НАВIНЫ

 

 

GARBĖ JĖZUI KRISTUI! ПАХВАЛЁНЫ ЕЗУС ХРЫСТУС! ВІТАЕМ,ВАС, НА ПАРТАЛЕ ПАРАФІІ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ Ў ГЕРВЯТАХ!

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

Пан Бог дае нам чарговы Адвэнт у нашым жыцці. Гэта новы час, калі мы будзем не толькі чакаць, але і пазнаваць любоў, аб’яўленую ў Езусе Хрысце. Гэта час, які павінен мабілізаваць нас да абуджэння чуйнасці і падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам, які адкрыў нам неба і прыйдзе зноў, як абяцаў. Аднак мы не ведаем, калі гэта станецца. Не ведаем ні часу Яго паўторнага прыйсця ў свет, ні прыйсця ў дзень нашай смерці. Таму трэба, каб наша жыццё было цярплівым, а разам з тым поўным даверу чаканнем.

Пан Езус шматразова даваў нам зразумець, што ў нашым чаканні Яго прыйсця мы не можам быць пасіўнымі і млявымі. Таму таксама патрэбна вялікая чуйнасць, каб не праспаць хвіліны Яго прыйсця, і вялікае старанне, каб быць добра падрыхтаваным.

Сёлетні Адвэнт мы перажываем у вельмі цяжкі час пандэміі каранавірусу, які з’яўляецца для нас часам вялікага выпрабавання. Мы не можам нармальна функцыянаваць. Не заўсёды можам наведваць нашых блізкіх, асабліва пажылых бацькоў, бабуль і дзядуляў. Не можам адчуць цеплыні і радасці ад супольнага прабывання разам, а падчас літургіі не можам падаць адзін аднаму руку, перадаючы знак супакою. Мы здаем цяжкі экзамен, найперш у веры і надзеі, а затым у іх плёне – канкрэтнай любові да бліжняга, салідарнасці, адказнасці і чуласці да патрэбаў іншых.

чытать далей
Зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі

Зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі

 

Наша бацькаўшчына Беларусь ужо чацвёрты месяц знаходзіцца ў нябачным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе, які, на жаль, паглыбляецца. Насілле не спыняецца, надалей праліваецца кроў, грамадства падзелена. Гэта не прадвяшчае нам шчаслівай будучыні, бо, як казаў Хрыстус, дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць (пар. Мц 12, 25).

Цяжка паверыць, што такое адбываецца ў нашай міралюбнай краіне, вядомай сваёй талерантнасцю і згодай паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.

Каталіцкі Касцёл, кіруючыся Евангеллем і пабудаваным на ім сацыяльным вучэннем, выказваецца супраць насілля, беззаконня, несправядлівасці і няпраўды і асуджае іх. Касцёл заклікае да мірнага вырашэння ўзніклых праблем шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў.

Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту Папы Францішка, скіраванага ім пасля малітвы «Анёл Панскі» 13 верасня 2020 г. да дзяржаўных уладаў. У ім Пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскай свабоды.

Пры гэтым мы хочам падкрэсліць, што галоўная мэта Касцёла — абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу. Таму Касцёл не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.

У гэты лёсавызначальны час гісторыі нашай бацькаўшчыны, як навучаў святы апостал Павел, мы павінны несці цяжар адзін аднаго (пар. Гал 6, 2), аказваць узаемную падтрымку і салідарнасць дзеля будавання згуртаванай, а не падзеленай Беларусі.

Звяртаемся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам працягваць узносіць свае малітвы ў інтэнцыі хуткага і мірнага вырашэння крызісу, бо благаслаўлёныя міратворцы і тыя, хто імкнецца да справядлівасці, як кажа Хрыстус. Няхай дабро пераможа зло.

Мір і дабро табе, наша бацькаўшчына Беларусь!

 

Каталіцкія біскупы Беларусі

 

 

 

Мінск, 25 лістапада 2020 г.

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь

Зварот
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь

Я звяртаюся да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях.

Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня.

Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32–36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае „так-так“, „не-не“. А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал — чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусні (пар. Ян 8, 44).

Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле.

Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу — магчыма, нават не адно пакаленне — спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя знявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!

Таму перад намі цяжкі і няпросты шлях пакаяння, духоўнага і маральнага ачышчэння, без чаго немагчыма пераадоленне грамадска-палітычнага крызісу.

У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў.

Няхай Міласэрны Бог прыме ў сваё Валадарства ахвяраў гэтай нацыянальнай трагедыі. Няхай аздаравіць параненых. Няхай суцешыць смуткуючых. Няхай адорыць міралюбны і памяркоўны беларускі народ сваім супакоем. Няхай умацуе ў ім дар любові да бліжняга, каб дабром перамагаць зло.

Апякунка Беларусі Маці Божая Будслаўская, ахоўвай і абараняй нас.

З малітваю аб дабры для нашай Бацькаўшчыны і хутчэйшым вырашэнні канфлікту,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 14 жніўня, 2020 г.

Кожнаму Беларусу! Мы былі, Мы ёсць, Мы будзем! Нас не трэба ствараць на нова! Мы маем сваю мову, сваю гісторыю, сваю культуру, сваю зямлю.Усё гэта нам даў не чалавек. Такімі бачыў нас Бог, калі тварыў Зямлю і ўвесь сусвет.І тут няма ніякай палітыкі.

Гервятский костёл Святой Троицы вновь открыт для посещения.

Наших посетителей, дабы они всегда были уважаемыми, просим помнить, что это не музей, не ботанический сад и не концертный или выставочный зал. ЭТО ДЕЙСТВУЮЩИЙ КАТОЛИЧЕСКИЙ ХРАМ! Порядок и меры приличия обязательны для всех.
 

Если вы собрались на пляж - это не означает, что по дороге можете сделать фотосессию в храме. Тут обязывает соответствующий дрес.
 

Если вы венчались в Православном храме или вообще не венчались - уважайте внутренние порядки и учение Католической Церкви.


Требуя чего то у нас вспомните: приняли ли вы хоть какое то участие в содержании храма, сада и площади Апостолов!

Наш храм и вся его территория содержится только на пожертвования людей доброй воли. Здесь служат такие же люди как Вы!

 

Наш храм и его территория открыты для посещения каждый день с 9.00 до 21.00. Вход на территорию храма в нетрезвом состоянии, с собаками и т.д. запрещён! Коммерческие съёмки ( Крещения, Венчания) и т.д. согласовываются с натоятелем.
Справедливости и благосостояния храма ради, мы просим за это оставить пожертвование для храма. Благодаря этому наш храм содержится.

 

Католическая Церковь имеет учение о нерушимости Брака. Если Вы заключили брак во второй и т.д. раз и приехали в храм для фото сессии, вам в этом может быть отказано.

Біскуп Гродзенскі працягнуў для вернікаў дыяцэзіі час на выкананне абавязку Велікоднай Камуніі і споведзі0

Паведамленне аб падаўжэнні перыяду споведзі і Велікоднай святой Камуніі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу

Шаноўны ксёндз пробашч,

У сувязі з тым, што працягваецца эпідэмія каранавірусу COVID-19, на 78-м Надзвычайным пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (25 мая 2020 г.) было прынята рашэнне падоўжыць у бягучым годзе час, калі можна выканаць абавязак прыступіць да споведзі і Велікоднай святой Камуніі, што вынікае з касцёльнага наказу.

Згодна з рашэннем ККББ, у бягучым годзе вернікі дыяцэзій на Беларусі змогуць прыступаць да споведзі і Велікоднай святой Камуніі да 15 жніўня.

Прашу ксяндза пробашча праінфармаваць вернікаў аб рашэнні ККББ, а таксама нагадаць ім пра абавязак прыступіць да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, згодна з патрабаваннямі касцёльнага наказу.

З пастырскім благаслаўленнем

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 26 мая 2020 г.

