НАВIНЫ

Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала семінарыі ў Пінску «Біблію Скарыны»

9 лістапада ў сценах Брэсцкай абласной бібліятэкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў у дар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску факсімільнае выданне «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» ў 20 тамах.

Цырымонія перадачы адбылася ў межах святкавання 500-годдзя выдання Скарынам першай друкаванай кнігі на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Як адзначыў Раман Матульскі, прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання адбылася ва ўсіх найбольш буйных цэнтрах навукі і культуры свету. Цяпер выданне прэзентуецца ў асноўных навучальных установах і бібліятэках Беларусі.

Рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка падзякаваў за працу над выданнем і за падарунак Раману Матульскаму і ўсяму калектыву навукоўцаў, якія прычыніліся да векапомнага выдання «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны».

Ксёндз Рылка звярнуў увагу сабраных на велізарнае культуратворчае і духоўнае значэнне як постаці першадрукара, так і выдадзеных ім біблійных твораў. Рэктар семінарыі адзначыў, што 20-томная біблійная спадчына Скарыны зойме пачэснае месца ў багатым фондзе духоўнай літаратуры семінарыйнай бібліятэкі ў Пінску.

Catholic.by

У 23 гады стала маці 13 дзяўчынак

18-гадовай дзяўчынай Кэці паехала ва Уганду на тры тыдні. Вярнуўшыся адтуль, прывезла для сваёй сям’і дзіўную навіну, паведамляе deon.pl.

Пасля гэтага выезду Кэці Дэвіс Мейджорс вырашыла пакінуць вучобу і свае планы. Вырашыла вярнуцца ва Уганду як місіянерка, якая будзе вучыць мясцовых дзяцей.

У 23 гады яна ўдачарыла 13 маладых дзяўчынак і займалася імі як адзінокая маці.

Праз некалькі гадоў сустрэла сваё каханне — таксама місіянера.

— Гэта самы вялікі падарунак ад Бога! Знайсці чалавека, які не толькі зацікаўлены тым, чым я займаюся; але захоплены думкай увайсці ў такое сумеснае жыццё, — кажа Кэці. Яна падкрэслівае, што гэты вопыт даў ёй нямала натхнёных думак, дапамог спадзявацца на Бога, у прыватнасці перад тварам пакуты і трагедый.

— Я змагалася з пытаннем: кім ёсць Бог? Хто Ён такі? Я ўбачыла, што Бог ёсць тым, кім Ён сам кажа, што ёсць: Ён добры, верны і імкнецца радаваць сваіх людзей, — кажа Кэці.

Людзі па ўсім свеце захопленыя радасцю і шчодрасцю Кэці, якая натхняе іншых, каб давалі тое, што маюць, і знаходзілі Бога ў штодзённасці свайго жыцця.

Святы Пасад у ААН: выкараніць ісламісцкую ідэалогію

Не дастаткова толькі перамагчы “Ісламскую дзяржаву”, трэба таксама выкараніць пасеяную ёй варварскую і варожую чалавецтву ідэалогію, падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у форуме, прысвечаным будучыні меншасцяў, якія падвяргаюцца пераследу з боку гэтай тэрарыстычнай групоўкі.

 

Папскі дыпламат падкрэсліў, што на злачынствы, учыненыя ісламістамі, міжнародная супольнасць павінна адказаць з поўнай рашучасцю. “Мы павінны быць цвёрдымі як камень”, - дадаў ён і адзначыў важнасць вырашэння эканамічных і палітычных праблем, на якія спасылаюцца ў сваёй рыторыцы ісламісцкія прапагандысты.

Неабходна таксама забяспечыць меншасцям свабоду веравызнання і іншыя грамадзянскія правы, у тым ліку ў тых краінах, дзе існуе “афіцыйная рэлігія”. Ватыканскі прадстаўнік у ААН нагадаў пра асаблівую адказнасць рэлігійных лідэраў. “Без аніякага ценю двухсэнсоўнасці яны павінны асудзіць забойствы ў імя Бога і выкарыстанне рэлігіі для апраўднання насілля і тэрарызму”, - сказаў арцыбіскуп Ауса.

