НАВIНЫ

Якая розніца паміж свецкасцю і лайцызмам?

Якая розніца паміж свецкасцю і лайцызмам?

Мы ўжо прызвычаіліся да навін пра тое, як жыхарам некаторых еўрапейскіх краін, пад пагрозай звальнення, забараняюць насіць на працы нацельныя крыжыкі. Мы даведваемся пра шакуючыя факты, як бацькоў саджаюць у турмы ці пазбаўляюць бацькоўскіх правоў за тое, што не дазваляюць уласным дзецям наведваць заняткі па палавым выхаванні, падчас якіх настаўнікі вучаць жыць насуперак хрысціянскай этыцы. Мы ўжо звыкліся з судовымі пазовамі супраць устаноў, у якіх прысутнічаюць рэлігійныя сімвалы, хоць яны тут знаходзіліся спрадвеку. Нас не здзіўляе прымушэнне каталіцкіх медыцынскіх інстытутаў распаўсюджваць кантрацэптыўныя сродкі ці рабіць аборты, і прызнанне медыкаў, якія не згаджаюцца на гэта, не прыгоднымі з прафесійнага пункту гледжання. Не будзем казаць пра тое, што ўзгадванне пра Бога і рэлігійныя каштоўнасці ў публічнай сферы выклікаюць супраціў і асмейванне. Цікава, што ўсё гэта здзейсняецца ў імя свабоды і роўнасці паміж людзьмі. Але, што гэта такое на самой справе? З чым даводзіцца мець справу хрысціянам – са свецкасцю ці агрэсіўнай формай атэізму? Пра гэта мы пагаворым у сённяшняй праграме.

У нашу эпоху для большасці людзей свецкасць з’яўляецца сінонімам секулярызма. Відавочна, што ўсё больш пашыраецца ментальнасць, натхнёная лайцызмам – ідэалогіяй, якая паступова, больш ці менш свядома, вядзе да абмежавання рэлігійнай свабоды аж да зневажання і ігнаравання рэлігіі, звязваючы веру выключна з прыватнай сферай і перашкаджаючы яе публічнаму вызнанню. Лайцызм – гэта не элемент нейтральнасці, які спрыяе свабодзе ўсіх, гэта ідэалогія, якая навязваецца праз палітычныя рашэнні і не дае рэлігійнаму пункту гледжання месца ў публічнай прасторы. Рэлігія для ідэалогіі лайцызма – гэта выключна прыватная справа. Ідэалогіі не прадугледжваюць плюралізму, і таму, з боку лайцызма не існуе талерантнасці ў адносінах да праяваў рэлігійнасці.

Такім чынам, мы знаходзімся перад абліччам дыктатуры вузка-натуралістычнай канцэпцыі жыцця, у якой рэлігійныя каштоўнасці ці цалкам адмаўляюцца, ці абмяжоўваюцца прыватнай сферай або сценамі культавых будынкаў, без права ўплываць на публічнае жыццё чалавека: яго філасофскую, юрыдычную, навуковую, мастацкую, эканамічную, сацыяльную, палітычную дзейнайсць. У дадзенай сітуацыі мы маем справу з адной з форм атэізма, які адкрыта варожа ставіцца да любых праяваў рэлігіі, абураецца кожны раз, калі Касцёл уздымае голас адносна дабра і зла ў жыцці грамадства і палітычнай дзейнасці. 

Паводле ідэалогіі лайцызма, у публічным жыцці, дзе прысутнасць чалавека натуральная, не можа існаваць звароту да звышнатуральнай праўды і этыкі, якая базуецца на ёй. У той жа час, супрацоўніцтва паміж свецкім і рэлігійным з’яўляецца важным. Свецкая і рэлігійная ўлады існуюць аўтаномна, але іх аб’ядноўвае жаданне працаваць на карысць аднаго і таго ж чалавека. Касцёл, маючы вялікі досвед у чалавечых справах, жыцці людзей і іх дабрабыце, прапануе пэўныя прынцыпы і каштоўнасці, накіраваныя на дабро асобы. Яны грунтуюцца на натуральным законе – законе, які не можа быць аспрэчаны большасцю галасоў. Бэнэдыкт XVI называў яго “каштоўнасцямі, якія не абмяркоўваюцца”. Гэтыя каштоўнасці грунтуюцца на прыродзе рэчаў, і чалавечы розум здольны іх распазнаць. Калі палітычнай дзейнасць не абапіраецца на вышэйшых прынцыпах, асветленых інтэгральным бачаннем чалавека, яна пачынае імкнуцца да неадэкватных, а часам і незаконных мэтаў. Мы гэта бачылі і працягваем бачыць у шматлікіх дыктатутар: ад чалавеканенавісных дыктатур ХХ ст., а да актуальнай дыктатуры лайцызма.

Пазнанне натуральнага маральнага закону ўласціва чалавеку, які ўваходзіць у глыбіню самаго сябе і, становячыся перад абліччам уласнага лёсу, пытаецца ў сябе пра ўнутраную логіку сваіх самых глыбокіх памкненняў. Часам іх разуменне можа быць няпоўным, але магчыма распазнаць прынамсі іх галоўныя накірнукі. 

Гаворка ідзе пра супольны этычны закон, які, няглядзечы на культурныя адметнасці людзей, дазваляе ім разумець адно аднаго ў сферы самых галоўных аспектаў дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці. Лайцызм, аднак, не прадугледжвае гэтага. Дзе дабро, а дзе зло, у лайцызме вырашаецца з дапамогай галасавання.  

Канцэпцыя рэлігійнай свабоды і здаровай свецкасці несумяшчальныя з ідэалогіяй лайцызму. У свецкай дзяржаве чалавек павінен мець магчымасць сам  прымаць або не прымаць рэлігійныя погляды, мець свабоду жыць паводле іх і сведчыць пра іх у розных сферах самаго грамадства, не навязваючы іх іншым. Такую свецкасць Касцёл падтрымлівае і лічыць яе каштоўнасцю, набытай на працягу гісторыі. Яе вернікі павінны бараніць. Лайцызм, у сваю чаргу, пагражае адзінству жыцця хрысціяніна, для якога абсурдна і паталагічна раздзяленне каштоўнасцяў у прыватным і грамадскім жыцці. 

Свецкасць – гэта мірнае паняцце, у той час яе лайцызм – ваяўнічае. Свецкасць натхняе на дыялог, а лайцызм – на супрацьстаянне. Свецкасць нараджае плюралізм, а лайцызм – дамінаванне адной з ідэяў. Іншымі словамі, свецкасць прадугледжвае існаванне разнастайнасці поглядаў, а лайцызм манапалізуе грамадства без Бога.