Літургія Вялікага Тыдня у гервяцкім касцёле

 

Са святкавання Пальмовай нядзелі ў католікаў распачынаеца Вялікі тыдзень, які дае магчымасць хрысціянам належным чынам падрыхтавацца да важнейшага гадавога свята — Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыстуса.

 

Вялікі чацвер (9 красавіка).  Літургія у 19.00 гадзін.

Падчас вячэрняй Святой Імшы ўзгадваюць Вячэру Пана і ўстанаўленне сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства. 

 

У касцёлах у гэты вечар пераносяць Найсвяцейшы Сакрамант у спецыяльна падрыхтаваны алтар, які сімвалізуе цямніцу, дзе знаходзіўся Езус пасля арышту ў Гефсіманскім садзе. З галоўнага алтара ў храмах здымуць абрусы, а табэрнакулюм (месца для захоўвання Найсвяцейшага Сакраманту) застанецца пустым і прыадчыненым аж да ўрачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі падчас Пасхальнай вігіліі. 

 

Вялікая пятніца (10 красавіка). Літургія у 19.00 гадзін.

А трэцяй гадзіне дня ў першую Вялікую пятніцу Езус, распяты на крыжы, сканаў. Гэты час называецца "гадзінаю міласэрнасці".

 

На Літургіі ўзгадваюць асабліва значныя падзеі, на якіх грунтуецца хрысціянская вера: смерць Езуса Хрыстуса, без якой не было б Яго змёртвыхпаўстання і збаўлення свету.

У гэты дзень у храмах не гараць свечкі, маўчаць арганы і званы. Адкрыты пусты табэрнакулюм, у якім адсутнічае Найсвяцейшы Сакрамант (перанесены ў "вязніцу"), сведчыць: Езус памёр. Святой Імшы няма (такое бывае аднойчы на працягу ўсяго літургічнага года). Між тым вернікі могуць прыняць Камунію.

 

У пачатку набажэнства ў цішыні святар-цэлебрант і яго асістэнты выходзяць да галоўнага алтара і распрасціраюцца перад ім на падлозе ўніз тварам. Усе вернікі ў гэты час укленчваюць.

 

Пасля першага і другога чытанняў гучыць апісанне Мукі Пана з Евангелля паводле святога Яна. Калі чытаюцца словы аб смерці Езуса, усе становяцца на калені. Прамаўляецца ўрачыстая малітва вернікаў за Касцёл, за тых, хто рыхтуецца да хросту, за еднасць хрысціян, за габрэяў, за тых, хто не верыць у Бога, за кіраўнікоў дзяржаў, за церпячых.

 

Адметная частка набажэнства — ушанаванне Крыжа з распяццем Езуса Хрыстуса. Крыж з'яўляецца знакам цярпення, збаўлення і надзеі. Святар паступова здымае з яго цёмнае покрыва. Тройчы прамаўляе: "Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету". Вернікі адказваюць: "Пойдзем з паклонам". Пазней будуць цалаваць распяцце — гэты рытуал паказвае любоў да Бога і дапамагае ўсвядоміць, што кожнаму трэба гэтак жа пакорліва, як і Сыну Божаму, несці свой крыж.

 

 

Вялікая субота (11 красавіка). Урачыстая Вігілія Пасхі. Літургія у 20.00 гадзін.

Асвячэнне страў на велікодны стол:

                                                      12.00 -        Гервяты

                                                    13.00 - Гірі

                                                        13.30 - Рімдзюны

                                                        14.00 - Завельцы

                                            

 

На працягу дня ў касцёлах не здзяйсняюцца Літургіі, толькі чытаюцца літургічныя гадзіны. Традыцыйна асвячаюцца яйкі, соль і ежа для Велікоднага стала.

 

Выконваецца абрад бласлаўлення агню і Пасхалу. Побач з касцёлам распальваюць вогнішча, ад яго полымя запальваюць велікодную свечку, якая сімвалізуе святло Хрыстуса. На Пасхале святар выводзіць крыж, піша літары альфа і амега, прамаўляе: "Хрыстус Учора і Сёння, Пачатак і Канец, Альфа і Амега. Яму належыць час і вечнасць, Яму хвала і валадарства праз усе вякі вечныя. Амэн". Замацоўвае на воску пяць "зерняў" ладана ва ўспамін пра пяць ран Езуса на крыжы. Затым Пасхал нясуць у касцёл і ад яго запальваюць свечкі вернікі. У спеве Exsultet абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана. Гучыць урачыста: "Аллелюя! Хрыстус уваскрос!"