Святы Пасад: мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй

Прадстаўнік Святога Пасаду 7 лістапада 2017 г. выступіў на Міжнароднай канферэнцыі пра ролю рэлігіі ва ўмацаванні глабальнага міру, якая прайшла ў Жэневе. Мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй – ён магчымы, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

 

Ён заўважыў, што сёння тэхналогія вайны становіцца больш вытанчанай: пастаянна вырабляюцца новыя віды зброі, якія ігнаруюць чалавечую прысутнасць і любую этычную адказнасць. Сярод асноўных прычын насілля ў наш час: тэрарызм, пірацтва, канфлікты за кантроль над мінеральнымі рэсурсамі, фундаменталізм, а таксама нерэгуляваны фінансавы капіталізм, канкурэнцыя за ўладу і надмерная прага прыбытку, заўважыў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

 

Сёння 90% ахвяр узброеных канфліктаў складаюць грамадзянскія асобы, заўважыў ён. Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але вынік працэсу культурнага, маральнага і духоўнага ачышчэння і развіцця кожнага чалавека і кожнага народу. Евангелле называе шчаслівымі міратворцаў, а хрысціяне лічаць мір месіянскім дарам і плёнам чалавечых намаганняў праз ісціну, свабоду, любоў і справядлівасць.

Свет сапраўды хоча міру, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч, і нагадаў, што ў апошнія гады з боку ўрадаў, Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў гучыць шмат заклікаў да спынення ўсіх гвалтоўных канфліктаў. Права народаў на мір таксама было прадметам рэзалюцый і заклікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Па-ранейшаму неабходна сур’ёзна дзейнічаць у галіне ядзернага і звычайнага раззбраення. І тут, на думку Святога Пасаду, вельмі важна мець моцнае пачуццё глабальнай салідарнасці паміж багатымі і беднымі краінамі, кіруючыся агульным этычным кодэксам.

 

Ватыканскі дыпламат шырока працытаваў папу Францішка, які ў сваім пасланні на Сусветны дзень міру ў 2014 г. нагадаў, што толькі “сапраўдным духам братэрства” можна пераадолець “індывідуалістычны эгаізм”, які не дазваляе людзям жыць разам гарманічна і свабодна. 

 

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў падтрымліваць братэрскія адносіны, у тым ліку і праз служэнне найбольш пакрыўджаным і маргіналізаваным. Менавіта на аснове братэрства будуецца мір, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

10 лістапада 2017 г. арцыбіскуп Пінтэр быў прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане папам Францішкам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні, у тым ліку магчымы візіт Францішка ў Беларусь. 

“Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем”, - дадаў ён.

Па словах арцыбіскупа Пінтэра, аўдыенцыя прайшла ў вельмі цёплай і станоўчай атмасферы. Пантыфік уразіў свайго дыпламатычнага прадстаўніка глыбокім веданнем сітуацыі ў Беларусі.

“Да майго вялікага захаплення, Папа вельмі добра паінфармаваны аб Беларусі. Канешне, я ведаў аб гэтым, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі”, - сказаў іерарх.

Урачыстае святкаванне 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святы Пасадам і Беларуссю прайшло раней – 4 кастрычніка 2017 г. У гэты дзень у Мінску быў урачыста адкрыты новы будынак Апостальскай нунцыятуры. У цырымоніі прыняў удзел высокі прадстаўнік Пантыфіка, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы. radiovaticana.va

чытать далей
МАЛІТВА Ў ІНТЭНЦЫІ І СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Божа, Адзіны ў Святой Тройцы, з’яднаныя ў супольнасці гродзенскага Касцёла, мы хочам разам вырушыць у дарогу, каб добра падрыхтаваць і плённа перажыць першы дыяцэзіяльны сінод.

Просім Цябе, Ойча, поўны міласэрнасці, напоўні нас сваёй праўдай, любоўю і супакоем, каб мы верна здзяйснялі Твой план збаўлення чалавецтва, былі адкрытыя на дар актыўнага супрацоўніцтва ўсіх вернікаў дыяцэзіі.

Просім Цябе, Езу, Сыне Жывога Бога, каб мы заўсёды з вялікай пакорай і даверам распазнавалі знакі часу ў святле Евангелля, будуючы супольнасць нашай дыяцэзіі паводле Твайго вобразу.

Заклікаем Цябе, Дух Святы Жыватворца, каб мы, напоўненыя Тваімі дарамі, аднавілі і ажывілі супольнасць гродзенскага Касцёла ў еднасці з Паўсюдным Касцёлам.

Марыя, Маці Міласэрнасці, Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі, вядзі нас і падтрымлівай у сінадальнай пілігрымцы веры!

Святы Казіміру, маліся за нас!

Святы Максімільяне Марыя Кольбэ, маліся за нас!

Бласлаўлёныя сёстры мучаніцы з Навагрудка, маліцеся за нас!

Бласлаўлёны Генрыху Глябовіч, маліся за нас!

Бласлаўлёная Мар’яна Бярнацкая, маліся за нас!

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у нашым лакальным Касцёле адбудзецца незвычайная ўзнёслая падзея, якая мае вялікае значэнне для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. У гэты дзень будзе ўрачыста адкрыты Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі.

Маючы на ўвазе ранг гэтай падзеі і яе практычнае значэнне для нашага Касцёла на Гродзеншчыне, я пастанавіў скіраваць да вас, умілаваныя браты і сёстры, маё пастырскае слова, у якім растлумачу прыроду і характар дыяцэзіяльнага Сінода, прадстаўлю прычыны, якія прамаўляюць за яго скліканне, а таксама паведамлю пра яго галоўныя задачы і мэты.

Пачаткі інстытуту сінода можна назіраць ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства, калі біскупы праводзілі нарады са святарамі, як сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі, для кансультавання перад прыняццем важных рашэнняў і з мэтай супольнага пошуку найлепшых вырашэнняў актуальных праблем і выклікаў. Гэтая спецыфічная форма сходаў духавенства пад кіраўніцтвам біскупа называлася тэрмінам “сінод”, які можна перакласці з грэчаскай мовы як “супольны шлях”. Такім чынам, сінод азначае не столькі сход, колькі крочанне разам тым самым шляхам, супольнае імкненне да вызначанай мэты. Сінод можна таксама разумець як своеасаблівае сыходжанне шляхоў чалавечага жыцця з Божым шляхам, з мэтай усё больш поўнага і глыбокага яго адкрыцця.

На працягу стагоддзяў адбываліся шматлікія змены ў разуменні і функцыянаванні дыяцэзіяльных сінодаў. Да найважнейшых трэба залічыць тыя, якія былі ўведзены ІІ Ватыканскім Саборам, калі да ўдзелу ў працах дыяцэзіяльных сінодаў былі запрошаны – акрамя духавенства і кансэкраваных асобаў, выконваючых служэнне ў дыяцэзіі, – таксама свецкія вернікі. Яны могуць прымаць удзел у дыскусіях сінода, выражаць сваё меркаванне, мець уплыў на характар выніковых дакументаў. Такім чынам была яшчэ больш падкрэслена калегіяльнасць сінода і сумесная адказнасць усёй дыяцэзіяльнай супольнасці – значыць не толькі душпастыраў, але і вернага люду – за ўласны лакальны Касцёл.

Паводле абавязваючага на сённяшні дзень касцёльнага заканадаўства, “дыяцэзіяльны сінод з’яўляецца сходам выбраных святароў, а таксама іншых вернікаў партыкулярнага Касцёла, які для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сведчыць дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу” (кан. 460 ККП). Належыць заўважыць, што сінод не з’яўляецца калегіяльным заканадаўчым інстытутам, але мае дарадчы голас, праз што дапамагае біскупу ў лепшым распазнанні сітуацыі лакальнага Касцёла і ў больш паспяховым фармаванні душпастырскага аблічча дыяцэзіі. Для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сінод з’яўляецца шансам “навучання Касцёла”, запрашэннем да яшчэ больш актыўнага і свядомага ўключэння ў яго “сёння” і да адказнага клопату пра яго “заўтра”.

