НАВIНЫ

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ БІСКУПА АЛЯКСАНДРА КАШКЕВІЧА З НАГОДЫ АДКРЫЦЦЯ ПЕРШАГА СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у нашым лакальным Касцёле адбудзецца незвычайная ўзнёслая падзея, якая мае вялікае значэнне для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. У гэты дзень будзе ўрачыста адкрыты Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі.

Маючы на ўвазе ранг гэтай падзеі і яе практычнае значэнне для нашага Касцёла на Гродзеншчыне, я пастанавіў скіраваць да вас, умілаваныя браты і сёстры, маё пастырскае слова, у якім растлумачу прыроду і характар дыяцэзіяльнага Сінода, прадстаўлю прычыны, якія прамаўляюць за яго скліканне, а таксама паведамлю пра яго галоўныя задачы і мэты.

Пачаткі інстытуту сінода можна назіраць ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства, калі біскупы праводзілі нарады са святарамі, як сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі, для кансультавання перад прыняццем важных рашэнняў і з мэтай супольнага пошуку найлепшых вырашэнняў актуальных праблем і выклікаў. Гэтая спецыфічная форма сходаў духавенства пад кіраўніцтвам біскупа называлася тэрмінам “сінод”, які можна перакласці з грэчаскай мовы як “супольны шлях”. Такім чынам, сінод азначае не столькі сход, колькі крочанне разам тым самым шляхам, супольнае імкненне да вызначанай мэты. Сінод можна таксама разумець як своеасаблівае сыходжанне шляхоў чалавечага жыцця з Божым шляхам, з мэтай усё больш поўнага і глыбокага яго адкрыцця.

На працягу стагоддзяў адбываліся шматлікія змены ў разуменні і функцыянаванні дыяцэзіяльных сінодаў. Да найважнейшых трэба залічыць тыя, якія былі ўведзены ІІ Ватыканскім Саборам, калі да ўдзелу ў працах дыяцэзіяльных сінодаў былі запрошаны – акрамя духавенства і кансэкраваных асобаў, выконваючых служэнне ў дыяцэзіі, – таксама свецкія вернікі. Яны могуць прымаць удзел у дыскусіях сінода, выражаць сваё меркаванне, мець уплыў на характар выніковых дакументаў. Такім чынам была яшчэ больш падкрэслена калегіяльнасць сінода і сумесная адказнасць усёй дыяцэзіяльнай супольнасці – значыць не толькі душпастыраў, але і вернага люду – за ўласны лакальны Касцёл.

Паводле абавязваючага на сённяшні дзень касцёльнага заканадаўства, “дыяцэзіяльны сінод з’яўляецца сходам выбраных святароў, а таксама іншых вернікаў партыкулярнага Касцёла, які для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сведчыць дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу” (кан. 460 ККП). Належыць заўважыць, што сінод не з’яўляецца калегіяльным заканадаўчым інстытутам, але мае дарадчы голас, праз што дапамагае біскупу ў лепшым распазнанні сітуацыі лакальнага Касцёла і ў больш паспяховым фармаванні душпастырскага аблічча дыяцэзіі. Для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сінод з’яўляецца шансам “навучання Касцёла”, запрашэннем да яшчэ больш актыўнага і свядомага ўключэння ў яго “сёння” і да адказнага клопату пра яго “заўтра”.

За патрэбу склікання дыяцэзіяльнага сінода прамаўляе, між іншым, факт, што апошні Сінод, які датычыў Касцёла на нашых землях, меў месца ў 1931 годзе ў Вільні. Тады тэрыторыя Гродзенскай дыяцэзіі належала да Віленскай архідыяцэзіі. Відавочна, што па прашэсці больш чым 80-і гадоў, якія аддзяляюць нас ад узгаданага віленскага Сінода, сітуацыя Касцёла вельмі змянілася. Небаходна пры гэтым падкрэсліць, што змяніліся не толькі абставіны месца і часу, у якіх Касцёл выконвае сваю місію. Змяніўся таксама сам Касцёл, найперш дзякуючы вялікай справе аднаўлення, пачатак якой быў пакладзены ІІ Ватыканскім Саборам і якая была паслядоўна рэалізавана чарговымі Папамі і іх супрацоўнікамі – біскупамі. Не падлягае сумненню, што некаторыя з пастанаўленняў віленскага Сінода проста страцілі актуальнасць, іншыя патрабуюць глыбокай рэвізіі і дастасавання да сучасных умоваў. Акрамя таго, паслясаборная рэчаіснасць, у якой мы жывем, знакі часоў, якія мы спрабуем адчытаць, і новыя выклікі, перад якімі стаіць сёння наш партыкулярны Касцёл, патрабуюць супольнага шукання новых, лепшых, больш паспяховых вырашэнняў, адпаведна меркам ХХІ стагоддзя.