 

У Літургіі Слова падчас Святой велікоднай Вігіліі ўзгадваюць пра падзеі і цуды, якія па волі Божай адбываліся на працягу многіх стагоддзяў. Гучаць псалмы і малітвы.

 

Важная частка ўрачыстасці — Літургія хросту з правядзеннем абраду хрышчэння. Вернікі аднаўляюць абяцанні хросту.

Святар, прамаўляючы спецыяльную малітву, бласлаўляе ваду (пасля набажэнства парафіяне набіраюць яе ў асабісты посуд і нясуць дадому, каб акрапіць памяшканні, пабудовы).

 

Нядзеля, (12 красавіка), раніцай пачнецца Велікоднае набажэнства — у 8 гадзін.

У пачатку Святой Імшы, якая называецца рэзурэкцыяй (лац. resurrectio — уваскрасенне), парафіяне са святарамі пройдуць вакол касцёла ва ўрачыстай працэсіі, аб пачатку якой апавясцяць касцельныя званы.

 

Панядзелак, (13 красавіка), Велікоднае набажэнства - у 12.00 гадзін.

Обращение епископа Гродненской католической епархии Александра Кашкевича к прихожанам

Паведамленне Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

ПАВЕДАМЛЕННЕ ПАСТАЯННАЙ РАДЫ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Cучасны свет вельмі моцна заклапочаны выкліканай пандэміяй каранавірусу складанай сітуацыяй, якая закранае таксама і Беларусь. У гэты час новых выпрабаванняў выказваем усім вам нашу блізкасць і запэўніваем у малітве ў інтэнцыі прадухілення гэтай заразнай хваробы і ахвяр, да якіх яна можа прывесці.

Багатая гісторыя Касцёла сведчыць аб тым, што ён заўсёды заставаўся са сваімі вернікамі і служыў ім, у тым ліку і падчас эпідэмій, перш за ўсё духоўнай і гуманітарнай дапамогай. Як шпіталь лечыць хваробы цела, так Касцёл лечыць хваробы душы.

Так склалася, што каранавірусная інфекцыя была прызнана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй падчас Вялікага посту — перыяду малітвы і навяртання.

Гэтая эпідэмія яшчэ раз паказвае, што, нягледзячы на ашаламляльныя дасягненні ў медыцыне, усё яшчэ існуюць хваробы, у якіх яна — мы верым, што толькі часова, пакуль не будзе знойдзена адпаведная вакцына, — бяссільная. Чалавек, які ў сучасным секулярным свеце ўявіў сябе «богам», яшчэ раз пераконваецца, што такім не з’яўляецца. У гэтай перспектыве Вялікі пост павінен стаць благаслаўлёным часам для перамены нашага жыцця.

Трагедыя сусветных маштабаў, што адбываецца на нашых вачах, у якой чалавек адчувае сябе бездапаможным, сведчыць аб тым, што, выкарыстоўваючы дасягненні медыцыны і клопат супрацоўнікаў службы аховы здароўя і адпаведных грамадскіх інстытутаў, якім Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць і моліцца за іх, неабходна таксама шукаць дапамогі ў Бога. Нездарма ёсць нават прыказка: «Як трывога, то да Бога».

Таму неабходна аб’яднаць малітву з намаганнямі медыкаў і адказных за грамадскі парадак, а таксама падпарадкавацца іх прадпісанням і рэкамендацыям, каб эфектыўна супрацьстаяць гэтаму небяспечнаму выкліку, якім з’яўляецца пандэмія каранавірусу.