чытать далей

Памятны знак, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія аддавалі свой грамадзянскі абавязак у розных “гарачых кропках” планеты – Афганістане, Анголе, Егіпце – ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты ў Астраўцы 4 лістапада.

Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел кіраўнікі раённай улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый

IMG_4371.jpg

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Яраслававіч Шалудзін, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі грамадзянскага аб’ядання  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”Аляксандр Аляксандравіч Вітко, старшыня Астравецкай раённай арганізацыі грамадзянскага аб’ядання  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”Сцяпан Сцяпанавіч Ціток, аўтар праекта, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Сяргеевіч Шомаў знялі ахоўнае пакрывала…

IMG_4323.jpg

І перад вачамі ўдзельнікаў мітынгу – воінаў-інтэнацыялістаў, якія лепш за ўсіх ведаюць, каму і за што ўстаноўлены гэты помнік; іх родных і блізкіх, якія чакалі сыноў з той незразумелай вайны, жонак і дзяцей, якія дзялілі ўсе гэтыя гады іх боль і памяць; юнакамі і дзяўчатамі, для якіх слова “Афганістан” – усяго толькі назва далёкай азіяцкай краіны – паўстала фігура воіна, знясіленага спякотай, баямі, чужынай, які нарэшце вярнуўся дамоў… На жаль, двое з астравецкіх хлопцаў, Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц, больш ніколі не абнялі сваіх маці…

чытать далей

У лістападзе мы ўспамінаем тых, каго больш няма з намі. Кветкі і лампадкі з’яўляюцца ледзь не ля кожнай магілы, а ў сценах храмаў гучаць прозвішчы і імёны тых, хто адышоў да Бога.

З ксяндзом-вікарыем касцёла святых Космы і Даміяна Юрыем Ясевічам мы пагутарылі пра святых, у тым ліку беларускіх, і святасць, пра тое, як растлумачыць дзецям сэнс гэтага свята і што павінен зрабіць кожны каталік у Задушны дзень.

–  1 лістапада мы ўспамінаем Усіх Святых. Ксёндз Юрый, растлумачце што гэта за свята.

– Жыццё чалавека не заканчваецца смерцю, бо наша душа – бессмяротная. Каталікі ўсяго свету 1 лістапада аддаюць даніну памяці і пашану людзям, якія знаходзяцца ў небе. Іх называюць святымі. Праз уласны прыклад яны на зямлі былі верныя Богу і часта паміралі, як мучанікі, ахвяравалі жыццё і не выракаліся веры. Да святасці павінен імкнуцца кожны з нас.

– Успамінаю сябе ў дзяцінстве: мне здавалася, што святыя – гэта ідэальныя божыя слугі, якія знешне падобны да чалавека – але гэта не людзі. Як растлумачыць дзецям, хто такія святыя і што гэта за свята?

– Некаторыя думаюць, што святасці можна дасягнуць толькі пасля смерці і гэта падуладна адзінкам. Давайце паразважаем, што значыць быць святым? Ідэальным і не мець заганаў? Згадзіцеся, гэта не зусім адпавядае зместу. Шчыра маліцца кожны дзень? Гэтага, напэўна, будзе недастаткова. Святасць праяўляецца не толькі ў духоўным, рэлігійным кантэксце, але і ў тым, як чалавек адносіцца да сваіх штодзёных абавязкаў, як ён сябе паводзіць з блізкімі ў прыватнасці і людзьмі ўвогуле. Бог нам пакінуў 10 запаведзяў, выконваючы якія кожны можа наблізіцца да святасці.

чытать далей

5 лістапада ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыліся аблучыны. Духоўны строй – сутаны – атрымалі сямёра навучэнцаў другога, трэцяга і чацвёртага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага.