У мінулым годзе мы адзначалі юбілей 25-годдзя паклікання да існавання Гродзенскай дыяцэзіі. Наш лакальны Касцёл, хоць ён і малады, можа ўжо пахваліцца значнымі ўласнымі душпастырскімі дасягненнямі і здабытым на працягу апошняй чвэрці стагоддзя досведам. Здаецца, што надышоў час, каб мы як Касцёл на Гродзеншчыне, працягваючы шчодра чэрпаць з багатай духоўнай спадчыны мацярынскай Віленскай архідыяцэзіі, адначасова рапачалі працу акрэслення ўласнай тоеснасці і пошуку такіх душпастырскіх вырашэнняў, якія б як найлепш адпавядалі нашай сітуацыі. Гаворка ідзе аб тым, каб у справе новай евангелізацыі гарманічна злучыць традыцыі і сучаснасць.

Улічваючы прыведзеныя вышэй прычыны, маючы на ўвазе духоўнае дабро ўсёй супольнасці нашага партыкулярнага Касцёла, я прыняў рашэнне аб скліканні Першага Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Працы Сінода будуць праходзіць найперш у паасобных сінадальных камісіях, у склад якіх увойдуць прадстаўнікі духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў. Да асобных пытанняў, над якімі будуць працаваць сінадальныя камісіі пад кіраўніцтвам Генеральнага сакратарыята, належаць, між іншым: спецыфічныя душпастырскія выклікі ў гарадскіх і вясковых парафіях; патрэба глыбокага духоўнага і маральнага аднаўлення грамадства; клопат аб узрастанні колькасці святарскіх, манаскіх і місіянерскіх пакліканняў; развіццё і актывізацыя касцёльных таварыстваў і рухаў; выпрацоўка форм больш блізкай сумеснай дзейнасці духавенства і свецкіх вернікаў; шуканне аптымальных эканамічных і адміністрацыйных вырашэнняў для дыяцэзіі і парафіі; а таксама іншыя практычныя пытанні, якія будуць узнікаць у ходзе прац Сінода.

Дэвізам Першага Сінода Гродзенскай дыяцэзіі будуць словы: “Жыць Евангеллем”. Яны нагадваюць нам, што найважнейшай задачай Касцёла, у кожную эпоху і ў кожным месцы, з’яўляецца евангелізацыя, значыць абвяшчэнне Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету. Для таго, каб Касцёл мог верна і паспяхова рэалізаваць гэтае заданне, трэба, каб ён сам пастаянна фармаваўся да слухання Божага слова і да ўвядзення яго ў жыццё. “Касцёл не евангелізуе, калі не дазваляе сябе евангелізаваць”, – як напісаў Святы Айцец Францішак у Апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium(EG 174).

Няхай Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які распачынаецца, будзе часам слухання таго, што кажа Дух Святы нашаму лакальнаму Касцёлу. Няхай ён дапаможа нам, як супольнасці Касцёла на Гродзеншчыне, у паўнаце ацаніць тое, што ўдалося дасягнуць у мінулыя гады, і са скарбніцы гэтага досведу ўзяць усё, што зробіць евангелізацыйную місію яшчэ больш плённай і што дазволіць нам дайсці з радасным пасланнем Евангелля да сэрца кожнага чалавека.

Як пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, веру, што ўся наша дыяцэзіяльная супольнасць уключыцца актыўна ў працу Сінода, і звяртаюся да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, з просьбай аб дары малітвы.

Я чытаю як асабліва прыгожы знак Божага Провіду тое, што Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі мы распачынаем у год трайнога юбілею Марыі: 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і 90-годдзя каранацыі выявы Маці Божай Вастрабрамскай. Таму з сыноўняй пакорай і даверам даручаю Сінод Найсвяцейшай Панне Марыі, якая няхай выпрошвае ў Бога ў Тройцы Святой Адзінага благаслаўлення, святла Духа Святога і багацця ўсялякіх ласкаў.

Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Гродна, 07.11.2017, № 433/17 

Прашу шаноўных пробашчаў і адміністратараў аб прачытанні Пастырскага  лісту ў  XXXII  Звычайную Нядзелю падчас кожнай нядзельнай  св. Імшы ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі.