НАВIНЫ

Чаму Ватыкан не прадасць усе свае “багацці” і не раздасць грошы бедным?

Вельмі часта ў адрас Касцёла можна пачуць прыкладна такія правакацыйныя словы: “Вы пастаянна кажаце пра любоў, міласэрнасць і дабрачыннасць, але ў Ватыкана столькі багаццяў – чаму б не прадаць іх усе і не раздаць грошы бедным?”. Каб адказаць на гэта пытанне, неабходна спачатку скіраваць яго да сябе: чаму я не прадам ўсё, што маю, і не раздам атрыманых грошай патрабуючым? Напэўна, адказ будзе чаканым: таму што я павінен на нешта жыць, павінен думаць пра будучыню, патрэбы свае і сваіх блізкіх. Тое ж тычыцца і Ватыкана. Калі прадаць усё, што тут захоўваецца, то існаванне цэлай дзяржавы будзе пастаўлена пад сур’ёзнае пытанне. 

Існаванне Ватыкана з’яўляецца важным, бо гэта дапаможная суверэнная тэрыторыя Апостальскай Сталіцы. Тут пражывае і працуе Папа, дзейнічаюць шматлікія структуры, якія дапамагаюць Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам – гэта Дзяржсакратарыят і дыкастэрыі, якія адказваюць за пытанні, звязаныя з веравучэннем, арганізацыяй місій, дабрачыннай дзейнасцю, працай Касцёла ў адукацыйнай і медыцынскай сферах і многіх іншых.

Узгадаем, што Ватыкан патрабуе прынамсі мінімальнай бяспекі, якую гарантуе жандармерыя і маленькае папскае войска – Швейцарская гвардыя. У Ватыкане  неабходна сачыць за парадкам і чысцінёй вуліц, плошчаў, садоў і працай камунальных камунікацый. На тэрыторыі гэтай дзяржавы знаходзяцца ўнікальныя манументальныя пабудовы – базылікі, касцёлы, капліцы, помнікі, якія таксама патрабуюць дагляду, рэстаўрацыі і прафесійнага клопату. 

Акрамя таго, на плошчы св. Пятра часта праводзяцца рэлігійныя мерапрыемствы і ўрачыстыя цэлебрацыі, у якіх прымаюць удзел нават да 1 млн. чалавек. Уявім сабе, колькі трэба прыкласці намаганняў, а таксама задзейнічаць чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, каб падрыхтавацца да іх – устанавіць алтар, раставіць крэслы, наладзіць гукаўзмацняльнае абсталяванне, захаваць нормы бяспекі.

Важнай з’яўляецца таксама праца ватыканскіх сродкаў масавай камунікацыі, такіх як: Ватыканскае радыё, Ватыканскі тэлевізійны цэнтр і газета “L’Osservatore Romano”. Яны не з’яўляюцца прыбытковымі ці камерцыйнымі, і таму таксама фінансуюцца з бюджэту. На дзейнасць гэтых структур вылучаецца найбольшая частка ватыканскага бюджэту. Тут штодзённа працуюць сотні людзей і справядліва, што за сваю працу яны атрымліваюць заробак. 

Паспрабуем уявіць, што стане, калі прынамсі на адзін год спыніць функцыянаванне ўсіх інстытутаў, пра якія мы казалі вышэй ці звольніць усіх гэтых людзей, таму што плаціць ім больш няма чым. 

Як вядома, грошы не падаюць з неба і таму Ватыкану, для ўсёй сваёй дзейнасці,  неабходна іх браць з розных крыніцаў. Першая з іх – гэта менавіта так званыя “ватыканскія багацці”, а дакладней скарбы Ватыканскіх музеяў. Гаворка ідзе пра адзін з самых вялікіх музейных збораў у свеце. Даход ад продажу уваходных білетаў сюды – гэта адна з галоўных крыніц фарміравання бюджэту Ватыкана. Напрыклад, у 2011 г., Ватыканскія музеі прынеслі каля 90 млн. еўра. Але нягледзячы на дастаткова высокі кошт уваходных білетаў, а таксама пастаяннае павелічэнне колькасці наведвальнікаў Ватыканскіх музеяў, нават гэтых грошай на ўтрыманне цэлай дзяржавы далёка недастаткова.  

Існуюць і іншыя крыніцы папаўнення бюджэту: галоўным чынам, гэта ахвяраванні вернікаў і дабрачынных фондаў. Яны ідуць не толькі на ватыканскія патрэбы, але таксама на рэалізацыю дабрачыннай дзейнасці Касцёла і функцыянаванне структур Апостальскай Сталіцы. Напрыклад, спецыяльна для гэтых мэтаў адзін раз у год ахвяраванні збіраюцца ва ўсіх парафіях свету. Гэта адбываецца ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Варта адзначыць, што такія ахвяраванні не могуць збірацца пастаянна, бо вернікі ў розных частках свету маюць свае, мясцовыя патрэбы: ім неабходна клапаціцца пра матэрыяльнае ўтрыманне ўласных дыяцэзій, парафій, каталіцкіх школ, шпіталёў, правядзенне дабрачынных і евангелізацыйных ініцыятыў. 

Дапамагаюць у задавальненні фінансавых патрэбаў Ватыкана таксама Ватыканскі банк і Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы, якая атрымлівае прыбытак ад эксплуатацыі ўласнасці Святога Пасаду на тэрыторыі Італіі і іншых краін свету.

Але і гэтых сродкаў недастаткова. Як паказваюць штогадовыя справаздачы аб фінансавай дзейнасці, бюджэт Ватыкана працягвае заставацца дэфіцытным. Таму прыкладаюцца вялікія намаганні, каб паменшыць выдаткі і аптымізаваць дзейнасць усіх ватыканскіх структур. 

Відавочна, што шматлікія каштоўныя скарбы ў Ватыкане, якія захоўваюцца, напрыклад, у Ватыканскіх музеях, з’яўляюцца дастаяннем усяго чалавецтва, а ватыканскі бюджэт не такі вялікі, як гэта ўяўляюць большасць людзей. На самой справе, яго можна параўнаць з бюджэтам парламенту якой-небудзь не самай багатай у свеце краіны, а тыя, хто кажа пра міфічнае “багацце Ватыкана”, проста не ведае сапраўднага стану рэчаў.