Цяпер семінарысты Яўген Хаданёнак, Уладзіслаў Козел, Алег Зубрыцкі, Андрэй Півень, Уладзіслаў Моўчан, Павел Пагасай і Арцём Кір'янаў могуць сведчыць аб сваёй веры і абраным шляху да святарства не толькі словам і справай, але і знешнім выглядам.

Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. У прамове іерарх нагадаў гісторыю духоўнага строю каталіцкага святара і падкрэсліў яе значэнне ў жыцці не толькі прэзбітэраў, але і семінарыстаў, якія яшчэ знаходзяцца на шляху да святарства.

Каб падтрымаць семінарыстаў, у гэты важны дзень да іх прыехалі шматлікія госці: бацькі, родныя і сябры. Напрыканцы святой Імшы семінарысты падзякавалі Богу, бацькам, фарматарам і братам за падтрымку на шляху да святарства.

чытать далей
Расклад набажэнстваў ва ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў ў Гервятской парафіі

1 лістапада -  Ўрачыстасці Усіх Святых

10.00 Св.Імша (на літоўскай мове)

12.00 Св. Імша

15.00 Св. Імша (на літоўскай мове) капліца ў Гірах

18.00  НЕШПАРЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ І СВЯТАЯ ІМША

 

2 лістапада - Ўспамін усіх памерлых вернікаў

10.00  Св.Імша (на літоўскай мове)

12.00  ЮТРАНЬ ЗА ПАМЕРЛЫХ і  СВЯТАЯ ІМША

14.00  Св. Імша (капліца ў Завельцах)

18.00  НЕШПАРЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ І СВЯТАЯ ІМША

 

3 – 4 лістапада - Актава Ўспаміну ўсіх памерлых 

10.00  ЮТРАНЬ ЗА ПАМЕРЛЫХ і  СВЯТАЯ ІМША 

18.00  НЕШПАРЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ І СВЯТАЯ ІМША

 

5 лістапада – Нядзеля - Актава Ўспаміну ўсіх памерлых 

10.00  Св.Імша (на літоўскай мове)

12.00  Св. Імша

14.00  Св. Імша (капліца ў Завельцах)

18.00  НЕШПАРЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ І СВЯТАЯ ІМША

 

6 – 8 лістапада - Актава Ўспаміну ўсіх памерлых 

10.00  ЮТРАНЬ ЗА ПАМЕРЛЫХ і  СВЯТАЯ ІМША 

18.00  НЕШПАРЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ І СВЯТАЯ ІМША

 

 

У касцёле ўжо прымаюцца запіскі за памерлых.

Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых.

У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі.

Урачыстасць Усіх Святых. Успамін усіх памерлых вернікаў

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.

2 лістапада — дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых.

У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі. Таксама вернікі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія зачытваюцца перад набажэнствамі ў кожнай парафіі.

Падчас набажэнстваў на могілках, якія ўзначальвае святар, традыцыйна адбываецца працэсія, што складаецца з пяці стацый. На кожнай з іх чытаецца малітва за памерлых: І стацыя — за духавенства, ІІ стацыя — за бацькоў і продкаў, ІІІ стацыя — за сваякоў і дабрадзеяў, IV стацыя — за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, V стацыя — за ўсіх памерлых і за душы, якія церпяць у чыстцы. На заканчэнне святар асвячае могілкі і новыя помнікі. Вернікі запальваюць на магілах свечкі — сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.

«Пра неабходнасць маліцца за памерлых гаворыцца ў Святым Пісанні, да гэтага заклікае Езус Хрыстус, — нагадаў а. Сяргей Трысцень OCD, пробашч мінскай парафіі Божага Цела і Маці Божай Шкаплернай. — Тое, што мы можам даць памерлым, — гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі. Актава ўспаміну ўсіх памерлых — асаблівы час для кожнага хрысціяніна. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці».

Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены св. Адылонам, абатам бэнэдыктынаў, у 998 г. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.

Ў свеце налічваецца 415 656 каталіцкіх святароў
 

Інфармацыйнае агенцтва Fides апублікавала даныя з «Кнігі касцёльнай статыстыкі» — статыстычнага штогодніка, які ўтрымлівае падрабязныя звесткі пра сённяшні стан каталіцтва.