Як веруючыя людзі, мы спадзяемся на Божую дапамогу, але разам з тым не можам спакушаць Бога: патрэбныя і нашыя высілкі. Вельмі добра пра гэта нагадвае Евангелле першай нядзелі Вялікага посту. Калі д’ябал прапанаваў Езусу кінуцца ўніз з высокай святыні, бо, маўляў, анёлы не дазволяць Яму разбіцца, то Хрыстус адказаў, што нельга выпрабоўваць Бога (пар. Мц 4, 5–7).

Малітва і давер да Бога павінны ісці поплеч з намаганнямі спецыялістаў для перамогі ў гэтай барацьбе. Вера ў Бога і давер да Яго не супярэчаць таму, каб мы карысталіся дадзеным нам Стварыцелем дарам розуму і разважліва паступалі. Абмежаванні ў арганізацыі мерапрыемстваў з вялікай колькасцю людзей і ўдзелу ў іх у цяперашняй сітуацыі пандэміі каранавірусу — гэта не абмежаванне свабоды чалавека, а праява міласэрнасці да бліжняга, каб нікога не заразіць небяспечнай хваробай.

Беручы пад увагу сказанае вышэй, з мэтай прадухілення гэтай эпідэміі ў дапаўненне да Распараджэння Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 13 сакавіка 2020 г. Сталая Рада пасля кансультацый з зацікаўленымі беларускімі біскупамі рэкамендуе наступнае:

1. Дыяцэзіяльным біскупам, згодна з кан. 87 § 1, кан. 1245 і кан. 1248 § 2 Кодэксу Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, удзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і тым, хто адчувае страх заражэння.

2. Адначасова, калі дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца ці хвароба, прымаць удзел у нядзельных і святочных Імшах і іншых, асабліва велікапосных, набажэнствах.

3. Тых, хто карыстаецца дыспенсай або з важнай прычыны ці па стану здароўя не можа фізічна ўдзельнічаць у святой Імшы, далучацца да яе з дапамогаю радыётрансляцыі з мінскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі па нядзелях на першай праграме Беларускага радыё ў 8.15, а таксама відэатрансляцыі на інтэрнэт-партале Catholic.by у 8.15, 10.00, 11.30, 13.00 і 18.30, або ў іншых сродках масавай камунікацыі.

Партал Catholic.by прадугледжвае таксама тэлетрансляцыі св. Імшы з мінскай архікатэдры па буднях у 7.15, 8.00 і 18.30.

4. Пры немагчымасці ўдзелу ў св. Імшы маліцца дома і прымаць духоўную св. Камунію. Святарам неабходна растлумачыць вернікам, як гэта можна зрабіць.

5. Кожны дзень у сем’ях ці асабіста ў гадзіну Божай Міласэрнасці ў 15.00 маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, і (або) у 20.30 святы Ружанец, каб супольна ахінуць усю краіну гэтымі традыцыйнымі для нашага народа малітвамі. Калі па важных прычынах прапанаваны час не адпавядае, то можна ўключыцца ў малітву ў любы іншы час.

6. Святарам так арганізаваць споведзь у касцёлах і месцах, дзе знаходзяцца хворыя і інваліды, каб кожны мог паяднацца з Богам, Касцёлам і бліжнімі.

7. Структурам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на ўсіх узроўнях аказваць дапамогу патрабуючым, асабліва закранутым хваробай каранавірусу і тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі.

8. Усім няўхільна выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку.

9. Пробашчам парафій, кіраўнікам іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця разважліва падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных, катэхетычных і іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання пастырскай неабходнасці іх правядзення падчас эпідэміі і разгледзець магчымасць іх адмены або перанясення на іншы час.

10. Не паддавацца паніцы, якая не з’яўляецца добрым дарадчыкам, але, як належыць людзям веры, даверыцца Міласэрнаму Богу, а таксама лекарам, якія з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках, і адказным за захаванне грамадскага парадку.

11. Пададзеныя ў гэтым Паведамленні рэкамендацыі абавязковыя да іх адмены.

Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі давярае ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, апекуна ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляе ў імя Айца, + і Сына, і + Духа Святога. Амэн. 

Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 19 сакавіка 2020 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа