова пра малітву сотніка, прадстаўніка ўлады. Папа адзначыў, што гэты сотнік адчуваў жаданне маліцца, бо разумеў, што не з’яўляецца гаспадаром усяго, не з’яўляецца апошняй інстанцыяй. Ён ведаў, што над ім ёсць Іншы, Які кіруе. Сам меў падначаленых, але ведаў, што мае ўладу над сабой. А гэта схіляе да малітвы.

“Калі чалавек, які мае ўладу не моліцца, ён зачыняецца ў асабістай або партыйнай аўтарэферэнтнасці, у коле, з якога няма выйсця. Ён зачыняецца ў сабе. Але калі бачыць рэальныя праблемы, пачынае разумець сваю падпарадкаванасць, што ёсць Іншы, Хто мае больш улады”, - патлумачыў Францішак і дадаў, што малітва чалавека ва ўладзе з’яўляецца просьбай да Бога за даручаных яму людзей, шансам не страціць свядомасці свайго падпарадкавання Богу і людзям. 

Святы Айцец даў параду таксама няверуючым палітыкам. Ён рэкамендаваў ім рабіць рахунак сумлення і весуці адкрытыя дыскусіі з мудрымі людзьмі, каб не апынуцца сярод невялікай групы падхалімаў з шэрагаў сваёй уласнай партыі.

Францішак нагадаў таксама, што св. Павел заклікае вернікаў маліцца за каралёў, “каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці”.

“Я прашу вас аб паслузе: няхай кожны з вас падумае пра гэта на працягу пяці хвілін, не больш. Калі ты той, хто мае ўладу, пастаў сабе пытанне: “Ці малюся да Таго, хто даў мне ўладу над людзьмі?”. Калі ў цябе няма ўлады: “Ці малюся за кіраўнікоў? (...) Ці малюся за ўсіх кіраўнікоў?”, - звярнуўся Папа да сабраных у капліцы Дому св. Марты. Ён параіў, калі падчас рахунку сумлення высветліцца, што нехта не маліўся за людзей ва ўладзе, – вызнаць гэта як грэх на споведзі. “Адсутнасць малітвы за кіраўнікоў з’яўляецца грахом”, - сказаў папа Францішак.

radiovaticana.va

Школа імя святога Яна Паўла II з’явілася ў Гродне

У Гродне з’явілася польская школа імя святога Папы Яна Паўла II. Школа знаходзіцца па адрасе вул. Будзёнага 48а. 16 верасня ў польскай грамадскай школе Гродна прайшлі дзве важныя падзеі: інаўгурацыя навучальнага 2017/2018 года і прысваенне школе імя вялікага паляка, святога Папы Рымскага Яна Паўла II.

— У распачатым навучальным годзе ў гэтай польскай культурна-асветніцкай установе будуць атрымліваць веды па польскай мове больш за 680 вучняў. Настаўнікі школы лічаць гэта сумесным поспехам, — паведамляецца ў сацсетках.

Урачыстасці традыцыйна распачаліся са святой імшы ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, куды вучні прыходзілі разам са сваімі роднымі і блізкімі. Таксама ў гэты дзень польскай грамадскай школе было прысвоена імя святога Яна Паўла II, і гэтая ўрачыстая хвіліна стала важнай падзеяй у жыцці школы.

Адзначым, што беларускі абласны цэнтр Гродна знаходзіцца ля мяжы з Польшчай, многія жыхары горада маюць польскія карані.

katolik.life

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Скіроўваю да вас маё пастырскае слова сёння, у трэцюю нядзелю верасня, якая завяршае сёлетнія квартальныя дні малітваў у інтэнцыях дзяцей, моладзі, настаўнікаў і выхаваўцаў.

Пасля вакацыйнага перыяду адпачынку нашы дзеці і моладзь распачалі чарговы навучальны год – час інтэнсіўнай працы над здабыццём ведаў і ўменняў, якія неабходныя для іх усебаковага развіцця і жыцця ў грамадстве. На парозе новага этапу вучобы мы атачаем малітвай нашых маладых дыяцэзіян, просячы для іх аб святле Духа Святога, аб здароўі і сілах, трываласці і працавітасці.

Нашай малітвай мы падтрымліваем таксама настаўнікаў і выхаваўцаў, каб, умацаваныя Божай ласкай і асвечаныя Духам Святым, яны не толькі паспяхова перадавалі веды сваім вучням і выхаванцам, але і здолелі таксама прывіць у сэрцах і думках маладога пакалення чуласць да дабра і прыгажосці, павагу да маральных і этычных прынцыпаў, жаданне будаваць ўласнае жыццё і дзейнасць на фундаментах праўды, справядлівасці, сумленнасці, павагі да сябе і іншых людзей.

Акрамя таго, для нас, як хрысціян, важна тое, каб адукацыйны і выхаваўчы працэс ахопліваў таксама духоўнае і рэлігійнае вымярэнне жыцця дзіцяці ці маладога чалавека. Разам са здабываннем ведаў пра акаляючы нас свет дзеці і моладзь павінны ўсё лепш і глыбей пазнаваць Бога, які ёсць яго Створцам, адкрываць для сябе Таямніцу Хрыста, які ёсць “дарога, праўда і жыццё” (Ян 14,6), адкрывацца на асвячальную дзейнасць Духа Святога, які праз веру і любоў вядзе веруючых да ўсё больш дасканалага з’яднання з Богам.

Таму сёння, на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года, жадаю нагадаць вам, дарагія бацькі, пра абавязак дбаць аб духоўным і рэлігійным выхаванні вашых дзяцей, які ляжыць на вас.

Першым асяроддзем, у якім ад заранку дзяцінства пачынаецца працэс выхавання ў веры, з’яўляецца менавіта сям’я. Гэтая своеасаблівая сямейная катэхеза папярэджвае кожную іншую форму катэхезы і мае вырашальны, трывалы і нічым не заменны ўплыў на душу дзіцяці. Добра, калі менавіта ад бацькоў дзіця вучыцца знаку крыжа і словам малітвы, паступова пазнае асноўныя праўды веры і атрымлівае веды з катэхізісу. 

Нават самым найлепшым чынам арганізаваная парафіяльная катэхеза не заменіць дзіцяці прыкладу ўласных бацькоў, якія разам кленчаць для малітвы, наведваюць нядзельную святую Імшу, рэгулярна прыступаюць да святых сакрамэнтаў і рупліва спаўняюць іншыя рэлігійныя практыкі. Важна і тое, каб у хрысціянскіх сем’ях панавала атмасфера згоды і любові, дабрыні і міру, узаемнай павагі і падтрымкі ў цяжкасцях. Таксама сведчанне хрысціянскага жыцця, вельмі красамоўнае, хоць і часта маўклівае, безумоўна, пакіне трывалы след у сэрцы дзіцяці, а сістэма каштоўнасцяў, засвоеная ў дзяцінстве, знойдзе свой выраз у будучыні, у жыцці асабістым, сямейным і грамадскім заўтрашняга дарослага чалавека

Таму прашу вас, дарагія бацькі, каб вашы сем’і былі сапраўдным “хатнім Касцёлам”, у якім дзеці атрымаюць першую, базавую перадачу веры і будуць мець узор жыцця сапраўды хрысціянскага, якое вядзецца паводле Евангелля.

Гэтая сямейная катэхеза, хоць і з’яўляецца важнай і незаменнай, не вычэрпвае рэлігійнага выхавання маладога пакалення. Святы Касцёл, верны Хрыстоваму наказу абвяшчэння Добрай Навіны, прыходзіць з дапамогай хрысціянскім бацькам, рупліва і трывала рэалізуючы давераную яму місію выхавання і навучання, між іншым праз арганізацыю сістэматычнай катэхізацыі дзяцей і моладзі. Адбываецца яна паводле праграм, зацверджаных Касцёлам і прыстасаваных да ўзросту вучняў, а яе правядзенне даручана асобам, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і ўпаўнаважаны касцёльнай уладай. На ўроках рэлігіі, арганізаваных парафіямі, катэхізаваныя паступова пазнаюць Асобу і навуку Езса Хрыста, вучацца чыннаму ўдзелу ў літургіі і прыступанню да святых сакрамэнтаў, паглыбляюць жыццё малітвы і выхоўваюць уласнае сумленне. Такім чынам дзеці і моладзь узрастаюць у веры і становяцца сапраўднымі вучнямі Хрыста Пана.

чытать далей

Дарагія браты і сёстры! У кантэксце сённяшняга Божага слова мы можам убачыць, кім з’яўляемся і чаго патрабуем. Калі сумленна прыгледзімся да сваіх паводзінаў і жыцця наогул, то прыйдзем праз рахунак сумлення да высновы, што мы дастаткова часта робім грэх, і як вынік гэтага – маем патрэбу ў Божым прабачэнні. І сапраўды, гэтае прабачэнне Бог нам заўсёды гатовы ўдзяліць, прабачыць нам, калі мы ўсведамляем учыненае зло і грэх і жадаем выправіцца.

 

Але ёсць яшчэ адзін момант, вельмі важны, якога ад нас чакае Бог, - а менавіта каб мы былі гатовыя прабачыць тым, хто якімсьці чынам пакрыўдзіў нас. Паглядзіце: першае чытанне з кнігі Сіраха ставіць прабачэнне бліжняму ўмовай атрымання прабачэння ад Бога: “Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека, то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?”

І гэта далёка не рытарычнае пытанне. Божае слова вучыць нас, што, каб атрымаць Божае прабачэнне, якога патрабуе кожны чалавек, бо неаднаразова трапляе ў грахі і памылкі, якімі крыўдзіць Бога, яму трэба мець чыстае сэрца - чыстае ад гневу, ад крыўды, каб па-сапраўднаму атрымаць прабачэнне ад самога Пана. І гэтае прабачэнне, па сутнасці, узаемазалежнае. Бо, калі разважаем над сённяшнім Евангеллем, то прыходзім да высновы, што прыняцце прабачэння ад Бога дапамагае ад сэрца прабачыць бліжняму. Такім чынам, можам убачыць, наколькі адно залежыць ад другога. Так, як і запаведзь любові: на першым месцы гэтая любоў датычыць Бога, а на другім - бліжняга. І гэтая запаведзь непадзельная: як можаш любіць Бога, калі не любіш бліжняга?

чытать далей

16 верасня ў сталічнай Усіхсвяцкай царкве мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у цырымоніі закладкі капсулы з зямлёй з месцаў спачыну супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі, якія загінулі падчас выканання службовых абавязкаў, і ў малітве за іх.

Прамаўляючы ў царкве, арцыбіскуп нагадаў, што клопат пра захаванне бяспекі на дарогах з'яўляецца вельмі важным, і параўнаў Божыя запаведзі да дарожных знакаў, якія, нібы чырвонае святло светлафора, абегараюць чалавека ад граху. Таксама Мітрапаліт прачытаў малітву “Анёл Панскі” за спачылых супрацоўнікаў ДАІ.

 

Цырымонія адбылася ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя Міліцыі Беларусі, а таксама 81-й гадавіны з дня ўтварэння ДАІ МУС.

Закладка капсулы адбылася ў знак удзячнасці тым, хто цаной уласнага жыцця ўстаў на абарону жыцця і здароўя грамадзян, забяспечваючы бяспеку на дарогах Беларусі, абараняючы спакой і парадак у краіне.

Зямля, змешчаная ў капсулу, узята з месцаў спачыну супрацоўнікаў ДАІ, загінулых падчас выканання службовых абавязкаў. Такім чынам у крыпце Усіхсвяцкай царквы ўвекавечылі памяць 34 супрацоўнікаў, загінулых за 81 год існавання ДАІ МУС.

чытать далей
Прэзідэнт Беларусі сустрэнецца з еўрапейскімі біскупамі

Прэзідэнт Беларусі прыме ў Мінску вялікую дэлегацыю каталіцкіх іерархаў з Еўропы. У чацвер, 28 верасня 2017 г. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), якая будзе праходзіць у беларускай сталіцы з 27 верасня па 1 кастрычніка і збярэ кіраўнікоў епіскапатаў 45 краін кантыненту. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні арганізацыі.

Адной тэм форуму стане сучаснасць і будучыня Еўропы, уклад і місія Касцёла ў пабудову агульнага еўрапейскага дома. Старшыні епіскапатаў абмяркуюць шляхі і магчымасці абвяшчэння Евангелля Хрыста ў Еўропе. Асноўнай жа тэмай сустрэчы стане ўдзел маладых людзей у жыцці Касцёла: іх жаданні, патрэбы, страхі, чаканні і адносіны.

Беларусь прыме сход касцёльных лідэдараў такога ўзроўню ўпершыню. Вытокі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы зыходзяць з 1965 г., калі 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме заснавалі камітэт для развіцця магчымасцяў больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў сакавіку 1971 г.

Як гаворыцца ў паведамленні, сведчаннем вялікага значэння сустрэчы з’яўляецца ўдзел у яе адкрыцці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко, мэра Мінска Андрэя Шорца, прадстаўнікоў іншых канфесій і рэлігій.

Пленарная асамблея завершыцца ў нядзелю, 1 кастрычніка, прыняццем выніковага дакументу, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў жніўні 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.

Мінск быў абраны для правядзення пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы падчас мінулагодняй асамблеі, якая праходзіла ў Манака. Трэба адзначыць, што беларуская сталіца прымае форум у рамках вышэйузгаданай арганізацыі ўжо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. тут праходзіла 35-я сустрэча генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў на тэму “Міграцыя – выклік для Еўропы”.

Варта зазначыць, што Беларусь усё часцей становіцца цэнтрам увагі з боку Паўсюднага Касцёла і Святога Пасаду. У 2014 г. у Мінску адбыўся IV Каталіцка-Праваслаўны форум “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”, у якім прынялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія іерархі з 22 краін кантыненту. У 2015 г. краіну наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія ў 2016 г. праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік папы Францішка кардынал Крыстаф Шонборн з Вены.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гаспадар форуму, назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для краіны ў цэлым.