Зробленыя даследаванні адлюстроўваюць стан Касцёла на 2015 год. На гэты год колькасць католікаў у свеце склала 1 млрд 300 млн чалавек, што складае 17,7 працэнтаў насельніцтва ўсяго свету.

Колькасць ахрышчаных у Каталіцкім Касцёле ў 2015 годзе стала на 12,5 працэнтаў больш, чым у 2014 годзе. «Самым каталіцкім кантынентам» свету з’яўляецца Амерыка — тут згодна з «Кнігай касцёльнай статыстыкі» жывуць 982,2 млн чалавек, з якіх 63,6 працэнты з’яўляюцца католікамі.

Статыстыка:

  • Амерыка (982,2 млн чалавек) — 63,6 працэнты католікаў
  • Еўропа (716 млн чалавек) — 39,9 працэнтаў католікаў
  • Афрыка (1,1 млрд) — 19,4 працэнты католікаў
  • Азія (4,3 млрд чалавек) — 3,24 працэнты католікаў
  • Акіянія (38,7 млн чалавек) — 26,36 працэнтаў католікаў

Пры гэтым колькасць католікаў на амерыканскім кантыненце ў параўнанні з 2014 годам зменшылася на 0,08 працэнта. Аднак гэты паказчык знаходзіцца ў межах статыстычнай пагрэшнасці.

На другім месцы па колькасці католікаў знаходзіцца Еўропа. Сярод 716 млн еўрапейцаў да Каталіцкага Касцёла належыць 285 мільёнаў, або 39,9 працэнтаў. Эксперты адзначаюць, што ў Еўропе другі год запар назіраецца зніжэнне колькасці католікаў на 0,21 працэнт.

Сярод 1,1 млрд жыхароў Афрыкі членамі Каталіцкага Касцёла з’яўляецца 222 млн чалавек. Гэта складае 19,4 працэнты насельніцтва пры росце ў параўнанні з папярэднім годам на 0, 12 працэнтаў. У Азіі (насельніцтва каля 4,3 млрд чалавек) католікі складаюць толькі 3,24 працэнты насельніцтва, або 141 млн чалавек. У Акіяніі (38,7 млн чалавек) католікамі з’яўляюцца 10,2 млн чалавек — 26,36 працэнтаў. Гэта на 0,24 працэнты больш, чым у папярэднім годзе.

Такім чынам, Еўропа з’яўляецца адзіным населеным кантынентам свету, дзе колькасць католікаў зніжаецца.

Кананічная стуктура Каталіцкага Касцёла. Статыстыка 2015 года

Паводле «Кнігі касцёльнай статыстыкі», у 2015 годзе ў Каталіцкім Касцёле налічвалася 3 006 кананічных падраздзяленняў — дыяцэзій, вікарыятаў, апостальскіх прэфектур і іншых: у Амерыцы — 1 091, у Еўропе — 758, у Афрыцы і Азіі — па 538, у Акіяніі — 81.

Колькасць каталіцкіх біскупаў у свеце ў 2015 годзе павялічылася на 67 чалавек і дасягнула 5 304, тады як колькасць святароў зменшылася на 136 чалавек — у 2015 годзе ў свеце налічвалася 415 656 святароў.

Акрамя гэтага, у свеце налічвалася 351 797 свецкіх місіянераў і 3 122 653 каталіцкіх катэхізатараў. Каталіцкі Касцёл забяспечвае дзейнасць 216 548 школ у розных краін свету. У іх вучыцца больш за 60 мільёнаў чалавек. Акрамя таго, амаль 5, 5 мільёнаў хлопцаў і дзяўчат наведваюць каталіцкія інстытуты падчас вучобы ў старэйшых класах і ўніверсітэтах.

Ва ўсім свеце дзейнічае каля 118 тысяч каталіцкіх грамадскіх і дабрачынных інстытутаў — шпіталі, дзіцячыя дамы, дамы для састарэлых і г.д.

Гэтыя аб’яднанні і фонды ў 2016 годзе прадаставяць мясцовым касцёльным арганізацыям грантавую падтрымку ў памеры 134 млн долараў. Гэтыя грошы пойдуць на будаўніцтва капліц, арганізацыю семінараў, на адукацыйныя, душпастырскія і іншыя праграмы. catholic.by

Протаіерэй Бародзін: «Я рэдка сутыкаўся з тым, каб мужчыны спавядаліся ў граху аборту»
 

 

У сучасных мужчын разбурана жаданне быць бацькам, таму большасць з іх гатовыя да граху аборту. А многія памылкова лічаць, што адказнасць за аборт нясуць толькі жанчыны. Такія думкі выказаў протаіерэй Фёдар Бародзін з Расіі ў інтэрв’ю для pravmir.ru.

«Я рэдка сутыкаўся з тым, каб мужчыны спавядаліся ў граху аборту»

«За свае 25 гадоў святарства я рэдка сутыкаўся з тым, каб мужчыны спавядаліся ў граху аборту. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся не так даўно — мне давялося прымаць споведзь у аднаго мужчыны ў гадах, які вельмі горача каяўся аб забітых дзецях. Гэта было не проста пакаянне ў тым, што ён учыніў грэх, у яго словах гучала горыч ад таго, што цяпер у яго маглі б быць жывыя дзеці, а іх няма...» — адзначыў протаіерэй.

«Большасць мужчын жывуць так, што яны да гэтага граху гатовы. Яны на яго згодныя. І яны пра яго нават не думаюць. Яны лічаць, што адказнасць за ўчыненне гэтага граху на іх не ўскладаецца, — працягваў праваслаўны святар. — На жаль, ...у большасці мужчын разбурана жаданне быць бацькам. У юнацтве гэтае разбурэнне асабліва моцнае».

Як падкрэсліў протаіерэй, «у кожным аборце, у кожным пакінутым з жонкаю дзіцяці кожны мужчына губляе самую вялікую каштоўнасць на зямлі».

Эгаізм заўсёды караецца адзінотай

На думку протаіерэя, часцей за ўсё такіх мужчын чакае самотная старасць або старасць «сярод людзей, для якіх ты будзеш цяжарам». «А гэта ўсё роўна ўнутраная адзінота, — дадаў протаіерэй Фёдар. — Як святар я бачу, што ўсё менш і менш застаецца сем’яў, дзе людзей ва ўзросце любяць, дзе ім рады, нягледзячы на іх немачы і нават старэчую дэменцыю. Дзе іх прысутнасць у доме складае вось гэтую радасць і паўнату жыцця, калі ёсць усе пакаленні. Бо насамрэч стары — гэта чалавек, які павінен валодаць такім досведам жыцця, якім не валодаюць маладыя. Кожны павінен ім дзяліцца, несці мір у сям’ю, таму што ён ужо пераадолеў палкасць. Але гэтага ўсё больш няма. Цяпер усё больш і больш старых, якія вядуць сябе безразважна і становяцца страшным цяжарам для сваіх дзяцей і ўнукаў. І гэта — шмат у чым наступствы зробленых абортаў. Забойства — як кіслата, яно спальвае ўсё. У тым ліку душу самога чалавека».

«Эгаізм амаль заўсёды ўвогуле караецца адзінотай у лёсе чалавека. Чым больш чалавек любіць сябе, чым больш ён эгаістычны, тым цяжэй з ім жыць і тым менш людзей жадаюць з ім жыць», — заключыў святар.

На Страшным Судзе адказнасць за забітых дзяцей аднолькавая для бацькі і маці

«Калі сям’я адважылася на такі страшны грэх, (...) то за гэта таксама давядзецца плаціць», — падкрэсліў протаіерэй і нагадаў, што, калі прыходзяць згрызоты сумлення з прычыны граху аборту, такія сем’і могуць дапамагаць іншым, асабліва шматдзетным.

«Калі б мужчыны ў нашай краіне каяліся ў здзяйсненні абортаў столькі ж, колькі жанчыны, то, напэўна, заўтра мы б ужо жылі ў цалкам іншай краіне, дзе ў такой колькасці не забіваюць дзяцей, якія яшчэ не паспелі нарадзіцца. Але тое, што зараз адбываецца з нашымі мужчынамі, — гэта катастрофа», — заключыў протаіерэй Фёдар Бародзін.

Папа Францішак пра смяротнае пакаранне
 

Ахоўваць спадчыну веры і праўды, атрыманую ад Айцоў, і працягваць апостальскую дзейнасць з радасцю і міласэрнасцю, ідучы новымі шляхамі, заклікаў Папа Францішак 11 кастрычніка 2017 года падчас урачыстай сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане з нагоды 25-годдзея падпісання Янам Паўлам ІІ Апостальскай канстытуцыі “Fidei depositum”, якая суправаджала выпуск Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Звяртаючыся да сабраных на мерапрыемстве кардыналаў, біскупаў, дыпламатаў, тэолагаў, экспертаў па катэхізацыі, святароў, кансэкраваных асоб і семінарыстаў, Пантыфік заўважыў, што сёння недастаткова знайсці новую мову, каб казаць аб вечнай веры, але трэба “выказаць тое новае ў Хрыстовым Евангеллі, што, хоць і заключана ў Божым слове, яшчэ не выйшла на свет”.

Па словах Святога Айца, “уся сутнасць дактрыны і вучэння” павінна быць скіравана да бясконцай любові Бога. Заўсёды і ва ўсім павінна выяўляцца любоў Пана. У гэтым кантэксце ён пажадаў, каб у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла належнае і адпаведнае месца заняла тэма смяротнага пакарання. “Трэба з рашучасцю сцвердзіць, што асуджэнне на смяротнае пакаранне – гэта нечалавечая мера, якая прыніжае, у пэўным сэнсе пераследуе чалавечую годнасць. Само па сабе яно супрацьлеглае Евангеллю, таму што рашэнне спыніць чалавечае жыццё, заўсёды святое ў вачах Творцы, апошнім і сапраўдным суддзёй і гарантам якога з’яўляецца толькі Бог, прымаецца свядома”, — сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб у ніводнага чалавека, нават забойцы, не забіралася яго годнасць, таму што Бог – гэта Айцец, Які заўсёды чакае вяртання свайго сына, які, ведаючы, што ўчыніў памылку, просіць прабачэння і пачынае новае жыццё. “Ніхто, такім чынам, не можа быць пазбаўлены не толькі жыцця, але і магчымасці маральнага і экзістэнцыяльнага адкуплення”, — падкрэсліў ён.

Папа прызнаў, што ў мінулым зварот да гэтай “крайняй і нечалавечай меры” быў прадыктаваны адсутнасцю “грамадскай сталасці і інструментаў абароны”. Так адбывалася і ў Папскай дзяржаве, пагарджаючы першаснасцю міласэрнасці над справядлівасцю, сказаў Францішак.

“Прымем на сябе адказнасць за мінулае і прызнаем, што гэтыя сродкі дыктаваліся больш легалістычным, чым хрысціянскім мысленнем. Клопат аб захаванні непарушнасці ўлады і матэрыяльных багаццяў прывёў да пераацэнкі каштоўнасці закона, перашкаджаючы пранікаць глыбей у разуменні Евангелля. У той час, быццё нейтральнымі перад новымі патрабаваннямі ў абароне асабістай годнасці сёння зробіць нас яшчэ больш вінаватымі”, — лічыць Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што тут няма супярэчнасці з мінулым вучэннем Касцёла, бо Касцёл заўсёды бараніў чалавечае жыццё ад пачатку да натуральнай смерці, аднак, менавіта “гарманічнае развіццё дактрыны” патрабуе “пакінуць аргументы, якія здаюцца безумоўна супрацьлеглымі новаму разуменню рэчаіснасці”. На заканчэнне сваёй доўгай прамовы Папа Францішак падкрэсліў, што “скарб веры” не з’яўляецца нечым “статычным”, а Святы Дух працягвае прамаўляць да Касцёла, які павінен уважліва Яго слухаць.

Ватыканскае радыё